Паважаныя калегі!
Наш абавязак — шанаваць, цаніць і падтрымліваць усіх сяброў Беларусі, беларускай мовы, літаратуры, мастацтва і культуры — дзе б яны ні былі, ведаць і не забываць кожнага з іх, памагаць ім у іх вялікай самаахвярнай рабоце па прапагандзе і папулярызацыі духоўных скарбаў нашага народа, помнячы, што і ад кожнага з іх залежыць, як паспяхова будзе адбывацца наш выхад у вялікі свет, а значыць — і як паспяхова будзе ісці працэс нашага нацыянальнага адраджэння.
Пры гэтым будзем помніць, што самая лепшая наша дапамога замежным сябрам-беларусістам — гэта паспяховае вырашэнне нашых нацыянальна-культурных праблем тут, у Беларусі, гэта далейшае нарошчванне і яднанне нацыянальна-патрыятычных сіл у рэспубліцы, гэта наша плённая праца на ніве беларускай асветы і навукі, мастацтва і культуры. Ёсць пільная неабходнасць гаварыць пра павышэнне прафесійнага ўзроўню ўсёй гэтай нашай працы. Прафесійнага і, я дадаў бы, дзяржаўнага. Многае ў нас, будзем казаць шчыра, робіцца яшчэ на самадзейным узроўні, многае яшчэ гаворыць аб тым, што не пераадолена псіхалогія духоўнай правінцыі, культурна-мастацкай перыферыі. Шырокім колам нашай грамадскасці, у тым ліку і навуковай і творчай, яшчэ вельмі не хапае пачуцця нацыянальнай годнасці, усведамлення, што мы, беларусы, беларускі народ — гэта асобны духоўны свет і што цэнтр гэтага духоўнага свету — тут, на нашай роднай зямлі, а не дзе-небудзь на ўсход ці на захад, на поўдзень ці на поўнач ад яе. Трэба рашуча пазбаўляцца гібельнай для нас псіхалогіі жыхароў «Северо-Западного края», якая прышчэпліваецца нам вось ужо роўна два стагоддзі і з якою мы ніколі не здабудзем духоўнага, а значыць, і эканамічнага і палітычнага суверэнітэту. Між тым у нас ёсць такія высокія ўзоры свядомага служэння Бацькаўшчыне — служэння таму, «каб не ўмерлі».
Янка Купала і Якуб Колас, Максім Багдановіч і Максім Гарэцкі — абмяжуюся толькі галіной літаратуры і толькі гэтымі чатырма вялікімі постацямі — нам, наследнікам сваім, далі прыклад, па-першае, сапраўды дзяржаўнага, па-другое — сапраўды культурнага, на сусветным узроўні, думання і разумення свайго народа, яго гістарычнага лёсу, яго шляху да лепшай будучыні. Можа быць, у гэтым і наша шчасце, і наш паратунак, што ў нас заўсёды былі людзі-маякі, людзі-светачы, людзі-волаты, на чыю дзяржаўную і чалавечую мудрасць, на чый творчы або навукова-даследчыцкі талент можна было арыентавацца і абаперціся. На вялікі жаль, не ўся іх творчая спадчына сабрана, выдадзена і належным чынам прапагандуецца, а ў дачыненні да многіх з іх трэба сказаць, што мудры плён іх творчасці яшчэ наогул не даступны шырокім колам насельніцтва, у тым ліку, вядома ж, і нашым сябрам — замежным беларусістам. О, колькі слаўных імён нам яшчэ трэба вярнуць з небыцця, узвысіць і паказаць свайму народу і свету ва ўсёй іх велічы і бляску! Не стану тут гэтыя імёны называць, бо, на абсягу гісторыі ад Кірылы Тураўскага і да нашых дзён, іх вельмі-вельмі шмат, іх столькі, што нельга не прасякнуцца радасным прадчуваннем, якая вялікая, прыемная, самаахвярная праца ўсіх нас чакае!
Вось і давайце ж браць прыклад з іх. Давайце следаваць іх мужнасці і мудрасці, іх нястомнасці і самаахвярнасці, іх чалавекалюбнасці і дэмакратызму. Хай нас ніколі не пакіне тая высокая вера, якая свяціла ім і вяла іх наперад. Найвялікшы і найслынны сярод іх яшчэ ў 1914 годзе пісаў: «Будзіцца самапачуццё народнае, падымае старонка наша вочы к сонцу і распрасоўвае свае магучыя плечы. Мілаванне свайго роднага слова, сваёй адзінай Бацькаўшчыны Беларусі бярэ верх над адступніцтвам і прадажніцтвам сябе ў чужую няволю. Калі зірнём мы на тое, што за некалькі год зроблена намі, беларусамі, над падняццем свайго нацыянальнага багацтва, то адно толькі душа можа радавацца. І ўсё гэта робіць сам народ — ці сваёй шчырай працай для Бацькаўшчыны, ці сваімі запрацаванымі капейкамі... (...) Мы не знаем ні казённых падачак, ні купленых працаўнікоў. Працуем для ідэі і будуем самі сабе новае, лепшае жыццё.