Выбрать главу

І яшчэ. У сувязі з тым, што, як я ўжо казаў, адна пятая (20 %) тэрыторыі выбыла з карыстання, адпаведна гэтаму трэба знізіць пастаўкі для нашай рэспублікі ва ўсесаюзны фонд. І яшчэ ўлічыць, што мы, астатняя тэрыторыя, ну, скажам так, 80 працэнтаў, бярэ на сябе тых жыхароў, каго трэба карміць, адселеных з адной пятай тэрыторыі. Значыць, адну пятую насельніцтва. Такім чынам, мы павінны прыняць такую пастанову, звярнуцца ва ўсесаюзны ўрад з такім патрабаваннем: знізіць нам працэнтаў хаця б на 30 пастаўкі ва ўсесаюзны фонд.

Наступная мая прапанова. Я падтрымліваю ўсіх тых, хто сказаў, што трэба адклікаць усе сілы нашых будаўнікоў і іншых арганізацый, якія сёння знаходзяцца за межамі Беларусі. Я ўпэўнены, што людзі ў другіх рэспубліках зразумеюць нас, не асудзяць і не палічаць, што мы адыходзім ад прынцыпаў інтэрнацыяналізму. Калі ўвесь Савецкі Саюз будзе ведаць, што ў нас надзвычайная экалагічная сітуацыя,— крыўды на нас не будзе.

І апошняе. Я ўчора хацеў задаць Уладзіміру Гаўрылавічу Еўтуху пытанне, але, бачыце, мы так дэмакратычна праводзім нашу сесію, што мне не далі задаць гэта пытанне — старшыня Вярхоўнага Савета Іван Якаўлевіч Навуменка не даў. Я думаю, таварышы, што мы надта спяшаемся галасаваць. Вось і ўчора, хутчэй прагаласавалі, што пытанні падаюцца толькі ў пісьмовай форме. А чаму б і не ў пісьмовай, а і ў вуснай форме не задаць пытанне? І задаць у вуснай форме — гэта не значыць, што дакладчык тут жа адказвае. Ён скажа: я адкажу на гэта пытанне пасля, як буду мець заключнае слова. Гэта — да парадку нашай работы.

Дык вось якое я хацеў задаць учора пытанне. Можа быць, не ўсе дэпутаты ведаюць, што на Украіне таксама выдадзена карта заніравання, дзе можна збіраць грыбы, а дзе зусім нельга, а дзе з дазіметрычным кантролем... На месяц з гакам пазней апублікавана на Украіне такая карта. І гэтая ўкраінская карта істотна не супадае з нашай беларускай картай. А іменна ў прыгранічных раёнах. Скажам, вось у нас на захад ад Дзівіна ўжо ідзе зусім чыстая тэрыторыя. Можна ўсякія грыбы збіраць. На ўкраінскі бок тут жа, ля граніцы, можна збіраць, — і гэта тэрыторыя на дзесяткі кіламетраў цягнецца — можна збіраць грыбы толькі з дазіметрычным кантролем. Далей: Жытомірска-Палескі запаведнік заштрыхаваны як тэрыторыя, дзе зусім нельга збіраць грыбы. На суседняй прыгранічнай тэрыторыі з беларускага боку можна, аказваецца, збіраць грыбы з дазіметрычным кантролем. І далей на ўсход таксама ёсць несупадзенне ўжо ў супрацьлеглы бок, калі ў нас можна збіраць грыбы з кантролем, а ў Чарнігаўскай вобласці, у прыгранічнай, нельга зусім збіраць.

Паважаныя таварышы! Вы ведаеце ўмоўнасць гэтай граніцы. Ну, яе і людзі не прызнаюць. І мы не лічымся з ёй, таму што там нават і слупкоў няма, тым больш ніякай жалезнай сцяны. Але грыбы і падаўна не прызнаюць гэту граніцу. І вецер, і дождж, якія пераносяць радыеактыўныя нукліды, пераносяць забруджанне, не прызнаюць гэтых граніц. Вы ўяўляеце: адзін велізарны лясны масіў, дзе там якія граніцы? Вядома, напэўна, ёсць разыходжанні. Але вось каб так жалезна, як адрэзана, іменна па граніцы? Дайшлі гэтыя самыя нукліды да граніцы і спыніліся і далей не пайшлі? Так не бывае. Таму я хацеў бы спытаць ва Уладзіміра Гаўрылавіча, ці вядома яму пра гэта несупадзенне ў картах беларускай і ўкраінскай. А калі вядома, то чым гэта растлумачыць? Дзякую за ўвагу.

СПАКОЙНА, РАЗВАЖЛІВА, ПА-ЛЮДСКУ

«Звязда» за 7 кастрычніка 1989г.

Здаецца, што наша грамадства, калі браць агулам, сёння ўжо зусім ясна разумее: нацыянальнае пытанне ў шматнацыянальнай краіне — у выніку адступлення ад дэмакратычных пазіцый — аказалася ў запушчаным стане, у практычным ажыццяўленні нацыянальнай палітыкі выявіліся згубныя дэфармацыі, узніклі вельмі складаныя праблемы, якія трэба неадкладна вырашаць. Гэту відочную рэальнасць прызнала кіраўніцтва краіны і партыі, па-дзяржаўнаму цвяроза ацаніла сітуацыю і намеціла канкрэтныя шляхі выпраўлення становішча — маю на ўвазе толькі што прынятую на Пленуме ЦК КПСС «Платформу».