Выбрать главу

P.S. Калі артыкул ужо быў набраны, я прачытаў у рэспубліканскім друку публікацыю «Вывады камісіі» — аб выніках работы камісіі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, у якую як дэпутат Вярхоўнага Савета быў уведзены і я. Лічу сваім абавязкам сказаць, што вывадаў камісіі ў такой рэдакцыі, як пададзена чытачам, я не падпісваў. На пасяджэнні Прэзідыума Вярхоўнага Савета 14 лістапада, дзе разглядаліся вынікі работы камісіі, мною было адназначна заяўлена, што забарона правядзення «дзядоў» — грубая памылка, якая абярнулася шкоднымі, дэстабілізуючымі для грамадска-палітычнай атмасферы вынікамі.

«УСЕ ЛЮДЗІ ЖЫТА СЕЮЦЬ...»

Выступленне на адзінаццатай сесіі Вярхоўнага Савета БССР адзінаццатага склікання 29 ліпеня 1989 г.

Паважаныя таварышы дэпутаты! У даўняй беларускай песні ёсць такія радкі: «Усе людзі жыта сеюць, а я сваё гора». Сёння мы можам ужо пра ўвесь наш народ, пра ўсіх нас сказаць: «Усе людзі жыта сеюць, а мы сваё гора». Адна пятая тэрыторыі, па прыблізных падліках, а можа ўсё-такі і больш (мы звычайна лічым не ў карысць сабе), забруджана радыяцыяй, але мы на ёй сеем і здабываем прадукт. Мы сеем сваё заўтрашняе гора. Значыць, трэба адумацца, апомніцца і перастаць сеяць на гэтай зямлі гора. У нас і так была цяжкая экалагічная сітуацыя ў рэспубліцы. Цяпер, улічваючы вось гэтую новую бяду, яна ў нас неймаверна ўскладнілася, і я выкажу рад канкрэтных прапаноў.

Мая першая прапанова — аб'явіць афіцыйна, не ведаю, спецыяльнай пастановай Вярхоўнага Савета ці як іначай, але аб'явіць афіцыйна ў рэспубліцы надзвычайную экалагічную сітуацыю. Так і апавясціць увесь свет: мы — рэспубліка надзвычайнай экалагічнай сітуацыі. На доўгія гады. Не толькі на той, забруджанай, тэрыторыі, а па ўсёй рэспубліцы, таму што ўся рэспубліка бярэ на сябе адказнасць і ўвесь груз, і ўвесь цяжар, і ўсю трагедыю, якая здарылася на нашай зямлі, не па нашай віне, як тут гаварылася. Учора і сёння столькі выступіла разумных людзей з такім глыбокім усведамленнем праблемы як драмы і трагедыі народнай, што застаецца здзіўляцца, сапраўды, дзе ж мы ўсе былі раней, чаму толькі праз тры гады мы загаварылі на ўвесь голас і з тым грамадзянскім і чалавечым болем, з якім павінны былі загаварыць у свой час.

Хачу сказаць, што галасы, перш за ўсё, мне гэта вядома, галасы некаторых вучоных, пісьменнікаў, раздаваліся даўно, і гэта былі не проста галасы, а ўсё-такі гэта быў крык, калі хочаце, лямант, што трэба нешта рабіць. Да іх, на жаль, не прыслухоўваліся.

Я ўспамінаю, два гады назад на сустрэчы Бюро ЦК КПБ і прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі пісьменнікі гаварылі пра гэта, гаварылі, што гэта праблема надзвычай страшная для нас і трэба яе вырашаць. І вось у сувязі з гэтым немагчыма не сказаць, не ўзняць пытанне пра дэмакратыю і недэмакратыю. Я не буду на ім спыняцца надоўга, але давайце падумаем. Калі б да тых галасоў знізу, з народа, прыслухаліся своечасова, напэўна б, мы раней узяліся за вырашэнне гэтай праблемы. Але, на жаль, мы прывыклі за дзесяткі гадоў старой завядзёнкі: ёсць начальства, яму відней, яно лепш ведае, што рабіць, а мы будзем цярпець. Ну і вось дацярпеліся, усё-такі прыходзіцца рашаць усім нам і ўсяму народу. Я толькі дабаўлю да гэтага, што і ўсім нам, дэпутатам, павінна быць трохі сорамна. Маглі б мы на нашых сесіях даўно падняць гэта пытанне.

Цяпер наступныя прапановы. Я думаю, што гэту праграму сёння мы прыняць не можам. Маё меркаванне, як і многіх з тых, што выступілі, паколькі мы ствараем сёння камісію спецыяльную, даручыць камісіі ў вельмі жорсткі, зусім кароткі, сціслы тэрмін дапрацаваць праграму, а затым склікаць зноў нечарговую сесію Вярхоўнага Савета БССР, хоць сабе і праз месяц, а трэба, дык і раней. Я думаю, калі пытанне ідзе пра жыццё або смерць нацыі, народа, то тут не трэба ні з чым лічыцца і разгледзець, і зацвердзіць праграму, як толькі яна будзе гатова. Я прапаную: наконт усіх тых 508 вёсак, якія значацца ў праграме на адсяленне на тры этапы, трэба паставіць пытанне аб адсяленні жыхароў з тых вёсак неадкладна. Неадкладна! Пры гэтым даверыць, даручыць справу адсялення мясцовым уладам. Я згодзен з таварышам, які выступаў і гаварыў пра тое, што не лічацца з мясцовымі ўладамі: абласнымі, а тым больш раённымі. Даверыць пры гэтым мясцовым уладам разабрацца, якія канкрэтныя вёскі, у якой паслядоўнасці, сёння ці заўтра (там ім на месцы лепш відаць) трэба адсяліць з гэтай тэрыторыі людзей, трэба ратаваць людзей і заспакоіць усю рэспубліку гэтым самым. Калі мы адселім людзей, то праз дзесяткі гадоў гэтыя землі ачысцяцца, стануць зноў прыгоднымі для таго, каб карыстацца імі, дык на іх могуць вярнуцца хоць дзеці ці ўнукі, а так не будзе каму і вярнуцца.