Максім Багдановіч — гэта мой пажыццёвы непазбыўны боль.
Ну, а многія, напэўна, адказалі б зусім проста. Багдановіч — гэта:
Або:
Або:
Або:
Думаю, што вось такія адказы — адказы ягонымі ж радкамі — засведчылі б самае галоўнае, а менавіта: яго паэзія і сёння жывая, як само жыццё, і абыйсціся без яе — проста немагчыма!..
Дасканала выхаваны на вялікай рускай літаратуры і культуры, на класічнай і сучаснай літаратуры свету, на літаратуры і народнай творчасці Беларусі, Багдановіч стаў узорам гарманічнай еднасці ўсяго гэтага шчаслівага спалучэння, і ў гэтым сэнсе застаецца прыкладам для ўсіх нас, для ўсёй беларускай інтэлігенцыі.
Бадай, яшчэ ніколі яго ўрокі і запаветы не адкрываліся чытачам з такой глыбінёй, як сёння, і ніколі не ўспрымаліся з такой удзячнасцю, як сёння, — сёння, калі збываецца векавечная мара беларускага народа аб свабодзе і незалежнасці.
Ні адно паэтычнае, мастакоўскае і наогул нацыянальнае імя ў Беларусі не называецца з такім светлашчымлівым пачуццём, як яго. З усіх дарагіх, запаветных у памяці народа імён ягонае імя па-асабліваму патрабавальна напамінае кожнаму з нас пра наш галоўны чалавечы і грамадзянскі абавязак. Нашы адносіны да Багдановіча, нашы пачуцці да яго не падлягаюць параўнанню, як непараўнаны яго творчы дар, яго паэтычны геній.
Як быццам адчуваючы віну перад ім за ўсіх тых, хто не спяшаўся да яго на працягу доўгіх дзесяцігоддзяў, мы прыносім сёння яму ў вянок столькі любові і ласкі, столькі ўдзячнасці і малітоўнай пашаны, як, здаецца, ніколі нікому. Несумненна, адна з прычын гэтага — трагічны лёс паэта. Такі ўжо мы народ, беларусы, — чулы да болю, да гора і няшчасця, да трагедый чалавечых, і, можа, якраз гэта нас і ратуе, бо дабрыня, праўда і справядлівасць у рэшцэ рэшт непераможныя.
Як вядома, трагедыя паэта са смерцю яго на 26-ым годзе жыцця не скончылася. Трагічны лёс напаткаў яго творчую спадчыну. Як драпежылі і ахайвалі — нават у школьных падручніках — прыгожы плён яго душы, — без таго, каб не скалануцца ад гневу, успомніць немагчыма. Але ў нас сёння свята — свята несмяротнасці паэзіі і паэта, — і гнеў недарэчы. Можна было б і зусім абмінуць увагай гэты момант, калі б не пагроза, што той пракляты час можа на нашу зямлю, у наша жыццё вярнуцца.
Мы шчыра радуемся сціплым знакам прызнання яго творчасці, яго імя ў вялікім чытацкім свеце, і ў той жа час разумеем, што сапраўднае адкрыццё Багдановіча — такое, якога ён заслугоўвае, — яшчэ наперадзе. Яно прыйдзе да паэта тады, калі прыйдзе і да яго Бацькаўшчыны Беларусі. І ў гэтым сэнсе можна сказаць, што пасмяротная трагедыя Багдановіча працягваецца. Таму што працягваецца трагедыя культуры, якой ён належыць, трагедыя мовы, якою ён пісаў, і, значыць, трагедыя народа.
Так, нават і ў гэты святочна-ўрачысты дзень, мы мусім помніць, што трагедыя нашага народа працягваецца. Першапрычына яе — у нашай нацыянальнай раз'яднанасці. У тым ліку і ў першую чаргу — у раз'яднанасці творчай і навуковай інтэлігенцыі Беларусі. Настолькі моцнае і глыбокае пракляцце панявечыла нас, што дробныя эгаістычныя інтарэсы нярэдка бяруць верх, асляпляюць і не даюць праявіць волю добрую і разумную. Наша бяда — у неразуменні таго, чым трэба даражыць і ганарыцца. Удумаемся, шаноўныя: вуліца, на якой нарадзіўся геніяльны сын народа, да гэтага часу не названа яго імем. Нават наконт пераносу праха паэта на Радзіму няма еднасці, хаця паэтычнае завяшчанне яго бадай усе мы ведаем на памяць.