Гаспадыня зважліва саступіла ўбок.
– Там нікога, дзетка, нікога.
– Што, адны жывяце?
– Адны. Во з дзедам так і капцім свет, – тужліва адказала кабета. І раптам – не прапанавала, амаль запрасіла: – Можа б, вы паелі чаго? Можа ж, галодныя, га? Пэўне ж, са сцюжы, без гарачага...
Рыбак унутрана ўсміхнуўся і пацёр рукі.
– Можа, і з’ямо. Як ты думаеш? – знарок разважліва, бы з неахвотай звярнуўся ён да Сотнікава. – Падмацуемся, калі пані старасціха частуе.
– Во і добра. Я зараз! – узрадавалася кабета. – Капустачка, пэўна, цёплая яшчэ. І гэта... Можа, бульбачкі зварыць?
– Не, варыць не трэба. Няма калі, – рашуча вырашыў Рыбак і скоса, назіркам паглядзеў на старасту, які, аблёгшыся на стол, нерухома сядзеў у куце.
Над ім цьмелі пад ручнікамі тры старасвецкія абразы. Рыбак пратупаў ботамі да прасценка і спыніўся перад вялікаю зашклёнай рамай з фатаграфіямі. Ён знарок не пазіраў на старасту, але адчуваў, што той таксама спадцішка сочыць за ім.
– Значыць, немцам служыш?
– Прыходзіцца, – уздыхнуў стары. – Што ж зробіш?
– І многа плоцяць?
Пытанне было знарок з’едлівае, але і на яго гэты дзед адказаў роўна і з годнасцю:
– Не пытаўся і знаць не хачу. Сваім абыдуся.
«Ганарлівы, аднак, – падумаў Рыбак. – З характарам».
У бярозавай раме на сцяне сярод паўтузіна розных фота ён выглядзеў маладога, чымсь падобнага да гэтага дзеда, хлопца ў гімнасцёрцы з артылерыйскімі эмблемамі ў пятліцах і трыма значкамі на грудзях. Было ў яго поглядзе нешта грунтоўна-спаважнае, упэўненае і ў той жа час па-маладому наіўнае.
– Хто гэта? Сын, можа?
– Сын, сын, Толік наш, – ласкава пацвердзіла гаспадыня. Цераз плячо Рыбака яна таксама зазірнула на фота, трымаючы ў руках міску.
– А цяпер дзе ён? Не ў паліцыі часам?
Стараста падняў насуплены твар.
– Не ўсе ж, як некаторыя. На фронце, во дзе.
Старасціха паставіла на стол міску з капустай і загаманіла:
– Ай, Божачка, як пайшоў у трыццаць дзевятым, дык і ўсё. Ад самага лета ні слыху ні дыху. Хоць бы ведаць, ці жывы хаця.
– Так, так, – сказаў Рыбак, не адгукваючыся на яе жаллівае прычытанне, якога ён даволі наслухаўся ад пачатку вайны. Цяпер яго займала другое. Счакаўшы, калі яна выгаварыцца, ён важка заўважыў старому: – Апазорыў ты сына!
– Анягож! – з жарам падхапіла ад печы кабета. – І я ж тое гавару яму дзень пры начы. Апазорыў і сына, і ўсіх чыста.
Гэта было трохі нечакана, тым болей што старасціха гаварыла быццам бы са шчыраю набалеласцю ў голасе. Рыбаку здалося тады, што дзед гэты – проста недарэка нейкі. Але толькі ён падумаў так, як твар старога нядобра нахмурыўся і ўвесь ён рэзка павярнуўся да гаспадыні.
– Годзе! Не твая справа!
Кабета адразу ж змоўкла, нібы папярхнулася на паўслове, а дзед з важнасцю падняў дакорлівы позірк на Рыбака.
– А ён мяне не апазорыў? Немцу аддаў. Гэта не пазор?
– Так выйшла: вайна. Не яго тут віна.
– А чыя? Мая, можа? – прыдзірліва, без ценю боязі дапытваўся стары і аб’явіў: – Ваша віна. Маладзейшых.
– Да-а, – няпэўна сказаў Рыбак, прыпыняючы не надта прыемную і не дужа простую размову, якой, ведаў, па цяперашнім часе не было канца.
Гаспадыня тым часам хуценька разаслала кароценькі, на паўстала, настольнік, паставіла міску з капустай, скаромны пах ад якой уладна прыглушыў усе яго іншыя пачуцці, яшчэ больш абвастрыўшы голад. Вельмі хацелася есці, і ён рашыў пакуль што адкласці падрахунак яго не надта прыемных адносін з гаспадаром.
– Сядайце ж, падсілкуйцеся трошкі. Во хлебца вам, – з ліслівай гасціннасцю запрасіла гаспадыня.
Рыбак, не знімаючы шапкі, піхнуўся за стол.
– Давай паямо, – сказаў ён да Сотнікава.
Той пакруціў галавой:
– Еш. Я не буду.
Рыбак уважліва паглядзеў на таварыша, які ўвесь згорбіўся на ўслоне і, пакашліваючы, калаціўся – мабыць, ад дрыжыкаў.
Гаспадыня, пэўне, мала што разумеючы ў яго стане, здзівілася:
– Чаму ж гэта? Мо грэбуеце нашым? Можа, яшчэ чаго хочаце?
– Не, дзякуй. Нічога не трэба, – рашуча сказаў Сотнікаў і сашчапіў у рукавах рукі.
Гаспадыня занепакоілася: