Выбрать главу

Іхняе каханне скончылася пасля таго, як дзікая белагвардзейская экзекуцыя абярнула яго ў недалужныя руіны былога чалавека. Вобраз яе смутнае, з слязьмі ў вачах, з выцягнутымі да яго рукамі — гэта апошняя сустрэча іх на гэтым вось месцы перад тым, як ішоў ён на страшную рызыкоўную справу.

Якуб Лакота ўсміхаецца ўжо без смутку і болю.

Пакуль ён праз колькі год лячыўся, збіваў сяк-так абломкі свайго разбітага цела, яна выйшла замуж. Як ён нарэшце вярнуўся ў Сівалапы і сустрэў яе, яна пастаралася была зірнуць на яго з ранейшай пяшчотнасцю і балюча абразіла яго сваім вымушаным поглядам.

Яна і цяпер жыве тут — з яе выйшла грубая, звяглівая баба. Якуб Лакота часам думае: якая была б яна, каб іначай тады, у другі бок павярнулася было іхнае жыццё?

I тады ўсміхаецца без смутку і болю...

Аддаляючыся ад знаёмага куточка і ўглыбляючыся ў нетры лесу, Якуб Лакота адначасна аддаляецца думкамі ад сацьмелых вобразаў таго чароўнага часу і ўглыбляецца ў густыя нетры далейшага свайго жыцця. Смешна і сумна: у гэтым жыцці не было ў яго больш жанчыны. Думкааб гэтым уводзіць яго ў сарамлівае здзіўленне, за якім цішком хаваецца настойлівая нязбыўная прагнасць да непазнаных уцех, якую ён зазвычай бязлітасна душыў у сабе цвердай свядомасцю свайго няўздольнага стану.

Сёння ён адчувае сябе паўнамоцным чалавекам, і сёння злачынная прагнасць бярэ ў ім сваю законную неабмежаваную сілу і абарачаецца ў шчымліва-журботнае імкненне.

Няўжо ён, не жыўшы, пражыў ужо ўсё сваё мужчынскае жыцце? Няўжо ён не можа знайсцi сабе — хай не зусім поўнага, хай палавіннага, але сапраўднага чалавечага шчасця?

З раптоўнай смеласцю і задорам ён пачынае перабіраць сівецкіх жанчын, успамінае свае мімалётныя сустрэчы з імі і ператлумачвае ў пэўны кірунак іхную сяброўскую да яго прыязнасць і ласку. З асаблівай упартасцю думка яго сунімаецца на Тацяне Шыбянковай.

Тацяна ад таго часу, як паехаў Зелянюк і як утварыўся сівалапаўскі калгас, часта прыходзіць да яго. Яна не баіцца, не бярэ жаднай увагі на тое, што гэтыя прыходы могуць выклікаць якія-небудзь нядобрыя дзейкі, могуць набыць сабе ў грамадзе непажаданае тлумачэнне. Ці гэта добра яму, ці дрэнна? Можа, яна проста не мае яго за мужчыну і таму так спакойна ідзе да яго, часам нават позна зусім, амаль уначы?

Яна прыходзіць і заўсёды з спакойнаю, трошачку сарамліваю ўсмешкай пытаецца:

— Я не перашкоджу табе, Якубе?

Потым сядае і пачынае распытваць пра калгас, пра ўсе драбніцы яго маладога жыцця і ў адказ на ягонае захапленне радуецца ціха і проста, з мяккай жаночай стрыманасцю. Неадменна пытаецца кожны раз пра Зеленюка, ці няма ад яго якой весткі, і заўсёды пахваліцца, калі атрымала ад яго ліст, нават троху-патроху перакажа ўвесь яго змест. Яна заўсёды глядзіць на яго, на Якуба Лакоту, з яснай, але зноў жа трошачку сарамлівай ласкай, нібы хавае ў сабе нейкае сваё бабскае замяшанне.

Можа, гэты мяккі, надзвычай прыемны погляд яе тоіць у сабе незразумелае яму салодкае абяцанне? Можа, яе прыходы — гэта выяўленне яе асаблівага да яго пачуцця?

Сэрца ў Якуба Лакоты ад гэтае думкі пачынае тукаць у хворых грудзях з недазвольнай заўзятасцю і збівае навакол сябе клубок даўкага болю, які прымушае спыніцца і аддыхацца. Разам з гэтым і спыняюцца смелыя, не ў меру гарэзныя яго думкі-лятункі, з разгону наткнуўшыся на адчуванне безнадзейнае фізічнае немачы.

Канчаецца лес, і разам з ім канчаецца кароткі экскурс Якуба Лакоты ў цьмяна-ружовы край яго пачуццёвага рання, і асядаюць жорсткастрыножаныя лятункі яго пра нязбытнае (а можа, ужо і непатрэбнае?) шчасце.

Адгарадзіўшыся ад свае хвіліннае слабасці сцяной бязмернай дзелавітасці, ён бярэцца за патрэбныя яму выгляданні і робіць іх перш з хмураю напружанасцю, з халоднай увагай. Адылі твар яго распагоджваецца, чыстыя вочы загараюцца светлым іскрыстым агнём, і вусны шукаюць абыклае радасна-шчаслівае ўсмешкі.

Ён зноў удаецца ў палкія нястрымныя летуценні. Гэтыя летуценні — законныя, паўнапраўныя, і ён не толькі не гоніць іх ад сябе, а старанна песціць у сваім сэрцы, бо ж у іх, у гэтых смелых і разам з тым такіх блізкіх, такіх дасягальных лятунках,— праўдзівае неад'емнае ягонае шчасце!

Пустое бязмежнае снегавае поле — ці ёсць дзе большая прастора вольным разлётам гарачай фантазіі чалавека? Тут нічога не трэба бурыць ці перайначваць, пераабражаць — на чыстым шырокім раздоллі можна смела ўзнасіць якія-хаця гмахі, можна разводзіць пышныя райскія сады, можна стварыць зусім новы свет, не звязаны формамі сучаснасці.