«Аб праявах партызаншчыны ў працы брыгадзіра т. Зеленюка».
Усе дамысна перазірнуліся, а «брыгадзір т. Зелянюк» непрыметна ўсміхнуўся — троху пагардліва, а троху балюча.
У панурым маўчанні слухалі даклады па пытаннях, вызначаных у парадку дня. Спрэчак было мала, і гэта не дзівіла нікога — усе адчувалі, што гэтыя даклады лішнія сёння, што яны пастаўлены выключна на тое, каб надаць справе Зеленюка адумыслова дробны асабісты характар,— ўсе чакалі «Рознага». I, як яно падышло, усе застылі ў пільнай увазе.
Карызна зрабіў кароткую інфармацыю. «Брыгадзір Зелянюк цалкам самастойна, без пагоджання з партыйнаю ячэйкаю вырашыў пытанне аб арганізацыі ў Сівалапах асобнага калгаса і — зноў жа без ведама ячэйкі — абвясціў пра гэта жыхарству і нават правёў папярэдні запіс. Зелянюк мусіў ведаць, што гэта цалкам супярэчыць плану калектывізацыі сельсавета, які быў зацверджаны ячэйкаю, і, такім чынам, зусім свядома парушыў партыйную дысцыпліну, што асабліва злачынна ва ўмовах абвостранае класавае барацьбы і напружанае працы па рэканструкцыі сельскае гаспадаркі. Што да самае справы арганізацыі ў Сівалапах асобнага калгаса, дык яна ні разу не абмяркоўвалася ў партыйных арганізацыях і не мае актуальнага значэння, бо цяпер вядзецца ўзмоцненымі тэмпамі работа па арганізацыі аднаго вялікага калгаса на ўвесь Сівец».
— Хто хоча слова па гэтым пытанні?
Усе мімаволі павялі вокам на Зеленюка, і ён устаў са свайго месца.
— Слова мае Зелянюк.
Хто сядзеў блізка да Зеленюка, той, пэўна, заўважыў, як страшна скасілася ў Зеленюка левае вока і як задрыжалі яго тонкія рэзкія вусны. Загаварыў ён ціха, з глыбокай, што мімаволі даходзіла да нутра, шчырасцю і праканаласцю:
— Таварышы! Я цалкам згодзен з усім, што сказаў у сваёй кароткай інфармацыі т. Карызна, і кажу гэта не для фігуравання, не для гульні ў прызнанне памылак, а з праўдзівым адчуваннем адказнасці за свае цяперашнія словы і за ўчынкі, якія сёння тут абмяркоўваюцца. Я зрабіў вялікую злачынную памылку. Думка пра арганізацыю калектыву ў Сівалапах вынікла была цалкам выпадкова, стыхійна, на неафіцыйнай сходцы ці, правільней, гутарцы. I замест таго каб скарыстаць гэты стыхійны зрух, каб, узгадніўшы справу з ячэйкай, даць яму належны кірунак, я сам паддаўся гэтай стыхійнасці і, захоплены раптоўным праектам, санкцыянаваў яго і нават запэўніў, што сам зраблю ўсе неабходныя для гэтага фармальнасці... Я мушу з поўнай шчырасцю сказаць тут і пра іншую сваю памылку, якая арганічна звязана з гэтай. Гэтая памылка ў тым, што я ў сваёй працы бадай усю ўвагу аддаў Сівалапам як асноўнай базе сівецкае беднаты, а ў самім Сіўцы да гэтага часу бедната як след не апрацавана і ў значнай частцы знаходзіцца пад кулацкімі ўплывамі. Я нядаўна толькі ў гэтым пераканаўся і раблю ўжо захады, каб як найхутчэй выправіць гэты свой — дый наогул наш усіхні — недагляд... Зноў кажу, таварышы, што я цалкам усведамляю ўсю глыбіню сваіх памылак, асабліва беручы на ўвагу тыя выключныя абставіны нашай сучаснай работы, пра якія гаварыў т. Карызна, і гатоў панесці заслужаную кару...
Ён зрабіў кароценькую паўзу, і гэтая паўза яшчэ больш напружыла жорсткую ўвагу сходу.
— Але, таварышы, я буцу прасіць, я буду вымагаць таго, каб зараз жа, на сённяшнім сходзе, пасля таго як вы абмяркуеце маю справу, паставіць пытанне пра сівалапаўскі калектыў і наогул пра справу калектывізацыі Сіўца. Я з поўнай адказнасцю за свае словы заяўляю, што пытанне гэта, насупар думцы т. Карызны, актуальнае, больш таго, яно неадкладнае, ад яго пільнага вырашэння залежыць — быць ці не быць Сіўцу ў калектыве. Я заяўляю, што некаторыя таварышы — свядома ці несвядома — бяруць у гэтай справе няправільную, шкодную лінію, што, калі так пакінуць далей, мы можам на доўгі час скампраметаваць у нашым сельсавеце ідэю калектывізацыі. Я маю наўвазе т. Карызну і некаторых іншых. Калі будзе пастаўлена пытанне, я выкажу больш стала свой погляд, а цяпер прашу толькі аднаго — не падумайце, што гэта гаворыць ува мне голас нейкае асабістае варожасці да Карызны ў сувязі з маёй справаю. Я супроць Карызны нічога не маю і нават удзячны яму, што ён з бальшавіцкай рэзкасцю ўшчуў мяне за мае памылкі. Я спадзяюся, што і сам т. Карызна падтрымае маю прапазіцыю, бо лепш мець поўную яснасць у справе, чымся даваць прычыну да розных сумненняў, якія, я гэта ведаю добра, ёсць не толькі ў аднаго мяне...
Як ён скончыў, глухое маўчанне сходу набыло злавесную напружанасць. Зеленюку ўсё роўна не далі веры, не ўважаючы на ўсю яго шчырасць і праканаласць — усё роўна чакалі ўсе злоснага бою паміж ім і Карызнам, і адны панура хмурыліся ў нездаволенні, а іншыя дрыжалі ў дрэннай цікавасці, у прадчуванні гучнага эксцэсу.