— Ужо набраўся, га? Хе-хе... Выпіў сабе троху?..
Збянтэжаны такім абаротам, Паўлюк доўга бурчаў сабе пад нос нешта невыразнае.
Але быў яшчэ адзін момант, што Цімафей Міронавіч Гвардыян стаў зноў Цімафеем Міронавічам Гвардыянам у поўнай велічы свае грознае, жорсткае натуры.
Гэта было ўжо на дварэ.
Цімафей Міронавіч выйшаў з хаты з пакорнай слухмянасцю чалавека, які з мілай ахвотаю зробіць усё, што ад яго патрабуюць. Знімаючы з крўка ключы (яны спрадвеку віселі там у святой незачэпнасці, і ніхто, апроч гаспадара, не важыўся да іх дакрануцца) — знімаючы з крука ключы, ён ласкава гукнуў жонку, якая была зашыўшыся недзе ў зацішны куточак:
— Матрёша! Пойдзем!
I гэтым словам «Матрёша», сказаным, бадай, упершыню за ўсё іхняе сумеснае жыццё, ён увёў маленькую молепадобную жанчыну не ў меншае замяшанне, як і брата Паўлюка.
На дварэ былі яшчэ людзі, цэлы натоўп — яны, відаць, даўно ўжо сышліся тут і з нецярплівасцю чакалі пачатку цікавае працэдуры.
Цiмафею Міронавічу гэта была неспадзеўка, і, стаўшы на ганку, ён з хвіліну ўзіраўся ў натоўп не то са страхам, не то з здзіўленнем, не то проста з цікавасцю. I вось тут, мабыць, у апошні раз абудзіўся ў ім сапраўдны Цiмафей Міронавіч Гвардыян, суровы гаспадар і былы кур'ер высачайшай камісіі па такіх-та і такіх-та справах.
Паперадзе ўсяго натоўпу стаяў Галілей. Ён тупаў на месцы ад холаду, дробна кхекаў і, здалося Гвардыяну, падміргваў яму хітра і насмешліва.
Цімафей Міронавіч увесь страсянуўся. Невядома, ці ўжо дужа датклівае было Галілеева падміргванне, ці, можа, проста пачуў па сваёй сіле чалавека, але ўся яго звярыная злосць, прыдушаная знадворнаю, роджанаю інстынктам самаабароны падлыжнасцю, раптам скінула з сябе вымушаную заслону і паўстала ў поўнай сваёй натуральнай сіле. Ён дзіка напружыўся, рукі ў яго сутаргава сашчаміліся ў кулакі, а твар акасцянеў у драпежнай корці. Саступіўшы з ганка, ён паволі, так, як там, у хаце, Андрэй Шыбянкоў, пасунуўся на Галілея.
Стары дзівак падпусціў яго крокі на два да сябе і зрабіў смешнае, недарэчнае, зусім нестасоўнае да сталага чалавека: ён паказаў Цімафею Міронавічу Гвардыяну язык. I гэта было так неспадзявана, што Гвардыян збянтэжыўся і спыніўся, не ведаючы, што яму рабіць далей. Пакуль ён ахамянуўся, там, дзе стаяў Галілей, асталося адно пустое месца.
Дружны бязлітасна-глумлівы рогат прыгбаў апошні выбух суровага гаспадара і былога кур’ера высачайшай камісіі па такіх-та і такіх-та справах, і ён, пакорна схіліўшы галаву, пайшоў адмыкаць свае адрыны і свірны.
У Сівалапах дагараў у шчаслівым запале новае цудоўнае працы старшыня калгаса «Наша перамога» Якуб Лакота. Ён доўга і настойна адмаўляўся ад гэтай пасады – не таму, што не хацеў, а што не ўпэўнены быў у сваіх фізічных сілах. Яго ўгаварвалі з цёплай сваяцкай ласкай, абяцалі поўную ад усіх дапамогу, і ён нарэшце згадзіўся. На сакратара калгаса з яго прапазіцыі выбралі Мікіту Лаўрынёнка, маладога кемкага гаспадара, што спрабаваў некалі вучыцца на агранома.
У Якуба Лакоты ад першага таго сходу асталося ўражанне радаснага здзіўлення, блізкага да неймавернасці. Сапраўды, цяжка было даць веры, што гарачыя, смелыя яго імкненні, якія часцяком самому яму здаваліся недасягальнымі лятункамі, сталі раптам на парозе свайго здзяйснення. I сам ён будзе не толькі браць чынны ўдзел у гэтай казачна-новай будоўлі, а нават будзе ёю кіраваць.
Для Якуба Лакоты канчаткова згінулі хвіліны спакойнага адпачынку — і дні і ночы абярнуліся яму ў безупыннае напружанае гарэнне. Трагічны разлад паміж яго маладым нязгасным запалам і ўбогімі рэшткамі глыбока павераджонага здароўя дасягнуў найвышэйшага пункта. Гэта, ён чуў, не вяшчуе яму нічога добрага, але не задумляўся дужа над гэтым, бо, наогул, на сваё фізічнае здароўе глядзеў з спакойнаю абыклаю безнадзейнасцю.
У маладым калгасе адразу занялося жвавае, бадзёрае жыццё. Першыя пробліскі яго, дзіўна свежыя, яскравыя, атулены былі вяселым, чыста святочным уздымам. Якуб Лакота добра разумеў, што калектыў тады толькі адчуе сваю дзейную злучнасць і сваё значэнне, калі возьмецца супольна за якую канкрэтную жывую работу, і таму з першых жа дзён зачаў шукаць такое работы.
Пастанавілі адразу пачаць падрыхтоўку да калгаснага будаўніцтва, і на першую чаргу назначылі будоўлю вялікае стадолы на ўсю, якая мела быць абагулена, жывёлу. Дасталі дазвол на вывазку лесу, і з вясёлых масавых выездаў па яго зрабілі праўдзівую дэманстрацыю свае дружнае сілы і энергіі.