Выбрать главу

Пачала мерзнуць яго босая нага, і ён падумаў, што не хапала яшчэ адмарозіць яе – як тады націснеш на спуск? Праз боль і знямогу ён паварушыўся на снезе і раптам згледзеў на пагорку рух. Толькі рух не адтуль, а туды. Два цені, надта няпэўныя, размытыя зімовым змрокам, марудна сунуліся па схіле ўгару. Яны ўжо былі пад самым верхам, і ён спярша не зразумеў нават, што там адбылося. Але, пэўна, яны аддаляліся: можа, да саней або па дапамогу, ці што? Гэта было пэўна, ён не мог памыліцца, ён бачыў: яны пайшлі назад, да дарогі. Але што ж тады атрымліваецца? З таемнаю радасцю ў душы ён пабаяўся яшчэ паверыць, што яны пакінулі яго. Зноў жа – ён ведаў, што доўга не працягне паранены на такім марозе ў полі. Значыць, яшчэ выходзіла горш, чым раней, калі абкладвалі яго асадай. Цяпер ён аставаўся прападаць марудна ад страты крыві і ад марозу. Нібы злуючыся на іх за такі паварот справы, а болей ад сваёй безнадзейнасці, ён як-колечы прыцэліўся і стрэліў.

І тут ён здагадаўся, што баяўся дарма: непадалёк з-пад пагорка прагучаў стрэл у адказ. Значыць, вартаўнік усё ж астаўся. Тыя, мабыць, адправіліся па падмогу, а аднаго пакінулі сачыць за ім і трымаць пад абстрэлам. Мусіць, яны сцямілі, што ён паранены і далёка ад іх не ўцячэ. Што ж, усё правільна.

Гэта засмуціла і яшчэ больш. Найгорш, што ён зусім не бачыў таго пад пагоркам, мусіць, добра замаскіраваўся, гад, а па стрэлах уначы не ўгадаеш, дзе ён засеў. Па-ранейшаму было млосна і трошкі блажыла, нібы ён з’еў што нядобрае. Хацелася піць. Дрыготка ж калаціла ўжо нясціхна, і ён падумаў, што, мабыць, доўга так не прачакае.

Але ён чакаў, невядома на што спадзеючыся, хоць так проста было скончыць з усім. Можа, ён хацеў жыць? Відаць, што хацеў, асабліва цяпер, калі тыя знялі аблогу – сапраўды, яму захацелася выжыць. Толькі як? Балючай нагой ён стараўся не кратаць, нават найменш варушыцца наогул. Але здаровая ступня ўжо, мабыць, адмерзла – значыць, ён зусім аставаўся без ног. А без ног – які ж паратунак?

Пакінуўшы ў снезе вінтоўку, ён павярнуўся на бок, пашукаў побач бурак. Той ляжаў блізка, халявай у снезе. Ён дацягнуўся да яго, высыпаў снег і пачаў намацваць здранцвелай нагою, каб надзець. Надзець, аднак, не ўдалося, гэта аказалася трудней, чым здзерці. Ступня толькі ўлезла ў халявіну, як у яго зноў закружылася ў галаве, поле паплыло кудысь вялізнаю сцюдзёнай крыгай. Стала нясцерпна, і ён сцяўся, стараючыся ператрываць пакуты. У той час здаля бахнуў і пакаціўся гулкім марозным рэхам вінтовачны стрэл – усё адтуль, з-пад пагорка. Бахнуў і другі раз, і трэці. Куль, аднак, ён не пачуў, ды ён і не слухаў. Бокам скурчыўшыся ў сваім снежным лаўжы, ён з усяе сілы стараўся ўздзець бурак. І ён уздзеў яго, хоць і не да канца, неяк ператрываў прыступ асабліва нясцерпнага болю, і яму стала лягчэй. Ён нават павярнуў твар, бо дужа пякло марозам шчаку і лоб. І тады пачуў голас:

– Сотнікаў, Сотнікаў...

Гэта нібы ўдарыла яго нямым здзіўленнем, але ён тут жа падумаў, што, мабыць, яму здалося. Тым не менш ён азірнуўся – ззаду ў змроку варушылася нешта жывое, рухава паўзло і паўтарала ціха, але настойліва:

– Сотнікаў! Сотнікаў!

Вядома, гэта Рыбак. Сотнікаў пазнаў яго басавіты голас і тады зусім ужо апаў у сваім пакутным напружанні. Хоць у той час ён яшчэ не ведаў, добра гэта ці не, што Рыбак вярнуўся, але ўжо разумеў, што як ні дзіўна, але і гэты раз ягоны канец адсоўваецца на няпэўнае, невядома якое будучае...

7

Яны папаўзлі да кустоўя – наперадзе Рыбак, за ім Сотнікаў. Гэта быў доўгі і цяжкі шлях. Сотнікаў не спраўляўся за сябрам, а часам і зусім заміраў у снегавой баразне, і тады Рыбак, абярнуўшыся, хапаў напарніка за каршэнь і валок за сабой. Ён таксама выбіўся з сілы – мала таго што памагаў Сотнікаву, дык яшчэ валок на сабе абедзве вінтоўкі, якія штораз спаўзалі са спіны і блыталіся пад каленямі ў снезе. Ноч пацямнела, у змрочнай навалачы зусім знік месяц. З пагорка два разы грукнулі стрэлы – мусіць, той паліцай нешта ўсё ж заўважыў.

Як-колечы дабраўшыся да кустоўя, яны залеглі між мяккіх заснежаных купін. Шэрае галлё алешніку някепска хавала іх у прыцемках ночы. Рыбак быў увесь мокры – раставаў снег у рукавах і за каўняром кажушка, ад поту змакрэла спіна. Ён так замарыўся, як не марыўся, мабыць, ніколі ў жыцці, і хвіліну немачна ляжаў ніц, толькі пазіраў на пагорак: ці не бягуць за імі. Але ззаду нікога не было, паліцай калі што і заўважыў, дык, мабыць, даганяць не адважыўся – тут нядоўга было злавіць кулю самому.