– Божачка, можа, я не дагадзіла чым? Дык даруйце... Я ж не хацела...
Рыбак добра ўмясціўся на лаве, трымаючы між каленяў карабін, узяў лыжку, лусту счарсцвелага, з кменавым пахам хлеба і не заўважыў, як у поўным маўчанні выеў усю вялікую гліняную міску. Стараста нязрушна сядзеў у куце, гаспадыня стаяла збоч ад стала са шчырай гатоўнасцю дагадзіць госцю.
– Так, хлебушка я прыбяру. Гэта на яго долю, – сказаў Рыбак.
Гаспадыня ахвотна згадзілася:
– Бярыце, бярыце, дзеткі.
Стараста нечага моўчкі чакаў – якога слова ці, нарэшце, гаворкі пра справу. Вялікія яго парэпаныя рукі ляжалі на чорнай вокладцы кніжкі.
Засоўваючы акраец за пазуху, Рыбак кіўнуў з неадабрэннем:
– Кніжачкі пачытваеш?
– А што ж, пачытаць нікому не шкодзіць.
– Савецкая ці нямецкая?
– Біблія.
– Цікава. Ану? Ніколі не бачыў Бібліі, – крыху пасунуўшыся за сталом, Рыбак пакруціў у руках кнігу, адгарнуў вокладку. Аднак ён тут жа адчуў, што не трэба было рабіць гэтага – выяўляць нейкую сваю недасведчанасць хай сабе і ў другараднай справе.
– Не лішне б і пачытаць, – прабурчаў стараста.
Рыбак рашуча загарнуў кнігу.
– То наша справа. Не табе вучыць. Ты немцам служыш, стала быць – нам вораг, – сказаў Рыбак з таемным задавальненнем ад таго, што знайшоў прычыну пазбегнуць удзячнасці і перайсці на болей адпаведны абставінам тон. Ён вылез з-за стала на сярэдзіну хаты, паправіў на кажушку трохі тугаватую цяпер дзягу. Менавіта гэты паваротак у размове даваў яму падставу перайсці да справы, хоць гэты пераход і патрабаваў яшчэ некаторай псіхалагічнай падрыхтоўкі.
– Ты вораг. А з ворагам у нас – ведаеш, які разгавор?
– Сматра каму вораг, – нібы не адчуваючы кепскага, ціха, але цвёрда пярэчыў стары.
– Сваім. Рускім.
– Сваім я не вораг.
Нязрушная ўпартасць старасты пачынала злаваць Рыбака. Не хапала яшчэ даказваць гэтаму паслугачу, чаму ён – хоча таго ці не – вораг Савецкай дзяржаве. Весці з ім такую размову Рыбак не меў намеру, ён толькі падумаў, што, можа, той мае які невядомы ў сваю карысць довад, і болей правакуючы, чым усур’ёз, запытаў:
– Што, можа, сілай прымусілі? Проці волі?
– Не, чаму сілай? – падумаўшы, сказаў гаспадар.
– Значыць, сам?
– Як сказаць? Пахожа, сам.
«Тады ўсё зразумела, – падумаў Рыбак, – няма чаго і гаварыць». Ён ужо выразна адчуў злосць да гэтага чалавека, на спрэчку з якім ён бавіў патрэбны ім час, тады як і без таго з самага пачатку ўсё было зразумела.
– Так! Пайшлі!
Ускінуўшы рукі, да Рыбака кінулася старасціха.
– Ой, сыночак, куды ж ты? Не трэба, пашкадуй дурнога! Стары ён, па дурноце сваёй...
Стары, аднак, не прымусіў паўтараць загад і няспешліва падняўся за сталом. Быў ён зусім ссівелы і, не зважаючы, што ў гадах, вялікі і мажны – як устаў, загарадзіў сабой увесь покуць з абразамі.
– Сціхні! – загадаў ён жонцы. – Ну!
Відаць, старасціха прывыкла слухацца – хліпнула і адразу ж падалася за шырмачку. Стараста ашчадна, бы баючыся што зрушыць, надзеў у рукавы кажух і вылез з-за стала.
– Вашая воля. Біце! Не вы, дык другія. Вунь, паглядзіце, – ён коратка кіўнуў на прасценак, – ставілі, стралялі ўжо.
Рыбак міжвольна зірнуў, куды паказаў дзед, – сапраўды ў белай сцяне ля акна чарнела некалькі дзірак, падобна – ад куль.
– Хто страляў?
Гаспадар, гатовы да ўсяго, нерухома стаяў на сярэдзіне хаты, падцяўшы сівыя пашчэнкі.
– А такія... Гарэлкі трэбавалі.
Рыбак унутрана паморшчыўся: ён не хацеў на кагось быць падобным. Свае намеры лічыў справядлівымі, але, згледзеўшы нечыя, падобныя да сваіх, бачыў свае ўжо ў трошкі інакшым святле. І не падобна было, каб стараста яго ашукваў, – такім тонам не хлусяць. Ціхенька пахліпваючы, з-за шырмачкі выглядвала старасціха. На ўслоне, згорбіўшыся, кашляў Сотнікаў, але ён не ўмешваўся ў яго справу з гаспадаром – здаецца, бедалагу рабілася не да таго.
– Так. Карова ёсць?
– Ёсць. Пакуль што, – без усякай цікавасці да новага павароту гаворкі адказаў стараста.
Старасціха перастала хліпаць, затаіла дыханне. Рыбак трохі разважаў: вядома, карову надта добра было б прыгнаць у атрад, але, мабыць, адсюль будзе далекавата; можна не паспець да ранку.
– Так, пайшлі!
Ён закінуў за плячо вінтоўку, стараста пакорліва надзеў знятую з цвіка шапку і моўчкі піхнуў рукой дзверы.
Рыбак, кіруючы за ім, кіўнуў Сотнікаву:
– Ты пачакай.
Як толькі дзверы за імі зачыніліся, гаспадыня кінулася ў парог.
– Ой, божачкі! Куды ж ён яго? Ай, завошта ж ён? Ай, божачкі!