Выбрать главу

Якуб Лакота здабыў аднекуль будаўнічага тэхніка, і некалькі вечароў узапар збіраліся ў яго ў «габінеце» самарослыя сівалапаўскія архітэктары, каб разам з тэхнікам абмяркоўваць план новае будоўлі. Гэта былі дзівосныя незабыўныя гадзіны, калі з непраходна-дзікіх зарасляў цёмнай мужыцкай свядомасці, аплеценых атрутным хмелем спрадвечнага чмуру, раптам завязваўся і паволі расцвітаў пышны квет калектыўнай творчай фантазіі, імклівага домыслу і ініцыятывы. Забываліся на ўсё — на позні час, на змору, на немінучыя турботы заўтрашняга дня — і ў шчыльна збітым гарачай дружнасцю гуртку ламалі галовы над найдрабнейшымі дэталямі складаных будаўнічых канструкцый.

Гэта была першая брыгада калгаса «Наша перамога». Вынікі яе працы — яшчэ хісткія, няпэўныя, праблематычныя — разыходзіліся па ўсіх Сівалапах і залучалі ў кола далейшых меркаванняў амаль усіх калгаснікаў, а часам і аднаасобных гаспадароў. Бо што ж можа з такой сілай захапіць знудзелую ў тупой абыдзёншчыне свядомасць земляроба, як не смелыя планы хоць яшчэ і неверагоднага, але канкрэтна ўяўленага ўжо дабрабыту!

Так пачынаў жыць калгас новымі супольнымі інтарэсамі, так завязвалася новая творчая сувязь паміж яго сябрамі.

Тым часам старшыня калгаса меў яшчэ свой асаблівы клопат, якому аддаваў ён пазасталыя ад штодзённых турбот часіны: ён перарабляў свае вялікія, з такой стараннасцю і з такім цяжарам складзеныя планы. Фактычна гэта была не пераробка, а скарачэнне, звужэнне да сціслых меж сівалапаўскае рэчаіснасці. І праца гэта была Якубу Лакоту, бадай, не лягчэйшая, чымся першапачатковае іх складанне. Гэта была вельмі балючая праца, бо выпадала з бязлітаснай жорсткасцю абцінаць пышныя, квяцістыя галіны таго дрэва новага жыцця, якое стварыў быў ён у сваім творчым парыванні. Яго стан быў падобны да стану мастака-разьбяра, які, стварыўшы бязмежна прыгожы вобраз, прымушаны быў бы груба абсеч яго чароўныя формы, каб мог ён змясціцца ў прызначанай яму нішы. Але вострае адчуванне пладатворнасці свае працы, упэўненасць у блізкім здзяйсненні сваіх новых, хоць і меншых і хоць не гэткіх яскравых планаў кампенсавала яму вымушанае самаабмежаванне, і ён працаваў з даўнейшым запалам, з даўнейшай фанатычнай адданасцю справе.

Часамі траплялася, што ў сваёй заложнай рабоце сярод глухой маўклівай начы ён натыкаўся раптам на нечаканую перашкоду, на брак якіх-небудзь канкрэтных матэрыялаў пра распланаванне калгаснага поля, пра размяшчэнне тых ці іншых дзялянак, якія мог ён здабыць, толькі непасрэдна пабыўшы на месцы. Тады адкладаў ён справу да рання і да рання не зводзіў вокам, да рання кавэнчыўся на сваім мулкім ложку, пазіраючы штохвіліны, ці не сівее ўжо акно марудлівым зімовым золкам.

Нарэшце ў скрозь пракалупанай нецярплівымі вачмі цемры азначаўся хісткі квадрат акна, і Якуб Лакота зрываўся з абрыдзелага, абмуленага непакойнымі бакамі ложка. Наспех апрануўшыся, ён наўмысна млявай, размякчонай сном хадою праходзіў цераз агульную хату і, абмінаючы старую матку, якая поркалася ўжо каля печы, пазяхаў з такой заразлівай слодыччу, што той і ў думцы не было, каб гэта ён куды выбіраўся з гэткай пары на работу. Так з наіўнай дзяцінаю хітрасцю падманваў ён пяшчотную чуйнасць маткі, якая з балючай трывогай сачыла за няўхільным згасаннем свайго каханага сына.

У сенцах цішком, па-зладзейску, намацваў ён старыя лыжы — рэшткі свайго калішняга маладога раздолля — і, ухапіўшы іх пад паху, выбягаў за двор, сцеражліва азіраючыся, каб часам не злавіла яго на месцы злачынства руплівай маці.

Па полі хадзіў сінімі халоднымі хвалямі апошні перадранішні змрок. Поле драмала лядовай дрымотай — глыбока самотнае і чулае ў сваёй сіратлівай закінутасці. Працавіты шоргат лыж працінаў маркотна-застылую цішыню з жорсткай нахабнай рэзкасцю, нібы, прынёсшы з сабой смелы водгалас неспынёнага людскога жыцця, дражніўся з санлівай змярцвеласці зімовага поля.

Якуб Лакота з гоні ішоў шпарка, размашыста, успамінаючы свой калішні спрыт і падманваючы самога сябе гарачкавым выбухам свае астатняе сілы. Потым сунімаўся, зняможаны, і, хваравіта аддыхваючыся, усміхаўся пакорнай вінаватай усмешкай.

Адылі радасна было і раздольна апынуцца аднаму ў пустым заснежаным полі, дзе бяскрайняя самота давала чароўна-зманлівую магчымасць забыцца на сваю няздольнасць і пачуць у сабе былога, поўнага нязбытых сіл чалавека. Абкружэнне здаровых людзей заўсёды падкрэслівае слабасць хворага, даючы яму відочную, неабмыльную мерку ягонае немачы, і, толькі пазбыўшыся гэтых хадзячых узбораў фізічнае дасканаласці, можа ён пацешыць сябе мімалётнымі бліскамі збавіцельнага самаспадману.