Выбрать главу

Завяліся ў мяне тут, Стаська, і асабліва блізкія прыяцелі, з якімі я, пэўна, і па ад’ездзе не спыню сяброўскіх стасункаў. Іх трое, і ўсе абсалютна розныя людзі. Першы – былы партызан і чырвонагвардзеец, трагічна разбіты змаганнем, хворы, але з дзіўна свежым пачуццём і чыстым імклівым розумам. Другі – камсамолец, мілы хлапчук, па-юнацкаму непасрэдны, просты і шчыры. І нарэшце трэці… адна жанчына…

Каб ты, хітрая, дрэнная Стаська, хоць трошачку менш была ўпэўнена ў маім каханні, ты магла б зайздросціць да гэтай жанчыны. Я яе «выкапаў» выпадкова і магу з законным гонарам пахваліцца, што з маіх рук яна стала свядомым грамадскім чалавекам.

Яна досыць прыгожая, па-жаноцку прыемная, вабная, але, апрача таго, разумная і надзвычай чулая. Тое, да чаго мне даводзіцца прыходзіць праз цэлы гушчар лагічных разважанняў, яна бярэ сваім вострым інстынктам і рэдка калі памыляецца. Яна глыбока ведае вёску ці, правільней, адчувае яе, асабліва яе жаночую палавіну. З яе будзе – ды і ўжо ёсць – добрая грамадская працаўніца.

Я не ведаю, у якой меры гэта можна, як кажуць, запісаць у актыў майго мужчынскага гонару, але трэба сказаць, што ад'езд мой зрабіў на яе чамусьці асабліва цяжкае ўражанне. Яна — ці толькі прачула пра гэтую навіну, адразу прыбегла да мяне — здзіўленая, ашаломленая — і запытала з крыўдай у голасе: «Ты нас пакідаеш?» Я паспрабаваў неяк пажартаваць, пасмяшыць яе, але гэта не зрабіла на яе ніякага ўплыву. Яна з хмурай упэўненасцю, скрозь якую прабіваўся балючы дакор, заявіла: «Цяпер у нас нічога не выйдзе». Я зноў смяяўся, кпіў з яе змрочнага вешчавання, з яе бязверыцы і нарэшце раззлаваў яе. Яна з едкай горкасцю ўпікнула мяне: «Табе пэўна што смешкі... Ты паехаў — і ўсё тут, а што ў нас тут будзе цяпер...» I, каб паказаць, што гэта ў яе не пустыя бабскія прадчуванні, яна аўтарытэтна дадала: «Я ўжо добра знаю сваіх людзей... Нічога не будзе... Усё скуламесіцца...» Яна супакоілася толькі тады, як мы ўмовіліся, што будзем з ёй перапісвацца і што я, як і дасюль, буду з пільнай увагай сачыць за тутэйшымі справамі.

На развітанне — злуйся ці не злуйся, Стаська,— а мы з ёй шчыра, па-сяброўску пацалаваліся.

Гэта была апошняя мая акцыя ў гэтым мястэчку. Цяпер ужо глухая позняя ноч. У мяне ўсё гатова, і праз якіх колькі гадзін пад'едзе падвода. Я наўмысля сказаў, каб прыехаў досвіта, каб не ехаць к відну — гэта мая паблажлівая ўступка сваёй слабасці.

Я не ведаю, ці патраплю хоць з гадзіну заснуць, бо ўнутры ні на момант не спадае нервовае ўзрушэнне, у якім цяжка сказаць, што пераважае: ці жаль па мінулым, ці радасць сустрэчы з новым, невдомым і цудоўна-прывабным?

Але мне і не хочацца спаць. Гэтыя апошнія ціхія, засланёныя глухой ноччу гадзіны я перабуду з табой, бо я так жыва, так горача адчуваю цябе, нібы ты і сапраўды прыйшла да мяне, мая дарагая, родная, да немагчымасці любая Стаська...»

Далей у лісце ішло ўжо рознае нестасоўнае: глупства, якое толькі можа верзці хлопец у дваццаць ці троху болей год, горача, прагавіта закаханы ў сваю дзяўчыну. Бо Зелянюк, хоць і паказваецца ў гэтым апавяданні як цалкам станоўчы, мала не ідэальны герой сучаснасці, але і ён, як кожны жывы чалавек, меў свае слабасці.

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ

1

Цімафей Міронавіч Гвардыян сядзіць на сваім адумысловым троне і маленькаю чарачкаю п'е нарзан. Яшчэ з найяснейшае пары свайго перабывання на пасадзе кур'ера высачайшай камісіі па такіх-та і такіх-та справах абсмакаваў Цімафей Міронавіч гэты цудоўны шляхетны трунак і ўжывае яго ў хвіліны найвялікшых уструшэнняў свае чулае далікатнае душы. Мабыць, з асаблівае пашаны свае да гэтага трунку ён заве яго не «нарзан», а больш гучнаю і рамантычнаю назваю — «тарзан» і, глыбока ўпэўнены ў яго жыватворнай моцы, п'е яго, як гарэлку,— размашыста, зухавата — і адчувае пасля яго лёгкае прыемнае ап'яненне.

Але сёння чамусьці «тарзан» не бярэ сілы. Цімафей Міронавіч выпівае ўжо пятую ці шостую чарку і адно чуе, як цудадзейны трунак асядае ў жываце халодным нязрушным цяжарам, не даючы нутру жаданага разгарачэння. Такі зварот справы Цімафея Міронавіча нават пужае, і ён з падазронай уважлівасцю разглядае пляшку, шукаючы ў ёй прычыны дзіўнага з'явішча. Ён успамінае, што гэтая пляшка адкаркована з тыдзень таму, калі не болей, што яна магла дасюль вычхацца, і пасля доўгіх ваганняў, здаўшыся на тое, што сёння выключны па сваёй трывожнасці дзень, адважваецца на рашучы, блізкі да самаахвярнасці ўчынак: не дапіўшы пачатае пляшкі, распачаць новую.