Прайшоўшы з чвэртку вярсты павольным ужо, спакойным крокам, Якуб Лакота з глыбокім здаволеннем адзначаў, што ён амаль зусім яшчэ не чуе зморы, і пачынаў старанна вымяркоўваць, колькі б ён здолеў прайсці за гадзіну, за дзве, за тры — вядомая рэч, з адпачынкамі, спакваля, не спяшаючыся, бо чаго ж яму канечна ляцець, як непрытомнаму? Выходзіла, што дужа многа, і тады на паружавелым ад хады і марозу твары ў яго грала бясконца шчаслівая, радасная ўсмешка. Яму здавалася, што ён зусім яшчэ здаровы чалавек. I, неўзаметку для самога сябе, ён зноў пераходзіў на шпаркі размашысты рух, каб, з гоні прайшоўшы, зноў спыніцца, задыхаўшыся і закашляўшыся.
Згарнуўшы з сябе астатнія косы начнога змроку, зімовае поле ў раптоўнай яснасці паказвала свае прасторы. Гонка, імкліва разбягаліся ў розныя бакі белыя прытульныя далі, хаваючыся за шызыя драцяністыя хмызнякі, за гладкія пукатыя ўзгоркі. Навокал — куды ні зірні — паўставалі ўваччу з дзяцінства знаёмыя куточкі, дзіўныя і інакшыя ў сваім зімовым убранні. Якуб Лакота бесцырымонна зрываў з іх гэтае пышнае, велічнае ўбранне і апранаў іх у лёгкія квяцістыя шаты залатога лета. I нейкую часіну жыў ён тады жыццём даўно прамінулым, светлым, прамяніста-прыгожым...
Успаміны пацешна пераблытваліся, зводзячы ўместа далёкія адзін ад аднаго і дзіўна розныя моманты жыцця.
Вось засыпанае снегам глыбокае глінішча вытыркнула абвеяны ветрам кавалак свайго стромкага звалу. У чорнай адубелай гліне відаць цэлая сістэма пячурак, што дзеля забаўкі пакапалі, пасвячы коней, сялянскія хлапчукі. Напэўна, дзе-небудзь яшчэ ахавалася такая пячурка, выкапаная калісьці даўно-даўно ягонымі рукамі. Што яна мела тады выабражаць у тых чароўных казках-гульнях сонечнага дзяцінства? Можа, якую хату, можа, печку сапраўдную, зусім такую, як у хаце, нават можна паліць яе і пячы ў ёй бульбу, можа, таемнае логва якога-небудзь дужа страшнага звера?
Якуб Лакота з усмешкай успамінае, што ягоная і ўсіхныя пячуркі выяўлялі тады, як абстрэльвалі яны з гэтага глінішча атрад белапалякаў. З гэтых пячурак слаўныя выйшлі былі байніцы!
Успамін далёкага дзяцінства шчытна сплятаецца з пякуча-яскравымі карцінамі партызаншчыны. I цяжка азначыць, што мілей успамінаецца: тое ці тое?
А вунь далёка леваруч паўстае густая сцяна лесу. Гэты лес завуць Ганніна пушча, і пра рамантычна-таемную Ганну блукае па ўсёй акрузе ці мала страшных і прыгожых легенд, якія калісь былі і яму глыбейшай сапраўднасцю, чымся тое, што ён бачыў наўкола на свае вочы.
Якуб Лакота ўспамінае, што яму якраз і трэба да гэтае пушчы, і збочвае туды з вялікай ахвотай.
Тут зноў ружовыя карціны дзяцінства (грыбы, ягады, арэхі, лісавы норы), і праз кволую іх ружовасць гарачай чырванню выступаюць нязводныя плямы першага пачуцця — магутнага і дурнога, дзівачнага і без меры прыгожага, яснага.
Ён зварачае ў лес па вузкім, абвешаным снегавым серпанцінам праходзе, які астаўся на месцы летняй дарогі. З ціхім здзіўленнем прыглядаецца ён да знаёмых мясцінак, што пахаваліся ад яго пад белай маскай зімы, вышуквае іх, выцягвае вокам з-за снегавой заслоны. Ад яго не схаваешся, не!
Вось пад гэтым дубам — не іначай як пад гэтым — знайшоў ён некалі дваццаць баравікоў за адзін раз. Як марудна расце гэты дуб! Ён амаль астаўся такі, як тады, колькі дзесяткаў год таму. А можа, гэта змяніўся маштаб ягоных вачэй і тое, што ўдвая ці ўтрая пабольшала, яму выдае гэткім самым?
А вось тут трэба звярнуць з дарожкі і пашукаць аднаго дужа патаемнага і дужа зацішнага месца. Да яго нялёгка дапасці — тут і ўлетку цяжка прайсці, а ўзімку, на лыжах, і пагатове. Але дзе ж ён, быўшы тут, абміне той чароўны куточак, што некалі цвіў у яго сэрцы адзінымі, непаўторнымі ў чалавечым жыцці краскамі?
Пяць прысядзістых шырокіх дубоў абсталі маленечкі лапік-палянку. Папраўдзе, тут улетку павінна быць дужа прыгожа. Жывы шацёр.
Але як не падобна тут цяпер да таго, што было! Урослыя ў снег дубы паніжэлі, адрузлі, сталі старыя і непрыязныя. Замест прытульнае палянкі — крывы сумёт жорсткага снегу.
На вуснах у Якуба Лакоты стыне маркотная балючая ўсмешка. Ён няўцямна азірае палянку, потым узнімае вочы ўгору — мо там асталося што ад ранейшага хараства? — і бачыць жудасна пакарожаныя чорныя рэбры, а на іх дзе-нідзе, як лахманы на брудным целе старога жабрака, чмарае, струхлелае лісце.
Ён зноў пераводзіць погляд на паляну і спрабуе ўявіць на ёй далёкі, напаўзабыты вобраз. Ён бачыць яе — самотную, беспарадную — яна плача і працягвае да яго свае рукі, як тады, у астатні раз. З сэрца ў яго цяжка выціскаецца кропля даўнае, рэдкае, вадзяністае пяшчотнасці. I разам з тым, як падае з сэрца гэтая ўбогая кропля, ураз знікае і той смутны перабалелы ўнутры ў яго вобраз.