Выбрать главу

Гэта не было звычайнае ап'яненне — гэта быў поўны бяздонны адпачынак усяе змардаванае жорсткімі нягодамі жыцця істоты, якая нарэшце знайшла сабе жаданы супакой. Гэта была поўная безумоўная пагоджанасць з усім, што дасюль паўставала на жыццёвым шляху востраварожымі супярэчнасцямі.

Сапраўды, у гэтыя часіны Сымону Карызну ўсё падавалася ў ружовым святле ціхамірнае згоды: усе нядаўнія спрэчкі, калатня, уся яго дзікая злосць, усе балючыя трывогі і страх—усё гэта абуджала цяпер адну іранічна-пагадлівую ўсмешку, як пустыя дзіцячыя забаўкі, як выкліканыя імі мімалётныя лёгкія крыўды. Усё гэта расплывалася наперадзе, знікала ў ружовых яснотах яшчэ не зусім выразнае, але прывабнае будучыні.

Раз-пораз лёгкаю патугаю волі Карызна сунімаў млявую плынь цудоўна пераблытаных барвістых вобразаў, каб у скупчанай на момант свядомасці перабраць нізку думак, на якіх грунтавалася яго новае незамутнёна-чыстае самаадчуванне. Ён рабіў гэта не таму, што былі ў яго якія-небудзь сумненні, няўпэўненасць, не — ён хацеў лішні раз адчуць законную непахісную моц свайго жыццёвага апраўдання. Так упэўнены ў сваім багацці скнара раз-пораз перабірае свае поўныя скрыні, каб лішні раз адчуць сваю багатырскую сілу.

Усё, вядомая рэч, было ў належным парадку. Строгая непадкупная логіка даводзіла поўную рацыю выказаў Рачкоўскага.

Галоўнае — у самім сабе. Трэба перш-наперш адным ударам перацяць у сабе ўнутры ўсе сувязі з старым — трэба вызваліцца ад яго маральна. I тады само па сабе развяжацца ўсё. Адным ударам...

І Сымону Карызну здаецца, што ён ужо зрабіў гэты «адзін удар», што ён ужо перарваў у сабе ўсе ніці, якія вязалі яго з мінулым, тое праклятае вязьмо, што з бязлітаснай павольнасцю сціскала яго ў сваім шчытным непарыўным коле. Пэўна, што так, бо адкуль жа была б у ім гэтая ўздымная лёгкасць, гэтая свабода, гэтае даўно ўжо згубленае ім у жыцці адчуванне поўнае волі, поўнае маральнае незалежнасці?

Каб канчаткова пераканаць сябе, Карызна кідае мыслёвы погляд назад, у мінулае,— і яно выглядае з далечы туманнае, няяснае, чужое, і замест сябе ён бачыць у ім зусім іншага, малазнаёмага чалавека — дурнога і агіднага.

Тады цалкам упэўнены і заспакоены, Карызна бязрупатна кідае свае разважанні і акупаецца ў мякка-калыхлівую плынь бяздумнага сузірання.

Палазы рыпяць з глыбокай ціхамірнай спакойнасцю, і загрузлыя ў цемры санкі стаяць недзе сярод бязмежнага поля, пакрэктваючы пад напорам ветру — нездаволена, але дабрадушна. Карызна ўпінае ў мяккую цемру невідушчы застылы погляд і ўяўляе сабе — як любіў рабіць калісьці ў дзяцінстве — далёкую, бясконцую дарогу, якая вядзе яго, самотнага падарожніка, у невядомы чароўны край, у невядомае казачнае жыццё. Ён пачынае смешна, па-дзяцінаму летуцець, паволі акунаючыся ў ліпучую дрэму.

За вярсту перад Сіўцом вознік абудзіў яго гучным, звонкім ад марозу воклікам:

— А зараз ужо і Сівец!

I з гэтым воклікам скончыўся поўны, бяздонны адпачынак Сымона Карызны.

Сівец уварваўся ў нутро ў яго надзіва вясёлым, радасным уздымам. Карызна здаволена канстатаваў, што ўжо даўно не ўязджаў з такім добрым настроем у свой глухі, непрыветны Сівец.

Ён уязджаў сёння ў Сівец як пераможца. I гэта адчуванне свае перамогі (над сабой, над мінулым, над сучаснымі нягодамі) узбаламуціла яго глыбокі чысты спакой. Уваччу ў яго замігцелі яскравыя спакуслівыя карціны доўгачаканага трыумфу. Ён быў упэўнены ў сабе, ён чуў сваю сілу, і гэтая сіла патрабавала сваіх законных праў, напамінала пра сваё законнае задавальненне.

Што бліжэй пад’язджалі да Сіўца, то ўсё гусцейшым натоўпам абкружалі Карызну вобразы сівецкай абыдзёншчыны. I цяпер ужо яны не пужалі яго, не кідалі ў чорнае беспрасветнае мітушэнне — ён адчуваў сябе сярод іх, як гаспадар у сваёй гаспадарцы, як камандзір сярод вернага слухмянага войска. Яго дзівіла цяпер тая нерашучасць, нясмеласць, з якой ён абарачаўся дасюль у блытаным коле сівецкіх падзей, ён саромеўся свае мімавольнае мяккасці і падатнасці. I гэтай дрэннай мяккасцю пачынаў ён тлумачыць усе няўдачы, што апошнім часам спасцігалі яго на кожным кроку ягонай работы.

— Трэба ўсё павярнуць на інакшы лад.

I ў меру таго, як выляталі з нутра ў Карызны апошнія рэшткі яго нядаўняе пагоджанасці з вострымі супярэчнасцямі жыцця, яго ірнічна-пагадлівага погляду на ўсе тыя спрэчкі, на ўсю калатню, на бязладдзе,— да яго пэўнай уладнай ступою варочалася яго старая, на хвіліну прыціхшая злосць, ведучы з сабой новага не менш заядлага свайго таварыша — прагнае жаданне помсты. Гэтая злосць была страшнейшая, чымся была дасюль, бо за ёй стаяла цяпер адчуванне сілы, упэўненасць у ёй.