Выбрать главу

НАША ТРЫВОГА НАРАСТАЕ З КОЖНЫМ ДНЁМ

Выступленне на VII сесіі Вярхоўнага Савета БССР 10 снежня 1991 г.

Паважаны прэзідыум, шаноўныя калегі народныя дэпутаты! Калі б за гэту работу, якую мы пачалі рабіць сёлета, мы ўзяліся пяць гадоў назад, і ў краіне, і ў рэспубліцы сёння былі б відавочныя вынікі. Але што цяпер пра гэта гаварыць, час упушчаны, і трэба рабіць тое, што мы яшчэ здольны зрабіць.

Агульная выснова Камісіі па адукацыі, культуры і захаванню гістарычнай спадчыны — праект Дзяржаўнай праграмы пераходу да рыначнай эканомікі трэба дапрацоўваць з улікам таго, што запісана ў абвешчанай Дэкларацыі аб поўным суверэнітэце БССР, і з улікам прыярытэтнай увагі праблемам адукацыі і культуры. Наша трывога за стан адукацыі і культуры нарастае з кожным днём. Вельмі прывабна гучаць лозунгі і тэзісы пераходу да рыначнай эканомікі, але што чакае ва ўмовах пераходу і пасля — ва ўмовах ўсталявання рыначных адносін — адукацыю і культуру? І паводле праграмы, і паводле ўсіх выступленняў, адукацыя і культура не ставяцца ў цэнтр, не кладуцца ў аснову, а застаюцца пабочным дадаткам, нейкім даважкам. Тое, што было і заўсёды дагэтуль. Вось, маўляў, галоўнае, самае важнае, ну а там яшчэ ёсць адукацыя і культура, сёе-тое з нашай увагі ўдзелім і ім. На маё перакананне, гэта памылка з катастрафічнымі вынікамі. Недаравальная наіўнасць спадзявацца на ўздым эканомікі, гаспадаркі, дабрабыту ў неадукаванай, цёмнай краіне. А ўзровень адукацыі, культуры, духоўнасці, маралі ў нас працягвае падаць. Нас абганяюць нават слабаразвітыя краіны. Пра якія сучасныя тэхналогіі можа быць гаворка? Як мы забяспечым развіццё рынку, такога рынку, каб з ім, гэта значыць з намі, лічыліся высокаразвітыя, эканамічна моцныя краіны?

Падмурак усёй эканомікі — адукаваны і культурны чалавек, яго інтэлектуальная сіла. Рынак сёння — гэта рынак розуму, рынак інтэлектуальнай працы. Можна здзіўляцца, як мы не хочам зразумець тое, што разумеюць у цэлым свеце і што ў цывілізаваных краінах з'яўляецца даўно рэальнасцю. Там сярэдняя заработная плата настаўніка і работніка культуры вышэй сярэдняй заработнай платы ў краіне. Спецыяліст, талент павінен каштаваць удвая-утрая даражэй, Гэта галоўны рэзерв у развіцці эканомікі. Яго сярэдняя зарплата павінна ў нас быць вышэй сярэдняй агульнай заработнай платы. Яна ў нас намнога ніжэй. Зразумеем жа нарэшце, што самы дарагі тавар — інтэлект, розум чалавечы, веды і ўменне, талент. Дык паклапоцімся, каб гэты тавар не сыходзіў за бясцэнак. Патрэбна гарантаваная датацыя дзяржавы на адукацыю і культуру, патрэбны не лічбы ў мільёнах, а цвёрдая доля нацыянальнага бюджэту, і такая доля, як у высокаразвітых краінах свету. Датацыя дзяржавы — гэта адно. У новых умовах гэтага, аднак, недастаткова. Трэба знайсці механізм, каб кожны гаспадарнік быў зацікаўлены падтрымліваць адукацыю і культуру. Якія гэта могуць быць механізмы? Напрыклад, ільготнае падаткаабкладанне прадпрыемства, прыярытэтнае матэрыяльнае забеспячэнне і, відавочна, многа што іншае. На думку камісіі, трэба стварыць нацыянальны фонд адукацыі і культуры і разумна ім распараджацца. У высновах камісіі шмат канкрэтных прапаноў, як, напрыклад, адмена абавязковай усеагульнай сярэдняй адукацыі, запрашэнне на працу ў сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы замежных спецыялістаў, падрыхтоўка спецыялістаў рыначнай эканомікі. Самастойнасць адукацыі і культуры ў расходаванні бюджэту, стварэнне шэрага прадпрыемстваў, такіх, як завод грампласцінак, студый гуказапісу і інш., якія забяспечаць развіццё пэўных галін культуры і дадуць фінансавыя сродкі.

