Выбрать главу

Сотнікаў памаўчаў, нястрымна скалануўся ад сцюжы – на месцы пачаў прабіраць мароз. Яму было холадна, усё нутро сцялася ў ледзяной знямозе. Каб захаваць рэшткі цяпла, ён глыбей насунуў на вушы пілотку і шчыльней захінуўся ў шынелак.

– Што ты шапкі якой не дастаў? Хіба сагрэе гэта аблавушка? – з папрокам сказаў Рыбак.

– Шапкі ж не растуць у лесе.

– Затое ў вёсцы ў кожнага мужыка шапка.

Сотнікаў адказаў не адразу.

– Што ж, з мужыка здзіраць?

– Абавязкова здзіраць? Можна і яшчэ як.

– Ладна, пайшлі! – абарваў размову Сотнікаў.

Яны рушылі ад студні і праз праломіну ў плоце выйшлі ў поле. Сотнікаў ураз ссутуліўся, глыбей уцягнуў у каўнер маленькую, у пілотцы, галаву. На хадзе ўжо Рыбак выдзер аднекуль з-за пазухі замусолены вафельны ручнічок і павярнуўся да Сотнікава.

– На, абматай шыю. Цяплей будзе.

– Ды ладна.

– На, на. Ён, знаеш, як шалік, грэе, – настойваў Рыбак, трымаючы ў выцягнутай руцэ ручнічок, канцы якога адразу заматляў вецер.

Сотнікаў прыпыніўся, заціснуў між каленяў вінтоўку і змёрзлымі нягнуткімі пальцамі тоўста і нязграбна абкруціў прастуджаную шыю.

– Во і харашо. Давай ірванём у Азярышча. Тут недалёка, вярсты дзве. Што-небудзь расстараемся, не можа быць...

2

У полі было куды халадней, чым у лесе. Насустрач дзьмуў пругкі, не моцны, але даволі марозлівы вецер, ад яго болем заходзіліся азызлыя без рукавіц рукі – як Сотнікаў ні хаваў іх то ў кішэні, то ў рукавах, то за пазухай – усё роўна мерзлі. Памарозіцца было надта проста, асабліва твар, ды і рукі; за ногі ён быў спакайнейшы – ногі на хадзе грэліся. Праўда, на правай адняліся, не чуваць сталі два пальцы, але яны адымаліся заўжды ад сцюжы і звычайна балелі ў цяпле. Тым не менш на холадзе ныла ўсё яго прастуджанае цела, якое сёння пачало яшчэ і ліхаманіць.

Добра хаця, што снег у полі быў цвёрды або неглыбокі – яны ішлі амаль скрозь па версе, толькі мясцінамі правальваліся то адной, то другой нагой, ламаючы зацвярдзелую ад марозу скарынку. Кіравалі па быльняжку па-над узмежкам – з касагору ўніз. Ззаду са змроку валакліся два шнуркі іхніх слядоў. У полі было відней, чым у лесе, шэры прывідны змрок расхінаўся шырэй, наўкола ў доле трымцелі на ветры змёрзлыя калівы быльнягу, тамсям чарнелі адзінокія палявыя дрэўцы. Праз чвэрць гадзіны наперадзе, мусіць у лагчынцы, зашарэла нейкае кустоўе – лаза ці які хмызняк па-над рачулкай.

Па праўдзе кажучы, Сотнікаў адчуваў сябе вельмі кепска: пачынала кружыць галава, часам нават штосьці правальвалася – знікала ў памяці, і тады на кароткі час ён забываўся, дзе ён і куды ідзе. Мусіць, сапраўды трэ было вярнуцца або лепш зусім не патыкацца з лесу, ды ён проста не верыў, што можа захварэць. Яшчэ чаго не хапала на вайне – хварэць! Ніхто ў іх не хварэў так, каб вызвалялі ад заданняў, ды яшчэ такіх простых, як гэта. Кашлялі, прастуджваліся многія, але прастуда не лічылася за сур’ёзную хваробу. І калі там, ля кастра на балоце, камандзір назваў яго прозвішча, ён быў гатовы, а калі даведаўся, што па харч, дык аж узрадаваўся, бо быў, як і ўсе, згаладнелы, хацеў пад’есці, да таго ж – вабіла магчымасць пагрэцца якую гадзіну ў хатнім цяпле.

Ды во, пагрэўся.

У лесе было лепш, а тут, на ветры, ён адчуў сябе зусім блага і аж спалохаўся, што можа ўпасці, так кружылася ў галаве; ад слабасці заносіла ў бакі. Рыбак наперадзе рупна шастаў ботамі ў снезе; увесь час ён нецярпліва імкнуўся наперад, і Сотнікаў адставаў. У грудзях яго рабілася горача, спіна між лапатак макрэла ад сцюдзёнага поту, і ён думаў – хаця б абысціся без запалення лёгкіх.

– Ну, як ты?

Рыбак прыпыніўся, прычакаў яго, і ад гэтай кароценькай увагі і пытання, на якое неабавязкова было і адказваць, у Сотнікава на момант пацяплела ў душы. Сотнікаў адчуваў, як проста было ператварыцца з напарніка ў абузу, і найбольш асцерагаўся менавіта таго, хоць і ведаў, што, калі здарыцца найгоршае – выйсце для сябе знойдзе сам, не абцяжарыць нікога. Нават і Рыбака, на якога, здаецца, можна было спадзявацца. Пасля нядаўняга пераходу шашы, калі ім давялося прыкрыць рэшткі іх групы, яны неяк паволі зблізіліся і ўсе апошнія цяжкія дні трымаліся разам. Мусіць, таму разам трапілі і на гэта заданне.

– Вось цераз нізінку пратопаем, а там за ляском вёска. Недалёка ўжо, – зноў падбадзёрыў Рыбак, стоячы да яго бокам, – чакаў, каб пайсці поплеч.

Сотнікаў дагнаў яго, і яны разам пайшлі па схіле ўніз. Снег тут стаў рыхлейшы, чым на бугры, ногі часцей бухалі, ламалі цвёрды пласт; маладзічок цяпер блішчаў за іх спінамі. Вецер разгоніста гойсаў у пустым полі, матляў поламі шыняля, сцёбаў па абмёрзлых заснежаных бурках Сотнікава. Рыбак зблізку неяк уважліва паглядзеў на сябра.