Ён памалу прыўзняў галаву – недзе наперадзе ў марозных прыцемках мільганула штось надта цёмнае – здалося, чалавек. Але неўзабаве ён зразумеў, што гэта на ветры матляўся перад ствалом быльнёг. Тады ён праз боль паварушыў параненай нагой, якую сціскала скразная балючая сутарга, трохі сагнуў яе ў калене. Пальцаў на ступні ён не адчуваў. Зрэшты, чорт з імі, з пальцамі, цяпер яны былі яму непатрэбныя. Другая яго нага была здаровая.
Часу, мусіць, мінула нямала, а можа, і не многа – ён страціў усякае адчуванне яго. Трывожыла самая галоўная думка: не даць сябе захапіць знянацку. Мяркуючы, што яны паўзуць, і каб трохі затрымаць іх, ён прыклаўся да вінтоўкі і зноў стрэліў тры разы ў ранейшым кірунку. Ён чакаў стрэлаў у адказ, але стрэлы нешта марудзілі, і ён падумаў, што, можа, паліцаі запаўзлі дзе ў лагчынку і пакуль не бачаць яго. Тады ён таксама рашыў пакарыстацца здатным для сябе момантам і пакутна пераваліўся на бок.
Намёрзлы яго бурак наогул кепска знімаўся з нагі, цяпер яго трэба было садраць лежачы і толькі аднымі рукамі. Правай нагой ён баяўся паварушыць нават – правая была не памочніца. І ён скурчыўся, напружыўся, да болю сцяў зубы і з усяе сілы пацягнуў бурак. Першая спроба нічога не дала, толькі адабрала большую частку яго небагатай сілы. Праз хвіліну ён засопся, абліўся сцюдзёным потам і спыніў свае намаганні. Але, перадыхнуўшы крыху і агледзеўшыся, з яшчэ большай рашучасцю ўчапіўся ў бурак.
Ён садраў яго пасля пятай ці шостай спробы і некалькі хвілін не мог пакратацца на снезе. Ён ляжаў на баку з буркам у руках, пакуль думка аб блізкай небяспецы не абудзіла яго. Баючыся спазніцца, ён кінуў на снег бурак і падняў галаву. Здаецца, наперадзе не было нікога. Цяпер хай бягуць – ён гатовы быў прыкончыць сябе, варта толькі ўперці ў падбародак рулю вінтоўкі і пальцамі нагі націснуць спуск. І ён парадаваўся ціхай злой радасцю, што ўсё ж выходзіла не па іх – па яго. Але ў яго былі яшчэ дзве абоймы патронаў – імі ён дасць свой апошні бой. Ён прыўстаў вышэй – недзе ж яны павінны быць, не праз зямлю ж яны праваліліся.
Чамусьці іх не было паблізу. Ці, можа, ён кепска ўжо бачыў уначы? Зрэшты, ноч пацямнела, здаецца, маладзічок угары недзе знік, адны зоркі праз марозную смугу мільгалі на небасхіле. Значыць, жыццё ўсё ж скончыцца ноччу, падумаў ён, у змрочным прамёрзлым полі, на адзіноце. Пасля яго, мабыць, завязуць у паліцыю, распрануць, вядома, і там закапаюць дзе-небудзь на конскім могільніку. Брацкая магіла, якая некалі палохала яго, цяпер была недасяжнаю марай, амаль раскошай. Закапаюць, і ніхто не ўведае ніколі, хто ляжыць у той зямлі. Зрэшты, усё гэта дробязі. У апошнюю хвіліну шкадаваць яму не было чаго, хіба што не хацелася разлучацца з сваёй вінтоўкай, якая слаўна і безадмоўна паслужыла яму паўзімы. Ні разу не заела, ніводзін яе механізм не збракаваў пры стральбе, бой яе быў надзіва спраўны і трапны. Іншыя мелі скарастрэльныя нямецкія аўтаматы, некаторыя насілі СВТ – ён жа не расставаўся з вінтоўкай, якая дасталася яму выпадкам, але ўжо ў тым выпадку выратавала яго жыццё. Здарылася гэта ў восеньскім баі на раз’ездзе, які яны атакавалі ўсёй групай. Рэшта немцаў разбеглася, пакінуўшы машыны, але некалькі чалавек не паспелі ўцячы і схаваліся за штабелем шпал, адкуль адкрылі агонь з карабінаў. Ён упаў тады непадалёку ад насыпу, якраз на самым відавоку, і немцы пачалі біць па ім ледзь не ва ўпор. Адна куля прашыла яму шынелак на плячы, другая ўдарыла пад бок. Ён асыпаў штабель аўтаматнымі чэргамі з «шмайсера», але чэргі тыя мала што маглі зрабіць немцам, укрытым радамі прасмаленых шпал. Праўда, ён у час зразумеў гэта і азірнуўся: непадалёк у канаве ляжаў з паніклаю галавой партызан, ля яго тырчаў з быльнягу ствол вінтоўкі. Сотнікаў задам адпоўз да канавы і пераўзброіўся. Варта было яму, добра прыцэліўшыся, выпусціць туды пяць куль, як нямецкі агонь спыніўся і партызаны пабеглі да будкі. На тым раз’ездзе яны спалілі шэсць цыстэрнаў з гаручым і ўзарвалі стрэлкі. Пасля ён убачыў за штабелем двух забітых эсэсаўцаў і наскрозь прабітыя яго кулямі шпалы, што і вырашыла ягоны выбар: «шмайсер» ён аддаў Мікулічу, а сам узяў вінтоўку. Праз усю партызанскую зіму яна была яго вернай заступніцай і абаронцай. А цяпер, мабыць, дастанецца якому-небудзь п’яніцу-паліцаю, які будзе страляць у вёсках сабак ды збіваць каптуркі з каміноў. Вінтоўка была адзінае яго шкадаванне, іншыя ўсе перабалелі за страшныя месяцы вайны. Але што ж... Там, дзе смерць вызваляла ад пакут, яна не была страшная – была сумнай неабходнасцю, і толькі.