Адылі ён яшчэ не думаў здавацца. Галава яго ліхаманкава працавала над адшуканнем якога-небудзь новага спосабу, якога-небудзь новага ўдару — з таго боку, адкуль яго ніяк не чакаюць. Ён ведаў ужо, што звычайнымі спрэчкамі, звычайнымі довадамі не ймеш, што ратаваць яго можа толькі спрытны,. шпаркі ход, які б, зваліўшыся знячэўку на галовы яго супраціўнікаў, перавярнуў адразу ўсю справу дагары нагамі. I тут у яго з'явілася смелая, адчайная думка, якая зараз жа абярнулася ў цвёрды замер.
Ледзь дачакаўшыся, пакуль скончыць сваю прамову Лакота, Сымон Карызна ўстаў і заявіў дрыжачым ад узрушэння голасам, які адразу даў усім зразумець, што мова ідзе пра нешта надзвычай важнае, экстраардынарнае, чаго, можа, ніколі не чула яшчэ сівецкая партыйная ячэйка. Усе замерлі ў чаканні.
— Таварышы! Перш чым весці далейшае абмеркаванне гэтае справы, я як сакратар ячэйкі павінен зрабіць адну вельмі важную заяву. Сённяшні сход, а таксама і шмат іншых выпадкаў, з якімі мне давялося стыкнуцца за апошні час, пераканаў мяне, што ў нашай ячэйцы ёсць сакрэтная групоўка, якая злачыннымі метадамі фракцыйнай работы праводзіць сваю асобную лінію. На сённяшнім сходзе мы мелі арганізаванае выступленне гэтае групоўкі, накіраванае на тое, каб скампраметаваць бюро ячэйкі і яго лінію ў рабоце, а значыць, і лінію ўсяе ячэйкі, а таксама сарваць план калектывізацыі сельсавета, які ўхвалены ячэйкаю і ўзмоцненымі тэмпамі праводзіцца ў жыццё. На чале гэтае групоўкі стаіць Зелянюк. Не трэба асаблівае пільнасці, каб заўважыць, што ўся сённяшняя атака вядзецца па загадзя абмеркаванаму плану, выпрацаванаму на спецыяльным фракцыйным сходзе, на якім таксама размеркаваны паасобныя ролі. Як сакратар ячэйкі, я катэгарычна вымагаю таго, каб зараз жа спыніць далейшы разгляд справы і даручыць бюро або спсцыяльнай камісіі ў найпільнейшым парадку даследаваць пытанне аб фракцыйнай рабоце Зеленюка і іншых, каб ужыць адпаведныя арганізацыйныя захады.
Сенсацыйная заява Сымона Карызны зрабіла ўражанне раптоўнага аглушлівага выбуху. З хвіліну ўсе разгублена маўчалі, ашаломленыя неспадзеўкаю, ніхто не важыўся першы парушыць гэтае прыкрае цяжкое маўчанне. I калі раптам яго прарэзаў працяглы адумыслова-выразлівы свіст, амаль усе здрыгануліся і спалохана азірнуліся, шукаючы крыніцы дзікага, цалкам нестасоўнага да моманту гуку.
Гэта свіснуў, вядомая рэч, Пацяроб. I зараз жа, следам за свістам, грымнуў яго бесцырымонны голас, разарваўшы ў мэтлухі ўсю тую змрочную трывожную цішыню:
— Дык вось яно што? А-га-га-га!.. Галубочкі мае, родненькія... Дык вы ўжо фракцыі рабіць панаўчыліся? Як той, не тут кажучы, Троцкі? Я гляджу, што ўсё гэта ў іх як па нотах. Аж бачыш ты іх! Груповачкі, фракцыйкі... Ого-го-го!.. Здорава, любачкі! Малайцы, красачкі! Даражэнькія мае!..
Ён быў страшэнна рад, гэты дзівак Пацяроб, і не мог схаваць свае нядобрае злоснае радасці. Ягоная радасць зрабіла на сход дрэннае ўражанне, і нават нехта нялішне далікатна суняў яго раз'юшаны лямант:
— Сціхні ты ўжо! Чаго галёкаеш, як у лесе!
Але дзе ты яго, Пацяроба, угамуеш, як раскрычыцца! Такі ўжо бязладны, разгойданы чалавек...
Сход ажывіўся. Троху-патроху ўзнялася жвавая гамонка, якая нарэшце перайшла ў тлумны гармідар. Слова ніхто не прасіў,— мабыць, ніхто не важыўся першы выступіць у гэтай надзвычай далікатнай і палітычнай справе — усе гаварылі разам, адзін аднаму ці ўсім адразу, а не, дык проста самому сабе, і нельга было разабраць, у які бок фактычна схіляецца агульная думка сходу. Карызна тлуму не сунімаў, не заклікаў да парадку — ён чуў, што гэты тлум яму на карысць.
Тады ўстаў са свайго месца бледны, зацяты ў цвёрдай, як крэмень, сур'ёзнасці Зелянюк. I ці толькі ўзняўся ён над усім тым бязладным гармідарам — стрыманы, роўны,— ураз апала шумнае ажыўленне і занялося зноў цяжка, балюча напятае маўчанне.
— Я думаю, што ўсе зразумелі, якое глыбокае абвінавачанне ўзняў супроць мяне сакратар ячэйкі т. Карызна. Я не буду цяпер ні выпраўдвацца, ні ў сваю чаргу абвінавачваць т. Карызну. Я цалкам далучаюся да ягонае прапазіцыі — у найпільнейшым парадку даследаваць гэтую справу. Але я катэгарычна пратэстую супроць другой яго прапазіцыі, каб спыніць далейшы разгляд пытання пра сівалапаўскі калгас і калектывізацыю Сіўца. Я ўпэўнены, што ў гэтым падтрымаюць мяне і іншыя таварышы, бо пытанне гэта вынікае не толькі з мае нібыта фракцыйнае работы, а з агульнага стану калектывізацыі ў сельсавеце. Мне здаецца, што і сам т. Карызна не будзе дужа супярэчыць, бо іначай ён ясна пакажа, што ўсю гэтую гісторыю з фракцыйнасцю ён узняў выключна затым, каб затрымаць абмеркаванне таго пытання, якое ён з нейкіх невядомых прычын упарта не хацеў паставіць у парадак дня... Я прапаную весці далейшае абгаварэнне распачатае справы...