Выбрать главу

Яму стала страшна. А што, калі ён сапраўды не такі, якога яна хоча, калі ён не можа, не здольны зрабіцца такім? Ці будзе яна кахаць яго, слабога, нерашучага, палахлівага? Ці будзе яна кахаць яго, зломленага, пераможанага жыццём?

І тут упершыню паўстала перад ім ува ўсёй сваёй жорсткай няўхільнай прастаце пытанне: ці кахае яна яго наогул? Ён толькі цяпер уздумаў, што яны дасюль яшчэ не сказалі адно аднаму гэтага традыцыйнага, задрыпанага і ўсё-ткі такога патрэбнага, неабходнага слова — «кахаю».

Чамусьці ўсплыў уваччу прыгожы, таямніча-загадкавы і надзіва самаўпэўнены твар Андрэя Шыбянкова, і яму здалося, што на гэтым твары акурат ляжыць пячатка таго геройства, якога шукае Вера і якога няма ды і, пэўна, не будзе ў яго самога.

Унутры ў Карызны займалася хмара новага, дасюль нязнанага непакою.

Вера Засуліч з шчырай трывогай сачыла за ягоным настроем. Яе чулы жаночы інстынкт падказаў ёй найзручнейшы момант, калі прыйсці на дапамогу яму з сваё'й мілай, салодкай ласкай. I якраз тады, як занялося ў ім гэтае новае прыкрае пачуцце, яна кінулася да яго, моцна, па-дзяцінаму абшчапіла рукамі і, прытуліўшыся да яго ўсім сваім маленькім стройным целам, прашаптала:

— Не трэба! Не сумуй!..

Ён узяў у абедзве рукі яе галаву і, адхіліўшы ад сябе, глядзеў ёй у твар настойным праніклым поглядам:

— Ты кахаеш ці не?.. Ты папраўдзе кахаеш?.. Скажы, кахаеш?..

Яна ўпершыню бачыла яго такога моцнага, трагічна-жорсткага, і ён ёй упадабаўся. Таму яна зусім шчыра, з чыстым сумленнем адказала яму:

— Ну, кахаю ж, вядома, кахаю... Ці ты не бачыш сам?

I, вырваўшы з ягоных рук сваю галаву, яна парыўчата схавала на грудзях у яго апалены раптоўнай чырванню твар.

Цяжка сказаць, ці знайшоў Карызна сабе жаданае заспакаенне ў гэтым Верыным прызнанні. Праз увесь той вечар ён з нейкай надрыўнай прагнасцю шукаў яе ласкі, быў дзіўна настойлівы, ненасытны, быццам няўпэўнены ў заўтрашнім дні, спяшаўся як мага болей зазнаць поўнага, неабмежаванага шчасця.

Галілей ткі праўду казаў некалі Марыне Паўлаўне, што стары дурней за маладога хлопца кахае...

Астаўшыся нарэшце адна, Вера Засуліч — дарма што была позняя пара,— яшчэ доўга сядзела ў глыбокай задуме. На яе прыгожым твары, яшчэ хвіліну таму насычаным гарачай пяшчотай, цяпер ляжаў выраз сухой халоднай заклапочанасці, нібы развязвала яна трудную і страшэнна дакучную задачу. Потым, пакорна ўздыхнуўшы, яна з нязменнай сваёй рупнасцю і стараннасцю ўзялася парадкаваць у хаце і доўга з цёплым замілаваннем ладзіла на ноч сваю свежую, непарушна-чыстую, як сама яна, пасцелю.

Ужо напаўраздзетая, яна падышла да люстэрка і з хвіліну разглядала сябе ўважлівым, дапытлівым вокам. Светлая ўсмешка, якая мякка кранула яе чароўныя вусны, паказала, што Вера Засуліч сабой цалкам здаволена.

12

Праз два дні пасля гэтага брыгадзір Зелянюк атрымаў з раёна паперку, у якой яму

прапанавалі зараз жа пераехаць на працу ў другі сельсавет. У той самы дзень позна ўвечары, адбыўшы ўсе свае не вельмі багатыя перадвыязныя клопаты, Зелянюк зачыніўся ў сваім пакоі, у чыстай палавіне хаты сівалапаўскага селяніна-серадняка Малаха Загароўскага, і пісаў ліст у горад, да свае дзяўчыны, адкрываючы ў ім усю глыбіню свайго новага настрою.

Вось гэты ліст.

«Любая мая, дарагая Стася!

Уяві сабе стан чалавека, які разам з іншымі працуе на пабудове новага, цудоўна-прыгожага, яшчэ нідзе не бачанага дасюль будынка і якога акурат у той момант, як з шэрае масы матэрыялу пачынаюць ужо вырысоўвацца так доўга, так напружана чаканыя формы, забіраюць з гэтае работы, адрываючы ад найцікавейшага моманту яе творчага завяршэння.

Такі прыблізна стан цяпер у мяне. Але — ты ведаеш, Стася,— не ў маім характары наракаць, енчыць, выказваць нездаволенне. Я проста канстатую факт.

Мяне ў самым гарце работы, у момант яе бясспрэчнага наладжвання перакідаюць у другі сельсавет. Гэта — справа нашага сакратара ячэйкі, яго сяброўская мне паслуга...

Нашыя стасункі з гэтым чалавекам, пра якога я пішу табе бадай у кожным лісце, дайшлі да свайго крайняга пункта. У нас з ім выбухнуў адкрыты канфлікт, у выніку якога ён кінуў мне рэзкае абвінавачанне ў групоўшчыне, фракцыйнасці, пагражаючы «арганізацыйнымі вывадамі». Але, мабыць, трапіўся яму пад руку лягчэйшы і прасцейшы спосаб пазбыцца мяне — і вось яго вынік. Я, шчыра сказаўшы, чакаў такога канца, бо бачыў, што я замінаю яму, што мая прысутнасць чамусьці цяжарыць яго, нібы звязвае яму рукі. Я чакаў, што ён захоча вызваліцца ад мяне, але не думаў, што гэта будзе так раптам і так проста.