Маўчанне раптам – з аднаго маху – перарваў тонкі, узняты на недасяжную вышыню голас Пацяроба. Усе ведалі, што калі Пацяроб зачынае тонка, з вышыні ды калі яшчэ ўвалье ў свой голас саладжава-мілоснага тону, значыць, скажа ўжо нешта рэзкае, нахабнае, пацяробаўскае.
— Даражэнькі мой, любачка мая, які ты разумны... У цябе ж так яно ўсё выходзіць добра, складна, што ніякі табе камар не то што носа, а і паўноса не падточыць… Ну пэўна, што няправільная лінія ў нас... Якая ж гэта лінія? Мы ж толькі камп... камп... прымітуем...
Ён не выгаварыў гэтага слова, безумоўна, наўмысля, з дэмагагічнай мэтай, каб здабыць прыхільнасць сваёй мужыкаватай прастатой і абсмяшыць Зеленюкову гарадскую «мудронасць». I праўда — дзе-хто засмяяўся з вясёлым спачуваннем.
— А скажы ты мне, золатка, папросту, па-нашаму: што ты гэта сабе думаеш? Чаго ты гэта тут завінуўся? Ці ты думаеш, што з горада прыехаў, дык ты адзін толькі разумны тут, а мы ўсе набітыя дурні? Ну ты ж падумай, родненькі мой, даражэнькі, гэта ж ты ўсю ячэйку занівошта становіш... Бо мы ж усе тут разам робім, уся ячэйка, а не Карызна там, Пацяроб ці яшчэ хто... Праўда, што ты палітычна свядомы чалавек, рабочы, скажам так, пралетар. Але ж, можа, хто яшчэ больш за цябе працаваў на фабрыцы — ты яшчэ пешай брыгадай пад стол тады лазіў — дык ужо ён не рабочы? Ён ужо цёмны чалавек, дурань?..
На гэтым ён скончыў сваё сяброўскае мілоснае ўшчуванне Зеленюка і шырокім жэстам размахнуўся да ўсяе аўдыторыі.
— Ну вы ж падумайце толькі, людцы добрыя... Набраў там дзесятак гаспадароў дый думае, што ён ужо, барані божа, увесь свет калектывізаваў. Гатова ўжо, маеце цэлы калгас... А каго ён яшчэ набраў, я б таксама запытаўся.
Тут ён паспрабаваў усміхнуцца таямніча і хітра, але неслухмяныя фальбоны ягонага твару ўсе роўна склаліся ў звычайную яго безнадзейна-горкую міну. I голас замест падазрона-дамыснага тону набыў тон іранічнай плаксівасці.
— Можа, палавіну з тваіх калгаснікаў параскулачваць трэба, га? Ты, любачка, пра гэта, мусіць, не думаў? Не было часу падумаць? Трэба было глядзець, як робіць Карызна з
Пацяробам...
I нястрыманы Пацяроб з кожным словам усё больш і больш удаваўся ў грубы адкрыта дэмагагічны тон, аздоблены нязграбнымі, як сам ён, жартамі. А скончыў ён патэтычным заклікам да ячэйкі, каб яна не здавалася ні на якія шкадлівыя падходы выпадковых людзей (гэта азначала — Зеленюка) і захоўвала, як і дасюль, поўную згоду, дружнасць і аднадушнасць. Гэтыя словы, ёмка цэленыя ў мясцовы патрыятызм ячэйкі ды яшчэ насычаныя такім гарачым імкненнем да дружнае згоды, зрабілі належны ўплыў. Нават шмат хто з тых, каго абурала дзікая пацяробаўская дэмагогія, нібы забыліся ў гэтую хвіліну на яе і гатовы былі прыстаць на тое, каб сапраўды не ўзнімаць лішняга галасу. Ну, памыліўся хлопец, даць вымову яму ці на від паставіць, ды і па тым.
Карызна чуў гэты настрой і ўжо загадзя трыумфаваў. Як скончыў Пацяроб і, апетытна бразнуўшы аб бок наганам, сеў на сваё месца, Карызна (ён сам вёў гэты сход) рэзюмаваў:
— Такім чынам, таварышы, справа ідзе аб тое, ці станавіць нам сёння на парадак дня пытанне аб пераглядзе плана калектывізацыі, ці не. Я думаю, што патрабаванне Зеленюка — хоць яно і сапраўды, як ён кажа, не звязана з ягонаю справаю, але ўсё роўна не мае рацыі. Ды і часу на гэта пойдзе немаведама колькі, а сёння ўжо позна. На наступным сходзе будзе справаздача бюро, і тады сама па сабе ўсплыве напаверх і ўся гэтая справа. Адылі, каб не было непаразумення, я прагаласую...
Ён неўзаметку кінуў погляд на Зеленюка, каб пабачыць, якое ўражанне зрабіў на яго такі зварот справы, але выбраў на гэта не зусім удалы момант, бо адразу натыркнуўся на востра ўпятыя ў яго калючыя Зеленюковы вочы і мімаволі пачырванеў ад незразумелага замяшання.
Няўжо яму сорамна стала перад гэтым блазнюком? Няўжо ён прызнаўся перад ім у сваёй несправядлівасці?
Зелянюк усміхнуўся сваёй тонкай загадкавай усмешкай.
Невялічкая паўза, якую Карызна вымушаны быў зрабіць, сустрэўшыся раптам з Зеленюковым поглядам, перайначыла ўвесь ход падзей. Яго хвілінная ледзь прыметная няўпэўненасць, як іскра кароткага замыкання, разрадзіла агульны памысны для яго настрой, і, пакуль ён стараўся авалодаць сабой, каб пачаць галасаванне, яго перасцігнуў смелы, выразны голас камсамольца Віктара:
— Галасаванне тут не паможа... Прагаласаваць хіба, каб замазаць справу? Таварышы...
I ён, каб надаць больш вагі сваім словам, устаў з месца і нават ступіў два крокі наперад, як-ткі і належыць кожнаму сталаму прамоўцу: