Выбрать главу

— Хм... так... заблытаўся ты, браце мой, залез у нерат... Выходзіць, што цябе раскулачылі? Ха-ха-ха...

I ён раптам зайшоўся ад гамерычнага смеху. Карызна глядзеў на яго разгублены: ён не ведаў, ці радавацца яму гэтым смехам, ці трывожыцца.

Рачкоўскі падышоў і энергічна, рэзка выцяў кулаком аб стол:

— Вось... На ўсё гэта ёсць адна толькі рада. Калі сілы хопіць — адным ударам... разумееш? адным ударам усё перацяць...

— Адмовіцца ад бацькоў?

Рачкоўскі раззлаваўся:

— Што ты мне прэш сваю дурную інтэлігеншчыну, га?.. Адмовіцца, напісаць трагічны ліст — бывайце, дарагія бацькі, мне з вамі не па дарозе... Цьфу, каб ты згарэў... Не аб гэтым справа, я табе кажу... Чуеш ты ці не?

— Аб чым жа?

— Во тут, во-во... у сабе. Тут трэба перацяць… Плюнуць трэба на ўсё, выкінуць усё к чортавай матары... Калі ты — сцерва, скажам, дык гэта яшчэ паўбяды. А калі ты сцерва ды яшчэ кожную хвіліну думаеш пра тое, што ты сцерва, смакуеш гэта, упіваешся гэтым, дык ты тады — дзве сцервы... Чуў?.. Забудзься на ўсё чыста, я табе кажу... Сам забудзься, што ты — сцерва, дык і людзі забудуцца. Працуй як след, пераварочвай жыццё, дык і сам перавернешся... Разумееш ці не?

I зноў Карызна не ведаў, ці гэта — хітры езуіцкі манеўр, ці простая праўдзівая дарога наперад. Але зноў чуў у гэтых словах магчымасць шчаслівага выйсця з сваіх цяжкіх неўразуменняў.

Раптам ён успомніў пра апошні бацькаўскі ліст.

— Яны просяць, каб прыслаў ім грошай.

Пры слове «грошы» Рачкоўскі дасадліва пачухаў патыліцу і, з апаскай азірнуўшыся наўкола—ці няма дзе паблізу жонкі? — пракрактаў:

— Грошы... Каб на іх ліхалецце... У мяне ўсе жонкі як адна просяць грошай... былыя жонкі, вядома... Проста рады не дасі...— Ён зноў раззлаваўся і закрычаў: — Што ты — грошы? Чаго ты лезеш з грашмі? Сцерва ты, калі хочаш... Кажу — забудзься на ўсё… Адным ударам... рраз... перасячы ўсё, разумееш? Тады сам убачьпп, што рабіць з грашмі... Само пакажа тады... Во тут, во-во... тут самае галоўнае...

I ён без лішняе далікатнасці тыркануў Карызну ў грудзі. Яму, відаць, надакучыла гэтая гутарка, і ён, сеўшы зноў за стол, запытаўся:

— Ну, што ў цябе там у Сіўцы?

Тады Карызна — ужо зусім з лёгкім вальготным настроем — стаў апавядаць пра сівецкія падзеі. Ён гаварыў усё да найменшай драбніцы, не хаваючы ні сваіх удач, ні сваіх памылак. Ён стараўся асвятляць усё шчыра і па магчымасці аб'ектыўна — нават і прыкры інцыдэнт з Зеленюком, і апошні бурны сход ячэйкі, і свой ганебны правал. Але такая ўжо, мабыць, людская ўрода, што трудна бывае чалавеку ўстрымацца, каб не зрабіць сабе ў зручным выпадку некаторае — можа, і мімавольнае — пратэкцыі. Таму і выходзіла так, што Сымон Карызна, сакратар ячэйкі, усе свае сілы кладзе на тое, каб наладзіць як след работу, часам, пэўная рэч, і памыляецца, але ў грунце вядзе цалкам пэўную, правільную лінію, а Зелянюк, скажам, хоць і нядрэнны хлопец, але малады, гарачы, заядлы — дык ён усё-ткі шкодзіць у рабоце і заводзіць спрэчкі, звягі, раскладае ячэйку... Алё Сымон Карызна пераможа ўсе гэтыя перашкоды і ў сваім сельсавеце не па доўгім часе правядзе поўную стопрацэнтную калектывізацыю.

Рачкоўскі слухаў, утупіўшы нос у талерку, і паціху муркаў сабе пад нос нешта невыразнае.

11

Палазы рыпелі з такой ціхамірнай спакойнасцю, што зусім знікала ўсякае адчуванне шпаркага руху і пачынала здавацца, нібы санкі даўно ўжо стаяць, загрузнуўшы ў цемры, недзе пасярод шырокага снегавога поля і адно пад напорам ветру млява калышуцца на месцы і сціху пакрэктваюць ад натугі — нездаволеныя, але дабрадупшыя.

Сымону Карызну давала цудоўную асалоду гэтае адчуванне. Руху ў яго досыць было ўсярэдзіне —лёгкага, салодка-павеўнага,— і глыбокі навакольны спакой, мякка атуляючы гэты рух, не даваў разлятацца яму ў прасторы, стаўпляў яго ўнутры, абарачаючы ў пругкую сакавітую радасць.

У прыемна абвеенай хмелем галаве бясконцым плаўным калаўротам перасувалася чарада парваных і ў смешным бязладдзі прыточаных адзін да аднаго вобразаў: вобразы людзей чаргаваліся з вобразамі слоў, з вобразамі зусім абстрактных, але цяпер дзіўна-жывых, рэальных уяўленняў. За сарамлівай усмешкай свежае пульхненькае жанчыны непасрэдна ішоў раскацісты голас Рачкоўскага, з-за якога вызірала, дражліва падміргваючы, подлая грымаса хутарызацыі. Потым усё гэта адкідаў некуды ўбок хмуры ўдар кулаком аб стол і следам за ім, як па сігналу, ішло настойнае, неадступнае халодна-бліскучае — «адным ударам». I ўсё разам — і добрае і дрэннае, і прыемнае і прыкрае — было цяпер роўна ахінута тонкім барвістым туманам і роўна цешыла сэрца чароўнай цеплю.