Кажуць аб тым, што ўсё ўпіраецца ў Кнігагандаль. Няма, ці бачыце, галавы, разумнейшай за Кнігагандаль, каб растлумачыць, што кожная наша бібліятэка павінна мець кнігі, якія з'яўляюцца гордасцю чалавецтва і павінны быць на мове нашага народа.
Што ж здарылася? Чым усё гэта растлумачыць?
Галоўная прычына, пра якую трэба гаварыць на ўвесь голас, — гэта грэблівыя адносіны да беларускай мовы і культуры, якія назіраюцца ў рэспубліцы, і перш за ўсё — у школах рэспублікі. Што адбываецца ў нас у школах Беларусі? Беларускім таварышам гэта вядома, але, напэўна, не ўсё вядома нашым гасцям з іншых братніх рэспублік.
Сёння ў гарадах рэспублікі беларускіх школ няма. Няма такіх школ, у тым ліку і ў сталіцы БССР — у Мінску, у якіх бы ўсе прадметы выкладаліся на беларускай мове. У лепшым выпадку ёсць школы, дзе беларуская мова выкладаецца як прадмет, і то ён самы апошні па колькасці гадзін і па агульных да яго адносінах. Ёсць у нас школы на англійскай мове, на нямецкай, на французскай, але школ, дзе б усё навучанне і выхаванне вялося на беларускай мове, — такіх школ няма. І гэта не толькі ў Мінску, але і ва ўсіх гарадах Беларусі.
Гэтым летам я трапіў у такую, здавалася б, глыбінку — Браслаўскі раён. І там вясковая школа — руская, усё выкладанне ў ёй вядзецца на рускай мове. У нас цяпер справы дайшлі да таго, што паступіла інструкцыя — беларускую літаратуру ў школах выкладаць на рускай мове. Цяпер Купала, Колас, Кузьма Чорны і іншыя нашы пісьменнікі вывучаюцца беларускімі дзецьмі на рускай мове. Што гэта такое? (Ажыўленне ў зале). Ды Купала і Колас у труне перавярнуліся б, дальбог, калі б даведаліся, што іх творы беларускія дзеці вывучаюць не на роднай мове! А чаму нашы дзеці пазбаўлены магчымасці чытаць усе лепшыя творы сусветнай літаратуры па-беларуску? Чаму ўжо трыццаць гадоў гэтыя творы ў нас не выдаюцца?
Таварышы, мы, беларусы, здаўна і вельмі моцна любім рускую мову, рускую літаратуру. Але няўжо трэба, каб у імя гэтай любові мы ахвяравалі роднаю мовай? Каму і дзеля чаго патрэбна такая ахвяра? Рускі народ гэтага не патрабуе, руская мова ў інтарэсах свайго развіцця гэтага не патрабуе. Чаму ж тады гэта адбываецца?
Чытацкая база на беларускай мове звужаецца катастрафічна, скажам адкрыта. Што такое наша беларускае нацыянальнае выдавецтва? Па ідэі, яно павінна існаваць іменна як нацыянальнае выдавецтва, г.зн. перш за ўсё павінна задавальняць патрэбы ў развіцці беларускай нацыянальнай культуры. Але яно перастала быць такім. Па маіх падліках, пяць шостых ці, прынамсі, чатыры пятых паперы з усяго выдавецкага плана пажырае не нацыянальная культура. Як жа можна гаварыць аб развіцці перакладчыцкай справы, калі мы знаходзімся ў такім становішчы, калі беларускія пісьменнікі чуюцца вельмі заціснутымі і з выданнем сваіх арыгінальных твораў?
Нядаўна Юрка Паўлавіч Гаўрук расказваў мне, колькі пакут прыйшлося зведаць яму, пакуль ён дабіўся выдання шэкспіраўскага «Гамлета» на беларускай мове. Адказны таварыш так заявіў Гаўруку: «Навошта Шэкспір на беларускай мове, калі ёсць на рускай?» Што гэта: свядомая дыскрымінацыя ці тупасць — узровень той дамачкі, якая паблытала Драйзера са штапелем? Ну як яму даказаць — навошта? Між іншым, учора Яўгеній Сямёнавіч Мазалькоў напомніў нам, што ў славянскім свеце першым прафесіянальным перакладчыкам быў беларус — Скарына.
Наступнае пытанне — дзе друкавацца? Нашы перакладчыкі хочуць і могуць працаваць плённа, але — дзе друкавацца? Вось выдавецкі план: адна кніжачка з Якуціі і чатыры з братніх сацыялістычных краін. Усяго — пяць кніжак. Скора паедзем у Таджыкістан, на Дэкаду. Павязём з сабой адзін зборнічак таджыкскай паэзіі на беларускай мове. А таджыкі выдалі сем кніг беларускіх паэтаў. Як жа наш кнігагандаль, наш Камітэт па друку на гэта глядзяць? Маім таварышам сорамна туды ехаць. Друкавацца няма дзе. Заўтра Юрка Паўлавіч перакладзе Шылера, але — хто яго будзе друкаваць? Наша выдавецтва задыхаецца. Каб надрукаваць у «Маладосці» вершы, трэба чакаць каля года. Патрэбен новы часопіс. Таварыш Семяжон сказаў праўду — трэба дабівацца выдання добрага ілюстраванага часопіса, для гэтага ў нас сілы ёсць, і наша канферэнцыя можа ў гэтым дапамагчы нам, і тады ў выданні перакладной літаратуры ў Беларусі адбудуцца перамены.
Коратка пра ганарарную палітыку. Колькі атрымлівае беларускі перакладчык за сваю нялёгкую працу? Прывяду толькі адзін прыклад — наконт выдання падрыхтаванай мною анталогіі сучаснай балгарскай паэзіі «Ад стром балканскіх». Восем гадоў я працаваў над гэтаю кнігай. Ездзіў на тры месяцы ў Балгарыю, вывучаў мову, літаратуру, гісторыю, адбіраў вершы. Пераклаў, як было дамоўлена ў выдавецтве, каля дзесяці аркушаў. Хацелася прадставіць гэту паэзію па-сапраўднаму. І вось — заместа дзесяці далі толькі пяць аркушаў. На маё горкае пытанне: як жа так? — адказалі: не можам, фінансісты бяруць за горла. Так і сказалі ў выдавецтве, што задыхаюцца і не могуць дазволіць сабе такую раскошу. У выніку — палавіна анталогіі пайшла без аплаты перакладчыку: на пяць аркушаў падпісалі са мной умову, а чатыры — на грамадскіх пачатках, безганарарна. І я з радасцю згадзіўся, бо мне важна, каб кніга была выдадзена непакалечаная. І балгары ганарацца гэтай кнігай. Я вазіў яе ў Балгарыю, яны вельмі ганарацца (апладысменты). Як бачыце, палавіна маёй працы пайшла за так. Калі ўлічыць, што ў нас стаўкі для паэта-перакладчыка — 40 капеек і 70 капеек, вышэйшых я не ведаю, бо не карыстаўся больш высокімі, дык мне, так бы мовіць, можна трохі і паспачуваць...