Ён стварыў сабе такі свет. Хто яго ведае? Можа, свет гэты зусім аблудны, няўжытачны чалавеку, можа, ён адно смешны ў сваёй наіўнай нязграбнасці? Пра гэты свет ён нікому не гаварыў і не скажа — ён рабіў яго для сябе, каб аздобіць сваю жыццёвую дарогу ясным хараством далёкай мэты. Ён рабіў яго здаўна, складаў яго па маленькім кавалачку — і таму ў ім дзівосна памяшаліся кволыя краскі дзяціных лятункаў з цаглінамі сталых вымеркаванняў дарослага чалавека.
Ён стаіць сярод самотнага поля і, пільна ўзіраючыся ў снегавую даль, бачыць там абрысы збудаванага ім свету. Яны — перш невыразныя, бледныя — набіраюць з кожнай хвілінай усё большае лёгкасці, яны відавочна ружавеюць і, сагрэтыя гэтай ружовасцю, яшчэ большую маюць прывабнасць.
I яшчэ больш яскравеюць фарбы, празрыстая ружовасць насычаецца новаю сілай, пыхае новым агнём — і ўжо гарыць, паланее гордая пераможная чырвань!
Гэта ўзышло нарэшце познае зімовае сонца. Яно вынырнула з пульхнае белі снягоў, як з белых пухавых падушак вясёлы тварык дзіцяці, і з шчырай цікавасцю зірнула на дзівачную будоўлю апантанага чалавека. I, глыбока расчуленае нечаканым хараством, з цёплаю ласкай пагладзіла яго сваімі мяккімі косамі.
Якуб Лакота спяшаўся дадому, да тлумных шчаслівых турбот, у якіх дагарала яго павераджонае здароўе і сіла.
На камсамольца Віктара ад'езд Зеленюка зрабіў глыбокае ўражанне. Праз доўгі час ён не мог быў пазбыцца дакучлівага пачуцця сіратлівай журбы, нібы спасцігнула яго ў жыцці вялікая беззваротная згуба. Ды яно так і было, бо яго шчырая дружба з Зеленюком, яго пяшчотная адданасць гэтаму чалавеку стала ддя яго адным з найглыбейшых рухаў маладой неспакушонай натуры. У ягоным жыцці сапраўды адкрылася балюча-пустое месца.
У такіх выпадках заўсёды горкасць перажывання знаходзіць сабе нейкі асобны, часам нават малазначны пункт ддя свае фіксацыі (можа, гэтым чалавек інстынктыўна хаваецца ад уяўлення ўсяе велічы страты?) — і ў Віктара за гэты пункт была дробная выпадковая акалічнасць: ён не развітаўся з Зеленюком. Увесь свой смутак пераліваўся тады ў едкую шчымлівую крыўду.
Ён ведаў, што Зелянюк паедзе ўранні, але не думаў, што гэтак рана. Яшчэ досвіта прыбег ён да Малахавае хаты і, убачыўшы, што ў чыстай палавіне гарыць святло, увайшоў здаволены, рады, што не спазніўся, што яшчэ заспеў перад ад’ездам свайго прыяцеля. Яго крыху здзівіла, што ў гаспадаровай палавіне зусім цёмна, але ён доўга аб гэтым не разважаў і адразу падаўся да Зеленюка.
Зеленюка ўжо не было. У ягоным пакоі непрыемна кінулася ў вочы халоднае бязладдзе, якое, астаючыся па ад’ездзе чалавека, заўсёды наганяе на блізкіх смутак і нездаволенне.
Па падлозе рассыпаны былі падраныя паперы, а на стале ляжаў грудок кніг — можа, забытых, а можа, наўмысля пакінутых тут. Над кніжкамі схілілася ў глыбокай цікавасці Аўгінька. Як увайшоў Віктар, яна спужана адскочыла ад іх, адылі раззлавалася на свой наўмысны спалох і пачала спаганяць злосць на небараку Віктару:
— Ага, паехаў? Што, спазніўся? Ага?
У яе ў голасе поўна было праўдзівае, блізкае да слёз, злосці, але прычына той злосці была, безумоўна, не ў тым, што Віктар так пахабна яе патурбаваў: Аўгінька такім спосабам вылівала сваё нездаволенне ад'ездам Зеленюка, бо і яна глыбока была да яго прывязалася і прывыкла бачыць у ім свайго блізкага чалавека.
Віктар дзеля прылікі запытаў, ці даўно паехаў, і панура сеў на зэдлік, што нядбайна высунуты быў на сярэдзіну хаты.
Аўгінька дражнілася далей, толькі ўжо троху ў іншым кірунку:
— Ага, цяпер не будзеш хадзіць? То дык на дні па дваццаць разоў, а цяпер дык не тое ўжо? Ага, нахадзіўся?
Віктар скоса зірнуў на яе і зрабіў трагічнае вока.
— А ты што, дужа рада?
Тут Аўгінька злавіла сама сябе на тым, што гэта яна, можа, больш сабе дапякае, чымся яму, і заціхла ў раптоўнай смутнай сур'ёзнасці. Віктару гэта ўпадабалася, і ён як мага развіваў свой пакорна-пакрыўджаны тон:
— Табе, мусіць, абрыдла, што я хаджу сюды? Ты толькі чакала таго, каб як адчапіцца? Не ўспеў ён паехаць, як ты ўжо з хаты гоніш, ужо загадзя кажаш, каб не прыходзіў. Добра, я не прыйду... Я магу не прыходзіць, калі табе гэтага хочацца.
Яна адвярнулася, каб схаваць свае слёзы, і прашаптала з пяшчотным дакорам:
— Віця!..
Яны абое ледзь трымаліся, каб не заплакаць, і абое глыбока ўпэўнены былі, што гэта — з крыўды за ўзаемныя незаслужоныя дакоры.
Але ткі Віктар і папраўдзе падумаў, як гэта будзе яму цяпер сустракацца з Аўгінькай, ці выпадае пяпер прыходзіць да яе без дай прычыны. Яшчэ каб былі яны ў калгасе, тады б, можа, і нішто, часам можна было б залучыць. А так — ніякай грамадскай сувязі.