Выбрать главу

Жонка, маладзенькая, свежая і пульхненькая, як перапечка, увайшла ў пакой з троху сарамлівай, але поўнай адчування свае жаноцкае сілы ўсмешкай і, праходзячы паўз мужа, нібы несумысля зачапіла яго сваім крутым пышным клубам. Ён з грубаватай бесцырымоннасцю лэпнуў яе па неасцярожнаму месцу і здаволена зарагатаў смехам упэўненага ў сабе самца.

Гэта была ў Рачкоўскага не то трэцяя, не то чацвёртая жонка, і ён, як відаць, перажываў яшчэ з ёй парý першага ўзаемнага захаплення — не абсыпанага, праўда, лішне барвістымі краскамі зманлівае рамантыкі, затое здаровага і шчаслівага. У яго да жанчын быў надзіва лёгкі, незамутнёна-спакойны характар, і ягонага шчасця ані не парушала тое, што чарада папярэдніц свежае пульхненькае жанчыны часам у досыць катэгарычнай форме напамінала пра існаванне не толькі сваё, а і цэлае плоймы малых Рачкоўскіх. Ён улагоджваў свае сямейныя справы з такім дыпламатычным спрытам, што — канцы з канцамі — усе зацікаўленыя бакі былі хоць матэрыяльна і не зусім задаволеныя, але маральна цалкам уціхаміраныя. Досыць сказаць, што да судоў у яго справа яшчэ не даходзіла ні разу.

Легкі, вясёлы падыход Рачкоўскага да сямейнай трагедыі Карызны перш непрыемна ўкалоў яго, але боль ад гэтага трываў адну караценькую хвілінку. Потым стала і самому лёгка ды весела, нібы Рачкоўскага грубыя словы, а злашча ягоныя ўласныя стасункі да жанчын нейкім чынам абязвіньвалі ці, прынамсі, меншылі віну яго перад Марынай Паўлаўнай.

Адным словам, Сымон Карызна сеў за стол у добрым гуморы.

Перакуліўшы першую чарку і з цудоўным апетытам накінуўшыся на селядца, Рачкоўскі агаласіў:

— Ну, кажы, Сымоне, як там што...

Карызна пачаў здалёку — нібы выпадкова, няўмысля ўспомніў пра сваю і Рачкоўскага працу ў ранейшым раёне, пра лінію, якую яны там вялі. Гэта была ў яго свядомая ці мо несвядомая хітрасць, гэтым ён з першага кроку аднаўляў паміж сабой і Рачкоўскім ніці даўняе блізкасці, каб гарантаваць большую чуласць яго і спагаду да сваіх сучасных нягод.

Рачкоўскі зусім неспадзявана для Карызны павесялеў:

— А праўда, Сымоне, слаўна жылося там, га? Эх, каб цяпер туды... Ну і запішчалі б у мяне кулачкі... Расхутарызаваў бы іх так, што і не агледзеліся б...

Карызна нясмела напамянуў, не хаваючы свайго неўразумення:

— Але ж мы, браце, самі праводзілі там гэтую, на яе ліха, хутарызацыю!

— Правільна... Верна... Праводзілі...

З цвёрдага рашучага тону Рачкоўскага Карызна зразумеў, што ён ужо перадумаў і пераварыў у сабе гэтае пытанне і што ён мае ўжо нейкае пэўнае развязанне яго. Ён пільна настаражыўся, чакаючы дальшых слоў.

— Правільна... Праводзілі... Значыць, што? Рабілі памылковую справу... Так... Ну, а потым?

Ён зрабіў паўзу, каб выпіць чарговую чарку, і казаў далей, мерна выстаўляючы слова па слове:

— Дрэнны той майстар, што, зрабіўшы якую няўдалую шкодную рэч — ці ў памылцы, ці праз недасканалае ўмельства сваё,— будзе клапаціцца над ёй, будзе ахаць, охаць, енчыць, стагнаць... Добры майстар возьме і адным махам — без аніякага жалю — разаб'е ці разламае тую рэч і зробіць гэта з большай рашучасцю і нават злосцю менавіта таму, што гэта ягоная рэч, зробленая ягонаю рукою... Ты мяне зразумеў, Сымоне?

Карызна не мог здаць сабе справы з таго, што гэта ёсць: ці хітры сафізм, ці праўдзівая жыццёвая логіка? Адно чуў, што яно развязвае праблему, якая столькі часу гняла яго, і дае магутны стымул да далейшае працы, да вырабу новых, ужо правільных, дасканалых рэчаў.

Рачкоўскі пагадліва палэпаў яго па плячы:

— Калі цябе гэта турбуе, Сымоне, кінь усе сумненні — справа ясная. Галоўнае, браце мой, зразумець, пераканацца, што ты сапраўды дрэнна рабіў. А раз ты ўпэўнены ў гэтым, дык сама рука падымецца, каб разбурыць тое няўдала зробленае, каб перарабіць на новае... Бі, Сымоне, варушы ўсё да грунту, пераварочвай, і канец…

Карызна не выходзіў з трывожната задумення. Рачкоўскі наліў яму новую чарку.

— Ну, чаго нос павесіў? Пагонім яшчэ па адной, успомнім даўніну...

Карызна нясмела павёў далей:

— У мяне не толькі гэта, Рачкоўскі... У мяне — сямейныя справы...

— Жонка?

I Рачкоўскі нават здзівіўся, як гэта можна мардаваць сябе гэткай драбязой.

Карызна ў замяшанні паківаў галавой:

— Не ў тым... Я не ведаю... Як табе сказаць... Ну, бачыш, мне пішуць бацькі, што іх раскулачылі. Гэта — адно... А самая тут закаклюка, што кулакамі яны сталі ўласна за маёй дапамогаю — я ім і грошы даваў на гаспадарку, і парады адпаведныя... Ведаеш сам, які настрой быў тады...

Рачкоўскі ўстаў ад стала і звычайнай сваёй пругкай, развальнай хадою прайшоўся па хаце.