Выбрать главу

Такі вярнуўся быў Сымон Карызна з свае паездкі ў раён.

Была ўжо, мабыць, дзесятая ці нават адзінаццатая гадзіна, як яны ўехалі ў Сівец. Праязджаючы паўз пачатковую школу, Карызна ўбачыў у знаёмым акне прыветны агоньчык і спыніў возніка:

— Чакай, я тут злезу. Едзь сабе дахаты.

Вознік спыніўся з такой гатоўнасцю, нібы і сам так меркаваў, што тут трэба злезці, і

Карызну чамусьці гэта ўпадабалася.

У Веры Засуліч дзверы былі не завалены — нехта яшчэ быў у яе. З кухні пачуў Карызна гамзатае брынканне гітары і скрывіўся ў лёгкім нездаволенні. Ён скінуў на кухні сваё вялікае ездавое футра і паляпаў у дзверы. Звонкі, чысты, як крышталь, галасок Веры Засуліч працяў нутро яго цёплай радасцю.

— Калі ласка! Заходзьце!

Адчыняючы дзверы, Карызна чамусьці ўспомніў грубыя словы Рачкоўскага: «Верачку падчапіў? Ну і зух! Смак маеш, няма чаго казаць...»

I, успомніўшы гэтыя словы, здаволена ўсміхнуўся.

У Веры быў Андрэй Шыбянкоў. Ён сядзеў ля грубкі, эфектна заклаўшы нагу за нагу, нядбайна, знехаця перабіраў струны гітары і таямніча блішчаў у куток сваімі чорнымі загадкавымі вачмі.

Здаецца, не было нічога асаблівага ў тым, што Андрэй сядзеў у Веры Засуліч, брынкаў на гітары і блішчаў вачмі, тым часам Карызна адразу адчуў мімавольную няёмкасць. Яна яшчэ больш замацавалася ў ім, як па ягоным уваходзе Андрэй — мабыць, з простае далікатнасці — адразу пайшоў, каб пакінуць іх з Верай адных. Карызну здалася гэтая далікатнасць занадта паспешнай, падкрэсленай.

Вера пайшла зачыніць за ім дзверы і зараз жа, вярнуўшыся назад, падышла да Карызны, з дзелавітай стараннасцю прыгатаваўшы вусны да пацалунка, і з разгону павісла ў яго на шыі.

Карызна ў бурныя пяшчоты пераліваў сваё, прывезенае з раёна, узрушэнне. Яна ўважна прыгледзелася да яго, міла прыжмурыла свае цёмныя бяздонныя вочы і запытала з прыемным здзіўленнем:

— Ты вяселы?

Яму хацелася адразу, у адным слове выліць ёй усё, што бушавала ў яго ўнутры, што рвалася з нутра нястрымана-напорным імпэтам. Але як пачаў шукаць гэтага слова, дык раптам убачыў, што ў яго фактычна няма пра што і гаварыць. Нічога ж і не было такога выдатнага, асаблівага. Наогул, нічога не было. Што ён гутарыў з Рачкоўскім? Што той супакоіў яго? Дык такое ж самае супакаенне мог ён знайсці кожны дзень і тут, не ездзіўшы нават у раён. Праўда, гэта ані не змяншае яго радаснага ўздыму, яго новае ўпэўненасці ў сабе. Але як ён растлумачыць гэта? Пра што расказаць ёй?

Каб схаваць сваё мімавольнае замяшанне, ён запытаў яе ў наўмысна вясёлым бязрупатным тоне:

— Ну, што ў вас тут было цікавага за гэты дзень?

Яна дражліва прыцмокнула языком.

— Ого... Было... Ды яшчэ якое цікавае... Сказаць ці не сказаць?

I, вытрымаўшы паўзу, каб распаліць у ім большую цікавасць, нарэшце пахвалілася:

— У нас быў сёння жаночы сход... I ведаеш, што мы пастанавілі? Арганізаваць калгас...

Карызна папраўдзе здзівіўся:

— Хто гэта «мы»?

— Ну, мы...

— Бабы?

I Карызна з кплівай грубасцю зарагатаў. Вера прыкінулася, што злуецца.

— Смяецца... А мы напраўду. I не адны бабы, а ў нас і мужчыны будуць. Ужо больш як дваццаць гаспадароў згодны пайсці разам з сваімі кабетамі... Во...

Карызна ўраз суняў свой смех.

— Я ведаю, гэта зноў Зеленюкова работа.

Вера таксама кінула сваю ўдаваную злосць і зашаптала з змоўніцкай таемнасцю:

— Яго не было там, але гэта праўда, што ён. Я ўжо ведаю... Гэта Тацяна Шыбянкова надумала, а яна ўсё чыста робіць, што ён ёй скажа. I Андрэй казаў, што ён кожнага дня ходзіць да яе — усё згаварваюцца аб нечым. I наогул яны...

Але тут яна засаромелася і, кінуўшы на Карызну быстры выразлівы погляд, надзвычай міла пачырванела. Карызна цвёрдымі рашучымі крокамі хадзіў па пакоі.

— Гэтага ўжо больш не будзе. Досыць...

Вера з хвіліну глядзела на яго поўнымі нясмелай павагі вачмі, а тады раптам насупіла броўкі, сабрала вусны ў нездаволеную грымасу і загаварыла пакрыўджаным голасам:

— Праўда што... Робіць усё, што хоча, нібы ён тут начальнік нейкі... Раз ён прысланы пад твой загад, ён павінен усё рабіць так, як ты яму скажаш...

Карызну зноў закарцела выліць ёй свой новы настрой, растлумачыць ёй, што цяпер ужо будзе іначай, што ён зусім не так, як дасюль, паставіць сябе, што ён цяпер пэўны і смелы, што ён не баіцца нікога. I зноў не было адпаведных слоў, зноў не мог знайсці нічога канкрэтнага, рэальнага, з чаго можна было павесці гаворку.

Ён адчуваў, што Вера не ўпэўнена ў ягонай рашучасці, сумняваецца ў ёй. I ён чуў таксама, што ёй гэта непрыемна, крыўдна, што яна хоча, каб ён быў інакшы — смелы, рашучы, мужны, каб ён быў хоць трошку герой.