Выбрать главу

А калі ён паранены?

Ад гэтае думкі-здагадкі Рыбаку стала зусім ніякавата – то было вышэй за яго магчымасці. Паліцаі зверху, з пагорка, мусіць, добра бачаць адзінокага чалавека на снезе і мала што пакуль не бягуць да яго – яны, безумоўна, застрэляць яго з вінтовак. Калі ён, Рыбак, кінецца на дапамогу, заб’юць абодвух – гэта ж так проста. Як бывала ў фінскую, калі праклятыя снайперы з дрэў набівалі па чатыры-пяць чалавек за хвіліну, і ўсё тым жа самым прымітыўным спосабам: да першага падстрэленага на выручку кідаўся сусед па ланцугу і тут жа клаўся з прастрэленым нутром побач, потым да іх поўз наступны. І кожны з гэтых наступных напэўна ведаў, што яго чакае там, але не мог стрымаць сябе, чуючы, як гэтак блізка стогне-канае таварыш.

Значыць, калі яшчэ можна, трэба ўцякаць. Сотнікава ўжо не ўратуеш, а самому загінуць вельмі проста. Рашыўшы так, Рыбак хуценька закінуў за спіну карабін, рашучым намаганнем узваліў на плячо авечку і, спатыкаючыся ў снезе, прыпусціў краем балотца.

Мусіць, ён далёка ўжо адбег ад таго месца і зноў здорава замарыўся. Стрэлы ззаду на нейкі час быццам сціхлі, і ён, услухоўваючыся ў цішыню, з цьмянай палёгкай падумаў, што там усё скончана. Але праз хвіліну яны пачуліся зноў. Бахнула разы тры, адна куля з віскам прайшла над балотам. Значыць, Сотнікаў яшчэ жывы. І менавіта гэтыя стрэлы азваліся ў Рыбаку новай трывогай, панішчыўшы кволую радасць ад таго, што сам уратаваўся. Яны напаміналі і страхавітаю горыччу варушылі разгарачанае яго пачуццё. Авечка ўсё цяжэла, часам яе скалянелы цяжар здаваўся чужым і апрыклым, і ён валок яе, думаючы зусім аб іншым.

Праз хвіліну наперадзе паказаўся неглыбокі равок, можа, бераг рачулкі. Пэўна трэба было перайсці на той яго бок, Рыбак сунуўся з берага, але паслізнуўся – ноша яго звалілася на ўзгорак, а ён на спіне ссунуўся ўніз. Войкнуўшы, ускочыў, на руках і каленях выбраўся з раўка і раптам выразна адчуў, што рабіў не так. Як было столькі сілы выдаткоўваць на гэту праклятую авечку, калі там аставаўся таварыш? Ён яшчэ жыў і напамінаў аб сабе стрэламі, а Рыбак, па сутнасці, кідаў яго ворагам. Відочная недарэчнасць ранейшага намеру стала такая выразная, што Рыбак вылаяўся і збянтэжана сеў на ўзгорку. Якраз у той час за хмызняком грымнуў яшчэ адзін стрэл, і болей стрэлаў з пагорка ўжо не было. «Можа, там што перайначылася?» – падумаў Рыбак. Настала няпэўная паўза, яна, аднак, падштурхнула Рыбака, і ён ускочыў.

Стараючыся не разважаць болей, ён хуткім крокам кінуўся па сваім следзе назад.

6

Сотнікаў не меў ніякага намеру пачынаць перастрэлку – ён проста ўпаў на схіле, у галаве закружылася, усё навокал паплыло, і такая знямога скавала цела, што ён, бы нежывы, распластаўся ніц, убіўшы ў снег галаву.

Перад тым як упасці, ён убачыў, што Рыбак шпарка шыбаваў наперадзе, але рукі ў таго былі заняты ношай, ды ён, мабыць, і не заўважыў, што стала з напарнікам, які і не азваўся, не крыкнуў, бо ведаў: дарма, яго ратаваць позна. І Сотнікаў ляжаў некалькі доўгіх секунд, пакуль не пачуў ззаду галасы і не зразумеў, што яго хутка схопяць. Тады ён выдзер са снегу вінтоўку і, каб на якую хвіліну адсунуць ад сябе тое самае страшнае, што павінна было адбыцца, не ўстаючы, стрэліў у змрок. Хай ведаюць, што так проста ён ім не здасца. Мусіць, гэта падзейнічала: яны там, у полі, нібы прыпыніліся, і ён падумаў, што трэба паспрабаваць яшчэ. Хоць ён і ведаў, што шансы яго надта мізэрныя, але ўсё ж неяк саўладаў з сваёй слабасцю, намогся і, абапёршыся на вінтоўку, устаў. У той момант яны паказаліся нечакана блізка – тры чорныя цені на шэрым горбе пагорка, прыпыніўшы бег, насцярожана пазіралі ўніз. Мабыць, згледзеўшы яго, крайні справа штось крыкнуў, і Сотнікаў, амаль не цэлячыся, стрэліў другі раз. Было бачна, як яны там хіснуліся долу ад яго кулі, папрыселі, мусіць, чакаючы новых стрэлаў, а ён, заграбаючы нагамі снег, слаба і няўклюдна пабег, кожную секунду рызыкуючы зноў грымнуць на снегавы дол. Рыбак ужо быў далекавата наперадзе, спорна шыбаваў да ляска, і Сотнікаў падумаў: можа, уцячэ. Ён і сам стараўся з астатніх сіл як надалей адбегчыся ад таго пагорка, ды ззаду ледзь не залпам ураз бабахнулі тры стрэлы.