Урачыста скрывіўшыся і ёмка прыплюшчыўшы вока, чытаў Пацяроб пратакол. У яго цудоўна-напышаным голасе не было цяпер ні злосці, ні нянавісці, ні нават асаблівай строгасці — адно вясёлае задавальненне: ён страшэнна любіў такія важныя сенсацыйныя справы.
Цімафей Міронавіч не чуў ані слова з таго пратакола. Ён неадступна ўзіраўся ў трыумфальны твар Андрэя Шыбянкова — нават не са страхам, а з нейкай дзіўнай адзервянелай цікавасцю. Скрозь чорныя насмешлівыя Андрэевы вочы на яго глядзела насмешка бязлітаснага жыцця, што так жорстка, так балюча яго ашукала. Як скрозь шкло перавернутага бінокля, ён бачыў неспадзявана адкрыты вобраз свайго дабрабыту — пачварна маленькі, убогенькі, сабраны ў адну плаксіва-скрыўленую грымасу. I гэта ўсё было так асобна, так незалежна ад самога Андрэя, ад яго фатальнай варожасці, перад якой цеперся дрыжаў Цімафей Міронавіч, што пачынала здавацца, нібы паміж іх зусім няма ніякае злосці, нібы ўсе тыя цёмныя справы былі ў Цімафея Міронавіча з некім іншым, а Андрэй Шыбянкоў проста быў выпадковы, незацікаўлены і нават цалкам безуважны сведка. I цяпер ён прыйшоў сюды не спаганяць сваю застарэлую крыўду, а от проста так — пацікавіцца, можа, пасмяяцца троху з яго нешчаслівай прыгоды.
Цімафею Міронавічу страшэнна хацелася, каб гэта было менавіта так, каб страшны «зладзюга» Шыбянкоў абмінуў яго сваёй помстаю, і ён з прыдуркаватай наіўнасцю асалапелага ад страху злачынца памкнуўся перад ім апраўдацца. Як кончылі чытаць пратакол і настала хвіліна вельмі цяжкага маўчання, ён раптам загаварыў да Шыбянкова, смешна ківаючы галавой і дзеля большай праканаласці трымаючы перад носам палец:
— Я не злодзей... Я не ўкраў у вас, будучы, не адабраў... Я не абрабаваў вас... не... Я — па закону...
Усе застылі ў глыбокай цікавасці, усе нецярпліва чакалі, як паставіцца да гэтага Шыбянкоў.
Андрэй раптам змяніўся ў твары. Трыумфальна самадавольная ўсмешка яго абярнулася ў драпежную, зларадасную міну, твар скрывіўся ўвесь, скуксіўся, стаў меншы і непрыгожы. Ні слова не гаворачы, ён пачаў наступаць на Гвардыяна ў грознай павольнасці, працінаючы яго вострым жудасна-бліскучым зіркам.
Цімафей Міронавіч, увесь калоцячыся, адступаў дробненькім расцярушаным крокам у глыб пакоя. Нібы загіпнатызаваны страшным поглядам Шыбянкова, ён не мог адарваць ад яго сваіх вачэй, шырока расплюшчаных, нерухомых, працятых халодным жахам.
I выйшла так, што акурат у гэты момант Пацяроб, мабыць, затым, каб перапыніць гэтую прыкрую сцэну, з усёй, на якую ён здольны быў, дабрадушнасцю лэпнуў Гвардыяна па плячы:
— Эх ты, любачка!
Раптоўна — ды і не надта слабенькі — удар даляцеў да Гвардыянавай свядомасці раней, чымся вясёлыя Пацяробавы словы, і, злучыўшыся з агульным комплексам яго перажыванняў, выклікаў маланкавабыстрае, пякучае адчуванне: «Б'юць!»
I Цімафей Міронавіч у інстынктыўным парыванні да самаабароны смешным нязграбным рухам затуліў галаву рукамі і крыкнуў дзікім фальцэтам:
— Ай-яй!
Гэта было так неспадзявана і так нестасоўна да агульнага настрою, што ўсе, хто быў у хаце, зайшліся ад вясёлага смеху.
Андрэй Шыбянкоў, цяжка аддыхваючыся, вярнуўся назад з пахмурным выглядам чалавека, якому перашкодзілі зрабіць хоць і жорсткі, але высокасправядлівы ўчынак.
Цімафей Міронавіч зразумеў сваю памылку. Яму было б, пэўна, дужа сорамна, каб не перамагло ў ім другое, больш актуальнае пачуццё — паганенькая звярыная радасць шчаслівага ратунку ад небяспекі. I ён недалужна смяяўся разам з усімі, пазіраючы то на аднаго, то на другога поўзкім, ліслівым поглядам.
У яго так і астаўся гэты разгублена-прыбіты і саладжавы настрой. Нават калі ўгледзеў ён сярод людзей чырвоны карабаты твар свайго брата, нават калі Паўлюк, мабыць, упадабаўшы эфектнае выступленне Шыбянкова, таксама падступіў да яго і з усіх сіл пяўся зрабіць перад ім як найстрашнейшую міну (яна ніяк у яго не выходзіла, бо быў залішне п'яны), нават і тады Цімафей Міронавіч Гвардыян не вярнуўся да свае ранейшае станавітасці і не крыкнуў па-ранейшаму на брата — пагардліва, як на сабаку,— а ўсміхнуўся і яму і запытаў з зусім нечаканай ад яго дабротлівасцю: