Выбрать главу

Карызна жыва, усім нутром адчуваў тады вялікі змест лаканічных слоў, што пераможна ззялі на старонках тагачасных газет: «Рэспубліка на паходзе!»

Уступіўшы на парог РВК, Карызна адразу пачуў зычны, раскоцісты голас старшыні Рачкоўскага, які смелай камандай разлягаўся на ўсе чатыры пакоі райвыканкома, працінаючы ўсіх супрацоўнікаў, усіх наведнікаў і, здавалася, усю, якая была тут, убогую, зашмальцаваную мэблю, усе замлелыя ў тлустай неўвароткасці груды папер — працінаючы ўсё гэта імпэтнай напорнай паспешнасцю. I здавалася, што ўсё тут — і жывое і нежывое — гаварыла без слоў — выразам твараў, рухамі, паставамі — адзін кароткі, адцяты сказ: «Нам некалі!»

Знаёмы прыемны голас Рачкоўскага яшчэ больш узбіў унутры ў Сымона Карызны бадзёрае ўзрушэнне — ён наскрозь прасякнуўся тым агульным, што панаваў тут, імпэтам, той нястрымнай паспешнасцю і раптам пачуў, што і яму таксама страшэнна некалі, і хацеў таксама спяшацца, хацеў крычаць зычным раскацістым голасам — не крычаць, а камандаваць.

Ён увайшоў у кабінет нечаканым для самога сябе цвёрдым, адрыўчастым крокам вайсковага чалавека.

У кабінеце было, як у ліўніцы: людна, тлумна, накурана. Сярод рухавага натоўпу, у якім Карызна знайшоў, як і кожнага разу, ці мала новых, зусім незнаёмых твараў, крэпкім спружыністым камлюком круціўся Рачкоўскі і, здавалася, крычаў адразу, прынамсі, пяцём чалавекам — аднаго пытаючы, другому адказваючы, трэцяга некуды пасылаючы, чацвёртага проста лаючы моцнымі, але чамусьці зусім някрыўднымі словамі. Як убачыў Карызну, ён адразу кінуў усіх і праз усіхнія галовы агаласіў:

— Прэзідэнту сівецкай рэспублікі шанаванне! Што ж ты, сукін сын, не прыехаў на нараду, а прыслаў гэтага свайго Расцяроба! Даражэнькі мой, тут партыйная нарада, і нам трэба сакратар ячэйкі, а не Падцяроб. Гайдук, давай нагонку па сваёй лініі...

Побач з Рачкоўскім пры стале сядзеў спакойны, глыбакастрыманы сакратар райкома. Карызну кінулася ў вочы, што ён — і так мізэрны, чэзлы — цяпер яшчэ больш змізарнеў і ягоны хоць і вялікі, але не надта паважны нос завастрыўся да немагчымасці.

Ціха і трошку хваравіта ўсміхаючыся, Гайдук замест прывітання запытаў такім тонам, нібы яны толькі вось перапынілі былі сваю гутарку:

— Дык пяцьдзесят процантаў? Глядзі, каб гэта стала, бо ў Мікуліне палавіна разбеглася. Як Сівец?

— Яшчэ не зрушыўся, браце. Але гэтымі днямі нешта будзе. За тыдзень, спадзяюся, будуць у калектыве.

I — дзіўная рэч! — Сымон Карызна быў цалкам упэўнены, што ён гаворыць шчырую праўду, што ў яго сапраўды ўсё нарыхтавана, усё напагатове. Яшчэ колькі дзён — і ўсё станецца так, як лепш і не трэба.

— Зелянюк памагае?

Карызна скрывіўся і ўнікліва махнуў рукой:

— Потым пагамонім...

Гэтым адразу даў зразумець, што ён Зеленюком нездаволен.

Рачкоўскі выбраў зручны момант і неўзаметку ад усіх шапарнуў яму:

— У мяне будзеш абедаць... я сёння вольны... больш-менш... Разумееш?

Карызна зразумеў і здаволена ўсміхнуўся: у сямейных абставінах, за невялічкай дружнай чаркай найлепей будзе пагаварыць аб усіх справах.

Карызна прыехаў з пэўным рашучым замерам: ён наважыўся нарэшце пагаварыць начыста з Рачкоўскім, адкрыць яму ўсе свае сумненні, увесці яго ў заблытанае кола сваіх згрызот і мітушэнняў. Пасля ўчарашняга сходу ён зразумеў, што далей так цягнуцца не можа, што яму няўзмогу ўжо жыць так і працаваць, скрозь адчуваючы над сабой дамоклаў меч небяспекі.

Хай будзе што будзе, а ён адкрые ўсё да апошняга каліва — перш яму, Рачкоўскаму, а тады, калі трэба, і ўсім.

Каму гэта «ўсім», Карызна пакуль што яшчэ як мае быць не ўяўляў — ён чакаў, што гэта само па сабе высветліцца ў гутарцы з Рачкоўскім.

...Пакуль гаспадыня завіхалася каля стала, рыхтуючы полудзень, Рачкоўскі і Карызна сноўдаліся па пакоі, абодва працятыя нецярплівасцю: Рачкоўскі — каб хутчэй дапасці да яды, а Карызна — каб хутчэй зачаць сваю шчырую споведзь. Але ткі Карызна не сцéрпеў — пахваліўся звонку нібыта спакойна, безуважна, але з прытоеным унутры трапятаннем:

— Ты ведаеш, што я з жонкаю разышоўся?

Рачкоўскі запытаў без жаднага здзіўлення:

— Ужо?

I, весела падміргнуўшы Карызну, засмяяўся нізкім юрлівым смехам:

— Верачку падчапіў? Ну і зух! Смак маеш, няма чаго казаць... Бач ты, падла старая... га?..

Потым ён праказаў нібыта сур'езна і наўмысля гучным голасам, каб пачула жонка:

— Думаю кінуць і я сваю. Надакучыла ўжо, абрыдзела... Хачу пашукаць дзе маладзейшую, харашэйшую.