...Адбяруць каня... Кароў... Усіх ці не?
...Можа, накладуць які штраф... Колькі? Завошта?
...Няўжо і збожжа таксама возьмуць?
...Мо які вялікі непадужны падатак?
Цімафей Міронавіч сам разумее добра, што ўсе гэтыя меркаванні — прытульныя, але няпэўныя закутачкі, у якіх да пары хаваецца яго палахлівая свядомасць. Ён, праўда, ведае і тое, што большага быць не можа — прынамсі, цяпер, пакуль што — што ён нарыхтаваў сябе да найгоршага, і разам з тым чуе, што страх не ў гэтым, што страх зусім не мае нічога супольнага з гэтымі яго прыпушчэннямі — страх ідзе асобна, следам за імі, большы за іх і глыбейшы...
Чаго ж ён, уласна, баіцца?..
Нарэшце Цімафей Міронавіч Гвардыян упершыню за двое сутак свайго мардавання набіраецца адвагі, каб блізка, усутыч падысці да свайго непазбыўнага страху, смела прыгледзецца да яго, абмацаць яго рукамі. Ён нарэшце бярэцца за крайчык заклятае таемнае заслоны і сцеражліва, з апаскаю падымае яго.
За заслонаю — зіркатая насмешлівая пустата. Цімафей Міронавіч дагадваецца, што гэта проста гульня, што гэта страх строіць з іх хітрыя свавольныя штукі. Выходзіць, што няма чаго і баяцца? Выходзіць, што ён дарма толькі мардуе сябе?
Ён добра ведае, што гэта — самаспадман, што страх яго быў недарэмны. Ого! Цімафей Міронавіч Гвардыян не будзе дарма баяцца! Але самая думка аб магчымай безгрунтоўнасці ўсяго ягонага страху дужа пацяшае яго, і ён, напружана перагнуўшыся наперад, нібы ў яго раптам закалола ў жывот, пачынае смяяцца дробным сакатлівым смехам — першым смехам за ўвесь час, як пайшла па свеце гэтая страшная згубная замятуха.
У меру насмяяўшыся, ён хоча нарэшце суняць свой смех і з жахам пераконваецца, што не можа, не мае сілы гэта зрабіць. Яго смех нібы адлучыўся ад яго, абярнуўся ў цалкам самастойную істоту, якая жыве сваім асобным жыццём, маючы на яго нейкую сваю, зусім незалежную ад Цімафея Міронавіча, падставу. Бо Цімафею Міронавічу ані не смешна — наадварот, кожны гук гэтага дзікага смеху-сакатання аблівае яго лядовай хваляй жудасці.
У Цімафея Міронавіча маланкай бліскае страшная думка, што ён звар'яцеў. Гэтая думка пераходзіць ва ўпэўненасць, калі раптам ён заўважвае, як смех яго дзіўна сплятаецца з густым гоманам нявіднага натоўпу, з цэлым хорам людскіх галасоў, што немаведама адкуль наляцелі і атачылі яго блытаным карагодам.
Адкуль гэты гоман? Адкуль гэтыя галасы?
Ага! Гэта — адтуль... Надышло ўжо... Падступіла.
Чаму ж не бразнулі клямкаю, а загаманілі там, за акном? Ён жа двое сутак, не спаўшы, не еўшы, чакаў гэтага раптоўнага, рэзкага, пякучага бразгату, ён жа так прывык да яго ў гэтым напружаным чаканні, што іначай не мог уявіць сабе першага сігнальнага гуку небяспекі.
Замест — бразнуць клямкаю, загаманілі за акном! Гэта дык ужо папраўдзе смешна, гэта можа ўвесці і не ў гэткі рогат.
Замест клямкі — загаманілі...
I Цімафей Міронавіч аж кладзецца ад вясёлага нястрымнага смеху, які нарэшце знайшоў сабе такое поўнае, такое слушнае апраўданне.
...Як увайшлі ў чыстую палавіну, Цімафей Міронавіч Гвардыян ужо перамог свой дзікі, істэрычны смех. Ён стаяў перад люстэркам, трымаючы ў адной руцэ чарку нарзану, а ў другой — чапялу. Убачыўшы людзей, ён адышоўся да акна, асцярожна паставіў на ім чарку, потым перайшоў да свайго трона і чамусьці паставіў чапялу на самае сядзенне, а тады стаў проста перад людзьмі і ўпяў свой атупелы погляд у адну кропку, якая адразу забрала ўсю ягоную ўвагу.
За гэтую кропку быў прыгожы чарнявы твар Андрэя Шыбянкова. Усім здалося, што Цімафей Міронавіч вельмі спакойны і стрыманы, і ў іншых нават з'явілася да яго мімавольная павага — але гэта было чыстае непаразумснне: Цімафей Міронавіч проста асалапеў.
Што больш глядзеў ён у загадкава-ўсмешлівыя вочы Андрэя Шыбянкова, то ўсё шырэй і шырэй расхіналася перад ім чорная заслона ягонага страху.
За заслонай стаяла — ні больш ні менш як яго ўласнае гвардыянаўскае жыццё.
Гэта не былі згрызоты раптам ачуленага сумлення, гэта не было позняе каянне, гэта было больш страшнае і балючае: адчуванне поўнае беспаваротнае марнасці ўсіх незлічоных дзён яго нібыта добрага, сытага жыцця. Гэтыя дні грозна паўсталі на яго, парваўшы спарахнелыя ніткі аблуднага шчасця, якімі ён маніўся злучыць іх у нейкае законнае адзінства, і прыдушылі яго нязносным цяжарам свае ганебнае пустаты. Было падобна да таго, што чалавек цэлы век збіраў адусюль розны гломазд – цаглінкі, каменьчыкі, чарапкі, усё, што траплялася пад руку, што дзе няпэўна ляжала, – і ляпіў з яго пачварную, брыдкую, але мілую яго сэрцу будыніну. А ляпіў ён яе не цэментам, не вапнай, а мокрым пясочкам, які сяк-так трымаўся, покуль быў мокры. Павеяў жорсткі ядраны вецер, і ўраз расыпаўся абсушаны пясочак, і грымнуў увесь той недарэчны гломазд, заваліўшы сабой чалавека.