Выбрать главу

— Ўжо адно тое, што ўзнялася тут на сходзе спрэчка паміж таварышамі, і спрэчка досыць заўзятая, калі меркаваць па выступленню Пацяроба, гаворыць за тое, што ў ячэйцы не ўсё добра, што ў ёй ёсць нейкая нутраная хвароба, па меншай меры нейкая недагаворанасць, Дык ці гэта рахуба, калі мы возьмем ды загонім яшчэ глыбей гэтую хваробу, не даўшы ёй рады? Што — позна? Часу мала? Смешна было б і казаць пра гэта. А калі мы і цэлую ноч праседзім, каб развязаць пільную справу? Ці такі час цяпер, каб на гэта зважаць? Я, таварышы, у працэсе камсамольскай работы штодня стыкаюся з усімі тымі справамі, аб якіх тут ідзе гамонка, І я павінен сказаць, што цалкам згодзен з усім тым, што казаў Зелянюк, і падтрымліваю ягоную прапазіцыю...

Віктар — дармо што малады,— а ўмеў сказаць з вялікім сэнсам, і кароценькая, але трапная прамова яго зрабіла ўражанне. Дружным хорам падтрымалі яго вясковыя камсамольцы, наракаючы на тое, што затрымка з калектывізацыяй Сіўца звязвае ім рукі ў іхняй працы па вёсках. Камсамольцаў падтрымалі вясковыя партыйцы, і троху-патроху ўвесь сход прыстаў на тое, што трэба канечна зараз і як найглыбей разабраць сівецкія справы, што пакідаць іх у гэткім стане, як цяпер,— злачынства супроць партыі.

Карызна чуў, як усё нутро ў яго гарыць у пякучым агні шалёнае злосці. Ён быў упэўнены, што ўсё гэта ён, Зелянюк, падстроіў, піто ўжо загадзя было ў іх умоўлена — нездарма ж усміхаўся ён сваёй нялюбай самаўпэўненай усмешкай.

Дык жа ты гэтак? Ты яшчэ трапечашся? Ты яшчэ біцца лезеш? Думаеш, падгаварыў хлопцаў, навухрыў іх, дык ужо і твая сіла? Чакай жа, мой даражэнькі, не так яно будзе, як ты думаеш!..

Зларадасная ўпэўненасць у немінучым правале Зеленюка дае Карызну сілу стрымаць да пары сваё абурэнне, і толькі едкая ўсмешка, мімаволі расцягваючы вусны, троху здраджае яго. Ён зварочваецца да Зеленюка з адменнай далікатнасцю:

— Калі ласка! Слова даецца т. Зеленюку...

Але Зелянюк ад слова адмаўляецца, і ён гаворыць, пгго ўсе матэрыялы, датычныя сівалапаўскага калгаса, мае пры сабе Якуб Лакота, дык яму і лацвей гаварыць пра гэта.

— Слова мае т. Лакота.

I Карызна моўчкі сціскае зубы. Гэты Зелянюк хітрэйшы, чымся ён думаў. Ведае, што Якуба Лакоту ўсе шануюць, што ён мае ў ячэйцы бясспрэчны аўтарытэт, дык наўмысля выставіў яго на гэтую справу. Добра, пабачым, што будзе далей...

Якуб Лакота выйшаў да стала, бо трэба было дзе раскласці паперы, асцярожна — відаць, што балела,— адкашляўся і ціха ўсміхнуўся сваей мілай, па-дзяцінаму нясмелай, нібы беспараднай усмешкай. На худых, запалых шчоках у яго зацвіла ліхаманкавая чырвань, а вочы заблішчалі ясным чыстым агнём.

— Я перш-наперш павінен выказаць шчырае здзіўленне з таго, што ў нашай сівалапаўскай справе чамусьці вінавацяць аднаго Зеленюка, а пра мяне, напрыклад, не сказалі ніводнага слова. А я, можа, нават раней за яго згадзіўся на арганізацыю асобнага калгаса і таксама без ведама ячэйкі. Віна мая роўная з Зеленюковай, і я, як і ён, цалкам прызнаю яе і патрабую сабе гэткага самага, як і яму, пакарання... А цяпер пра самы наш калгас... Я раскажу пра тое, што ў нас ёсць, з чым мы ўзяліся за яго арганізацыю.

I ён спакойна, дзелавіта пералічыў, колькі ўжо запісалася на папярэднім запісе, колькі яшчэ напэўна запішацца, дакладна азначыў сацыяльны стан будучых калгаснікаў, прычым настойліва запытаў у Пацяроба, каго ён мае на ўвазе з іх раскулачыць, і ўвеў таго ў досыць прыкрае замяшанне. Апісаў яскравымі фарбамі, які быў настрой у сівалалаўцаў, калі паўстала пытанне пра асобны калгас, і як нядобра адбілася на гэтым настроі раптоўная затрымка. I ў заключэнні даў простыя, ясныя довады таго, што ўтварэнне сівалапаўскага калгаса зрушыць з месца ўсю справу калектывізацыі не толькі ў Сіўцы, а і ўва ўсім сельсавеце.

Карызна сачыў за сходам і бачыў, як Якубавы спакойныя, разважныя словы клаліся на застылыя ў глыбокай увазе твары партыйцаў пробліскам новага яснага пераконання. Ён чуў, што вельмі цяжка, бадай немагчыма будзе разбіць гэтае пераконанне, што яно паўстае супроць яго нязрушнай і непрабітнай сцяной, гатовае затуліць ненавіснага Зеленюка ад усіх яго ўдараў.

І ў Карызны да злосці і нянавісці памалу далучалася няясная трывога, а следам за ёй ледзяным цурочкам тачыўся ўжо ў сэрца яго неразлучны спадарожнік апошніх дзён – грозны няўхільны страх. Ён разумеў, што Зеленюкова перамога – гэта моцны ўдар па ім, па ягоным аўтарытэце, што яна немінуча выкрые яго драбязговыя асабістыя інтарэсы ў гэтай справе або, што ані лепей, пакажа поўнае яго неразуменне справы, яго тупое запярэчанне відочна правільнаму карыснаму мерапрыемству.