Зеленюкову прапазіцыю ўхвалілі адназгодна, і на сходзе зноў запанаваў спакойны, дзелавы настрой.
Карызна і сапраўды не супярэчыў — Зелянюк спрытнай заўвагай звязаў яму рукі. Падчас далейшых спрэчак ён сядзеў хмуры, злосна затулены ў сабе і нават мала слухаў таго, што гаварылі прамоўцы. Яго агарнула цяжкая апатыя — яму хацелася аднаго: скончыць як найхутчэй гэты няўдалы сход і адпачыць. Ён зусім аўтаматычна даваў слова прамоўцам, станавіў на галасаванне прапазіцыі, заклікаў, як трэба было, да парадку.
Па доўгіх жвавых спрэчках у пратаколе сходу ячэйкі запісалі:
1. Паставіць на від т.т. Зеленюку і Лакоту іхнюю недысцыплінаванасць, якая выявілася ў тым, што яны без ведама ячэйкі развязалі пытанне пра арганізацыю ў Сівалапах асобнага калгаса.
2. Самы факт арганізацыі ў Сівалапах самастойнага калектыву ўважыць за мэтазгодны і калектыў арганізаваць з тым, аднак, каб пасля ўтварэння калгасаў у Сіўцы гэтыя два калгасы злучыць у адзін.
3. Звярнуць асаблівую ўвагу на работу сярод сівецкае беднаты — пашырыць яе і ўглыбіць, выкарыстаўшы дзеля гэтага ў грунце сваім правільную практыку работы з беднатой у Сівалапах.
4. Прыняць да ведама заяву сакратара ячэйкі т. Карызны пра тое, што ў ячэйцы існуе сакрэтная групоўка на чале з т. Зеленюком. Даручыць бюро ячэйкі дакладна высветліць гэтую справу і ўсе матэрыялы падаць на наступны агульны сход ячэйкі.
Па зачыненні сходу, калі Карызна — хмуры і разгублены — варочаўся дахаты, яго дагнаў неадменны Пацяроб і, нахіліўшыся да самага Карызнава вуха, прасіпеў з поўнай бадзёрасцю:
— Не бойся, Сымонка! Плюнь ды яшчэ і разатры... Не тое бачылі... Цьфу!..
Назаўтра з самага рання Сымон Карызна паехаў у раён. Раён знаходзіўся вёрст за пятнаццаць ад Сіўца ў ладным мястэчку, якое мясцовыя жыхары зусім сур’ёзна звалі горадам.
Дык гэты самы горад у пару, якая апісваецца ў нашым апавяданні, меў на сабе хоць з выгляду, можа, і малапрыметны, але глыбокі, востраадчувальны адбітак бурнай эпохі. Усё было звычайнае, даўнейшае, але над усім лунаў дух агульнай напружанасці, трывожнага чакання.
На шырокім рынкавым пляцы, акурат пасярод мястэчка, было паўнютка сялянскіх вазоў, але прадавалася чаго дужа мала. Прыязджалі паслухаць навін, пагаманіць, улавіць настрой новага дня, каб распастрыць яго нявідныя кволыя ніці па ўсёй тэрыторыі раёна. Сыходзіліся сям-там невялічкімі расплыўчастымі купкамі сцеражлівыя, цікавыя і хціва лавілі адзін у аднаго новыя словы. Купкі раставалі, збіраліся зноў, зноў раставалі, аж пакуль не ўліваліся жвавай энергічнай патокай у ветлыя дзверы піўніцы. Там новыя словы перакладаліся на грамоздкую, распараную алкаголем мужыцкую мову.
Дзе-нідзе ліпелі яшчэ дробныя прыватныя крамкі, але гандляры, як не было купцоў, не сядзелі ў шчаснай летуценнасці за непахіснаю стойкай, а выходзілі і стаялі перад дзвярмі — маркотныя і палахлівыя. Дамысны цырульнік вывесіў на дзвярах свежую, нязграбнай рукой намаляваную табліцу — «Калектыў цырульнікаў Грынберг» — і, мабыць, адчуваў сябе за ёй у поўнай забяспецы.
Апрача піўніцы, людзі збіраліся яшчэ каля кааперацыйнай сталоўкі і каля дзяржаўных устаноў. Установы абярнуліся ў людскія зборні, куды разам з бруднымі лужынамі снегавой вады наносілі мужыкі цэлае мора сваіх пільных і няпільных, вялікіх і малых, цяжкіх і лёгкіх клопатаў. Многа хто заходзіў так сабе — паслухаць, пагрэцца, паглядзець, як злуюць на назоллівых наведнікаў, а злашча на пустых разявак запараныя супрацоўнікі. А іншыя прыходзілі з важным, жыццёвым, балючым — тыя або істэрычна крычалі, дамагаючыся свайго, або беспарадна вадзілі наўкола ціхімі вачмі, поўнымі пакорнага неўразумення.
У тую пару раённым працаўнікам не было ані хвілінкі адхлану.
Сымон Карызна часта наязджаў у раен — ён любіў туды ездзіць, бо кожнага разу там узнімала яго лёгкі настрой тое добрае, бадзёрае ўзрушэнне, якое загарэлася было ў ім — ды ці толькі ў ім? — на гістарычным пленуме райкома, што паклаў быў пачатак шырокай разгорнутай працы па сацыялістычнай перабудове раёна.
Тут, у сэрцы раёна, усё тое, чым жыла вёска, уся яе новая, творчая сумятня нібы абстрагавалася, вылузвалася са шкарлупы канкрэтнае дакучнае абыдзёншчыны і набывала свежую рамантычную прывабнасць. Таму Карызна, пераехаўшы цераз гнілаваты, складзены з дзіўна-рухавага бярвення масток і мінуўшы шэрую порхаўку — кузню, першы слаўны будынак слаўнага горада, заўсёды з асалодаю адчуваў, што ўсе яго трывогі, страх, уся яго мітусяніна мякка затуляецца завесай цудоўнай далечыні (нібы ад'ехаў за тысячу вёрст) і ўнутры бурна ўзмываецца разгонная, задорная імклівасць.