Дык працуйма ж і далей! Сейма на роднай зямельцы здаровыя зярняты праўды, брацтва і свабоды, будзіма жывога народнага духа з магутным клікам: к сонцу і праўдзе! Будзем мець буйны ўраджай і багатае жніво!».
Даўно гэта было сказана, а гучыць так, як бы вырвалася з душы паэта толькі што, сёння, і адрасавана нам з вамі. Прымем жа гэты купалаўскі запавет да сэрца і — у добры час за работу!
У ДЗЯРЖАВЕ — ДЗЯРЖАЎНАЯ МОВА
Адказы на пытанні журналісткі Таццяны Дзмітрусёвай. «Добры вечар» за 29 мая 1991 г.
У самым пачатку звароту Рэспубліканскай рады ТБМ да народных дэпутатаў гучыць трывожнае: «...аснова культуры народа — нацыянальная мова — у небяспецы!». Але, ведаеце, у адказ так і чуецца з высокіх інстанцый амаль абурэнне: «Зараз усё і ўся ў небяспецы». Ці не так? І ў той жа час...
Мова наша даўно ў заняпадзе, а значыць — і ў небяспецы. Такое становішча склалася не сёння, ды і не ўчора. Яшчэ ў канцы 50-ых пачалося, а ў наступныя гады і дзесяцігоддзі працягвалася інтэнсіўнае звужэнне ўжывання беларускай мовы ў дзяржаўных установах, у школах, у побыце. І засталіся ў грамадскім жыцці літаральна «астраўкі», дзе мова родная працягвала жыць. Найперш — у асяроддзі творчай і навуковай інтэлігенцыі.
Наконт «усё і ўся ў небяспецы»... Маюцца на ўвазе і эканамічная, і экалагічная, і палітычная сферы. На гэта хацеў бы сказаць вось што: у небяспецы перш за ўсё сам чалавек, яго чалавечая годнасць. Разбураюцца маральныя апоры, а на іх трымаўся чалавек у самыя складаныя перыяды гісторыі, у самых цяжкіх умовах. Трымаўся, таму што помніў, ведаў, верыў: «Я чалавек. Я не павінен ператварацца ў нелюдзь. Я павінен застацца чалавекам!». Вось з гэтага ўсё і пачынаецца. Мы радуемся дэмакратызацыі грамадства, але дэмакратызм без маралі і культуры можа даць жахлівыя вынікі. Таму і лічу, што найперш нам трэба дбаць пра духоўнасць чалавека, пра яго культуру.
На сённяшняе становішча з нашай роднай мовай існуюць розныя погляды. Адзін — зусім песімістычны. Другі — бяспечна аптымістычны. Трэці — занепакоена-самакрытычны. Я падзяляю апошні: ён больш карысны, бо падштурхоўвае да канкрэтных і актыўных дзеянняў.
На жаль, ёсць у нас такая агульная рыса: зрабіць крыху ў той ці іншай справе і — заспакоіцца, запэўніце, што далей усё ўжо будзе добра. Прыкладаў таму можна прывесці шмат. Класічны сярод іх — усенародны «шапказакідальніцкі» настрой напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. Ні ў якім разе нельга паддавацца эйфарыі. Трэба больш цвяроза — больш крытычна — глядзець на з'явы. Нам жа іншы раз кінуць прыгожы лозунг-абяцанне — і мы надзіва легкаверна прымаем яго за рэальнасць. Так было і з абяцаннем камунізму...
Сёння, калі да нас многае, што называецца, «дайшло», калі мы нібыта прачнуліся і, як вы кажаце, крытычна паглядзелі на сваё жыццё, ад многіх заклікаў, абяцанняў зрабілася б смешна, калі б... не было так горка.
Вось і давайце заўсёды і ва ўсім будзем рэалістамі» У той жа сітуацыі з моваю. Здаецца, гэта цудоўна — прынялі Закон, разумны, памяркоўны. Але колькі ўжо разумных законаў мы ў свой час прынялі... Дзейнічаць яны павінны. На жаль, і пасля прыняцця Закона аб мовах не адбылося пакуль тых значных, істотных у станоўчым плане перамен, што надавала б нам аптымізму. Наша родная мова ўсё яшчэ не заняла свайго належнага месца, заканадаўча адведзенага ёй у суверэннай рэспубліцы.
Тым не менш грамадскасць Беларусі і, у прыватнасці, ТБМ зрабілі і робяць шмат для адраджэння нашай нацыянальнай культуры і мовы. Якія дасягненні гэтай дзейнасці вы лічыце найбольш значнымі?
Так, творчыя, навуковыя, грамадскія сілы, безумоўна, ужо зрабілі нямала. Што з дасягнутага я адзначыў бы найперш? Тое, што адбыўся пэўны зрух у самой свядомасці насельніцтва. Але ўдакладняю: зрух невялікі. Зроблены толькі першыя крокі. Што называецца, маем пакуль вельмі сціплыя дасягненні. Толькі не трэба кідацца ў адчай: маўляў, вынікаў амаль няма. Не, вынікі ёсць. Але, паўтараю, — пакуль сціплыя. Ці ж не дасягненне тое, што людзі ўсё больш натуральна ўспрымаюць гутарку па-беларуску і самі патрошку перастаюць саромецца гаварыць на роднай мове? Памятаеце ранейшую рэакцыю на тое, што чалавек размаўляе па-беларуску? Гэта ж ячшэ зусім нядаўна было: глядзелі на цябе, як на замежніка або як на чалавека, які хоча такім чынам вылучыцца... Дык вось пачынаем пазбаўляцца такога рэагавання. Мова ў Беларусі, асабліва ў нашай сталіцы, пачынае гучаць. Праўда, да вялікага пералому пакуль далёка. Усім нам яшчэ належыць пераадолець псіхалагічны бар'ер, які «ўзводзіўся» так доўга. І трэба дабівацца, каб менавіта ў шырокіх масах насельніцтва адбыўся гэты пералом. Трэба, каб чалавек перастаў меркаваць так: «Калі я гавару па-беларуску, дык выгляджу малакультурным або паводжу сябе нясціпла». Трэба, каб мова гучала натуральна. І — паўсюдна.