Паважаныя таварышы! Калі мы перавядзём культуру цалкам на рэйкі камерцыі, мы даб'ём, даканаем і тыя рэшткі духоўнасці, маральнасці, якія ў нашым грамадстве яшчэ засталіся, на якіх яно яшчэ трымаецца. Фактаў, якія сведчаць, што можа чакаць нашу асвету і культуру ва ўмовах пераходу да рыначных адносін, калі дзяржава не паклапоціцца, не возьме пад абарону гэтыя сферы, ужо многа. Напрыклад, у два разы паднялі цэны на часопісы і газеты. І вось бібліятэкі, і школы, і школьныя кабінеты застаюцца на 1992 год без жыццёва неабходнай літаратуры, бо грошы ж былі выдзелены без уліку павышэння цэн. І ў першую чаргу гэта б'е па беларускіх выданнях, якія апынаюцца літаральна ў катастрафічным становішчы. Нават партыйныя выданні, спасылаючыся на новыя эканамічна-фінансавыя ўмовы, тыя выданні, што 50, 60 і нават 70 гадоў выходзілі на беларускай мове, пачынаюць пераходзіць на двухмоўе, аб'яўляюць сябе руска-беларускімі. Дарэчы, дазвольце не паверыць, што наша магутная партыя раптам так абяднела, што рашыла сэканоміць і паправіць свае фінансавыя справы за кошт беларускай мовы, яе выцяснення з ужытку ў партыйных выданнях. Значыць, прычыны ці матывы іншыя. Проста вялікія патрыёты рэспублікі выкарыстоўваюць магчымасць, каб аслабіць працэс нацыянальнага адраджэння Беларусі, яе мовы і культуры. І гэта, заўважце, тады, калі Вярхоўны Савет абвясціў Дэкларацыю аб суверэнітэце Беларусі, калі прыняты Закон аб дзяржаўным статусе беларускай мовы і Савет Міністраў зацвердзіў Дзяржаўную праграму ажыццяўлення Закона аб мовах у БССР. Я прашу прабачэння, можа быць, за залішне рэзкія словы, але мне асабіста бачыцца ў гэтым нешта вельмі непрыгожае, як бы чыніцца нейкае адступніцтва, нейкая здрада, адным словам, нешта з гэтага роду, паўтараю, вельмі непрыгожае. Што ж чакаць ад гаспадарнікаў, калі тэарэтыкі, ідэолагі ідуць на такое? Сёння я атрымаў ліст трох рэдактараў беларускіх часопісаў — «Полымя», «Нёмана» і «Беларусі». Гэта трагічны дакумент, таварышы, гэта суцэльны боль і крык, але гэта і прысуд дзяржаве, грамадству, якія не клапоцяцца пра будучыню нацыі, такія абыякавыя да лёсу нацыянальнай культуры. Выснова аўтараў пісьма: мы не можам глядзець на культуру вачыма недальнабачных фінансістаў. Рэдакцыйныя калектывы гэтых часопісаў пад пагрозай распаду. Часопісы могуць перастаць існаваць, зусім рэальная перспектыва на самы бліжэйшы час.