Выбрать главу

Пэўна, што так. Гэта будзе — здрада, не іначай.

Але як жа яно выходзіць? Ён даваў ім грошы, ён даваў ім парады, ён штурхнуў іх на гэты паскудны шлях кулацкага абжывання, а цяпер, ратуючы сваю шкуру, адвернецца ад іх, кіне іх — старых, нядужых — на волю невядомага лёсу? А ці ж гэта таксама не будзе подлая, агідная здрада?..

Як пагадзіць гэтую дзікую супярэчнасць? Няўжо яму няма ўжо выйсця? Няўжо яму астаецца адно — ісці далей па лініі бруднага ашуканства, падманваць партьпо, хаваць ад яе свае новыя злачынствы, як хаваў дасюль старыя грахі?

Ці, можа, лепей ашукаць бацькоў? Можна, напрыклад, ім напісаць, што яго пасылаюць на працу куды-небудзь у іншы раён Савецкага Саюза, што ён не ведае яшчэ свайго новага адраса і г. д. Абы пазбавіцца ад страшных гэтых лістоў, якія, безумоўна, будуць і далей сыпацца на яго раптоўнымі ўдарамі, трымаючы яго скрозь пад лютай няўхільнай пагрозай. А хоць напісаць, што «я з вамі, кулакамі, не маю нічога супольнага, не лічыце мяне больш за сына, таксама як я не лічу вас за бацькоў...».

Карызна здрыгаецца ад аднае думкі пра гэта.

Не, ён яшчэ не дайшоў да гэтага, у яго не хопіць адвагі на такую подласць, бо на подласць, як і на геройства, трэба таксама адвага.

Так і не знайшоў быў Сымон Карызна ніякага выйсця з цяжкога свайго неўразумення, адно заблытаўся яшчэ больш у чорнай немарачы глухіх супярэчнасцей.

З гэткім настроем прыждаў Карызна таго «гістарычнага» ў сівецкім маштабе партыйнага сходу, на якім абмяркоўвалася пытанне іхняе спрэчкі з Зеленюком.

Карызна скрозь удаваў, што ён не надае асаблівае значнасці гэтаму пытанню, нават не дазволіў склікаць дзеля яго спецыяльнага пазачарговага сходу ячэйкі, і, такім чынам, ад іхняе гутаркі з Зеленюком да партыйнага сходу прайшло блізка тыдня. Праз гэты тыдзень ён, сам таго не ўсведамляючы, збіраў у сабе ўсю сваю злосць, усе свае прыкрасці, чым бы яны ні выклікаліся; стаўпляў іх унутры, каб потым пераліць усё гэта — мо несвядома, мо супроць волі — у варожае пачуццё да аднаго чалавека.

У практыцы партыйнае работы ў Сіўцы не было яшчэ выпадку, каб сход ячэйкі сабраў быў навокал сябе такую пільную напружаную ўвагу ўсяго жыхарства. Гэтага сходу чакалі ўсе: і партыйныя, і беспартыйныя, і прыяцелі партыі, і ворагі, і сур'ёзныя людзі, і скалазубы. Адны чакалі з шчырай турботай аб справе, другія — з пустым мяшчанскім цікаўствам, трэція — з варожай злараднасцю. За выключэннем апошніх, якіх больш радаваў сам факт спрэчкі сярод камуністаў, чымся яго вынікі, усе іншыя спачувалі Зеленюку, цягнулі яго руку, хоць часам і не ведалі самае сутнасці справы. Гэта была дэманстрацыя таго нездаволення, якое паволі, але неадступна ўзнімалася супроць Сымона Карызны.

Ён сам ведаў пра гэта і, сціскаючы кулакі, пагражаў:

— Чакайце, даражэнькія. Яшчэ пабачым, хто чаго варты!

Напярэдадні сходу да Карызны прыходзіў Якуб Лакота. Ён доўга гаварыў сваім ціхім разбітым голасам, тлумачыў, чаму яны наважылі зрабіць свой калектыў, якая з гэтага будзе карысць. Як і Зелянюк тады, ён перасцерагаў, што не дазволіць гэтага,— значыць, загубіць усю справу. Ён намякнуў і на тое, што, як відаць па ўсім, уся гэтая звадка не пойдзе на карысць партыі, што яна дэзарыентуе ячэйку.

З пашаны да былога партызана і чырвонагвардзейца Карызна спакойна выслухаў яго да канца, але зразумеў так, што гэта яго падаслаў Зелянюк, не іначай, і закіпеў яшчэ горшаю злосцю. Якубу ж адказаў далікатна, але вельмі суха, што ягоныя меркаванні возьме на ўвагу.

Быў яшчэ адзін чалавек, які ледзь стрымліваў у сабе настойнае жаданне пайсці да яго і ў гарачай шчырай размове адкрыць яму вочы, паказаць яму тое, чаго ён не бачыць ці не хоча бачыць, затрымаць яго на краі прорвы, куды ён ідзе з адчайнай рашучасцю самагубцы.

Але чалавек гэты быў адцяты ад яго і не мог да яго пайсці, бо гэта была Марына Паўлаўна.

Сход быў закрыты: адны партыйцы ды камсамольцы. З беспартыйных прыскочыў быў Галілей, дык камсамолец Віктар адвёў яго ўбок і далікатненька растлумачыў, што яму тут быць няможна. Стары — праўда, што неахвотна,— але без лішняе гамонкі пацюпаў дахаты.

Настрой ува ўсіх быў стрыманы і троху ўрачысты. Бадай не было зусім звычайных — шумных, вясёлых перадсходавых гутарак — усе маўкліва чакалі пачатку.

Карызна прачытаў парадак дня, і ўсіх непрыемна здзівіў неспадзяваны зварот справы. У парадку дня стаялі зусім іншыя, не датычныя асноўнае справы пытанні, а «асноўная» справа стаяла сціпла ў рубрыцы «Рознае» і называлася так: