Перш за ўсё — адсутнасць паразумення і згоды паміж рознымі палітычнымі плынямі ў нашым дэпутацкім корпусе, узаемнае непрыманне пазіцый, поглядаў, думак. Занадта шмат у зале спрэчак, запальчывых выступленняў, абвінавачванняў і водпаведзяў, што выбаршчыкамі ўспрымаецца агулам адмоўна. Што магло б аб'яднаць народных дэпутатаў — пры ўсіх разыходжаннях у падыходах да вырашэння той ці іншай праблемы? Толькі адно: яснае ўсведамленне, што ўсе мы працуем дзеля нацыянальнага адраджэння Беларусі, дзеля шчасця і дабрабыту яе народа, што гэта наш агульны, галоўны і найпершы клопат. Іншай ідэі, іншай асновы для згуртавання, а значыць — для плённай працы на карысць нацыі, няма. Гэта пацверджана гісторыяй розных дзяржаў і народаў, пацвярджаецца і сёння — варта толькі пацікавіцца «цудам» эканамічнага і сацыяльнага прагрэсу колісь адсталых краін, нават былых калоній. Галоўны сакрэт іх уздыму і росквіту — нацыянальны энтузіязм, разбуджаная — для працы і творчасці — энергія народнага духу; гарачае жаданне сцвердзіць сябе ў свеце як нацыю, вартую людской павагі; цвёрдае перакананне, што мы — народ таленавіты, працавіты, мужны, і мы зробім сваё жыццё такім, каб яно радавала нас. Ну а мы, беларусы? Не адчуўшы сябе сапраўднымі гаспадарамі на сваёй роднай зямлі, не развіўшы ў сабе як належыць пачуццё нацыянальнага адзінства, мы хочам перайначыць свой лёс, дасягнуць станоўчых перамен і поспехаў? Дарэмныя спадзяванні, дарэмныя! Але пра гэта я ўжо гаварыў і пісаў сотні разоў і таму — запынюся.
Што ж адбываецца ў нашай дэпутацкай зале? Мы не слухаем, што гаворыцца, а глядзім, хто гаворыць. Няхай і разумнае, слушнае кажа прамоўца, але, раз ён «не наш», — галасуем супраць. Так плёну ў працы не будзе. Трэба ўсім пранікнуцца вялікай ідэяй нацыянальнага адраджэння і на яе грунце весці пошукі шляхоў і спосабаў вырашэння канкрэтных жыццёвых праблем, а менавіта: як нам выйсці з эканамічнага і палітычнага крызісу, як наладзіць разумныя, дружалюбныя і ўзаемавыгадныя адносіны з рэспублікамі і інш.
Успамінаю 60-70-ыя гады, калі вы былі адным з нямногіх заступнікаў адраджэння беларускай мовы, культуры свайго народа. І вось прыйшла перабудова. Стала як быццам лягчэй дыхаць. У многіх рэспубліках дзеячы культуры, пісьменнікі ўзначалілі рухі, новыя палітычныя партыі. Як мне вядома, у Беларусі з імем Гілевіча многія звязвалі надзеі, што калі б у нас вы ўзначалілі дэмакратычныя сілы на перабудову, то за вамі пайшоў бы ўвесь народ. Што вы на гэта адказалі б?
Народ? Ды яшчэ і ўвесь?.. Хай бы мы трохі асцярожней карысталіся такімі вялікімі словамі. Паспрабуйце ўявіць сённяшняе насельніцтва Беларусі. Хіба яно аб'яднана той ідэяй, аб якой я толькі што гаварыў, і хіба яно гатова за гэтай ідэяй пайсці? Народам з ідэяй мы станем тады, калі гэтак жа, як сёння, — толькі не ў рабочы час! — людзі запоўняць усю плошчу перад Домам урада і на ўсіх лозунгах над галовамі будзе значыцца адно і тое ж: «Вярніце нам нашу родную беларускую мову!», і ўсе да аднаго прамоўцы будуць у адзін голас патрабаваць: «Урад! Забяспеч нашых дзяцей беларускай школай!», і ніхто пры гэтым не засвішча ў натоўпе, не закрычыць «Далоў!»... На вялікі жаль, нам яшчэ далёка да гэтага. Яшчэ патрэбны доўгія гады адпаведнай выхаваўчай працы. Тым больш, што сёння ў нашым і без таго растурзаным грамадстве ўзмацняюцца тэндэнцыі сацыяльнага, палітычнага і нацыянальна-этнічнага расслаення. Слабасць гістарычнай і нацыянальнай самасвядомасці беларусаў пачалі заўзята і падспудна выкарыстоўваць агенты, так бы мовіць, «суседскага» шавінізму з усіх бакоў — у надзеі на будучую перакройку граніц нашай шматпакутнай Бацькаўшчыны. Ужо вядуць апантаную апрацоўку жывых душ. А нашы палітыкі, афіцыйныя ідэолагі на гэта ніяк не рэагуюць і ўсё яшчэ змагаюцца з беларускім нацыяналізмам. Ці адкрые Бог ім калі-небудзь вочы — не ведаю, можа, і не. Самаедства — наша вялікая нацыянальная трагедыя.
А як вы ставіцеся да тых, хто на нацыянальнай ідэі ў апошні час зрабіў імя?
Служэнне нацыянальнай ідэі — не спорт, дзе можна, зусім не маючы вядомасці, раптам паставіць рэкорд і «зрабіць імя». Хаця і ў спорце не так хутка і нечакана гэта адбываецца. Я паважаю і цаню ва ўсякай сферы дзейнасці тое імя, якое здабыта доўгімі гадамі мэтанакіраванай, самаахвярнай, нястомнай працы, здабыта талентам, пакутамі і мазалём.
Гісторык з ласкі Божай Мікола Ермаловіч, хворы і амаль зусім сляпы, дзесяткі гадоў карпеў над кнігамі, якія толькі цяпер прабіліся да чытача і якімі мы захапляемся, — карпеў, дбаючы не пра ўласнае імя, а пра лёс Бацькаўшчыны, пра імя свайго народа. А выскачкі і кан'юнктуршчыкі, хцівыя спекулянты на папулярных ідэях, усюды аднолькава непрыемныя. Тым больш, калі гэта датычыць такой святой справы, як нацыянальнае адраджэнне.