Выбрать главу

– Ну, як ты? – нарэшце азваўся Рыбак, усё яшчэ горача дыхаючы густой парай.

– Кепска, – проста прызнаўся Сотнікаў.

Ён ляжаў на баку побач, знясілена адкінуўшы галаву ў шчыльна аблеглай, са змёрзлымі краямі пілотцы. Параненая яго нага была трошкі прыўзнята каленам угору і дробненька нервова дрыжала.

Рыбак ціха пры сабе вылаяўся.

– Давай панясу. А то... Абложаць – не вырвешся.

Трохі прыпадняўшыся, ён выцяг з-пад каўняра ў Сотнікава скамечаны свой ручнічок і дрыготкімі ад стомы рукамі перавязаў ягоную нагу вышэй калена. Сотнікаў здрыгануўся, разы два прамычаў ад болю і змоўк. Потым Рыбак, прыўзняўшыся на каленях, падставіў яму спіну.

– Ну, бярыся.

– Чакай, я сам, можа...

Аслабела заварушыўшыся на снезе, Сотнікаў неяк устаў на адно калена, з хваравітай засцярожлівасцю адставіў убок параненую нагу, паспрабаваў падняцца зусім, але гэта яму не ўдалося.

– Куды табе! Ану, трымайся!

Рыбак падхапіў напарніка пад руку, і той нарэшце ўстаў; надта асядаючы на параненую нагу, ступіў два крокі. Гэта ўзбадзёрыла Рыбака – калі чалавек на нагах, дык, мабыць, яшчэ не ўсё страчана. А то як падпоўз да Сотнікава і дазнаўся, што той паранены, зрабілася не па сабе: што ён мог зрабіць з ім у такім яго стане? Цяпер Рыбак трохі супакоіўся і падумаў, што, можа, яшчэ як-колечы вывернуцца.

З дапамогай Рыбака Сотнікаў нязграбна скокнуў на адной назе, трошкі пасабляючы сабе і параненай. Яны палезлі ў негусты тут драбнаваты хмызняк з рыхлым і даволі глыбокім снегам. Сотнікаў адной рукой трымаўся за Рыбака, а другой хапаўся на хадзе за намёрзлае галлё алешніку і, дужа асядаючы на параненую нагу, з усяе моцы стараўся ступаць шырэй. У грудзях у яго ўсё хрыпела з нейкім нядобрым прысвістам, часам яго пачынаў біць глыбокі кашаль, і Рыбак ажно сціскаўся – іх маглі ўчуць за кіламетр адсюль. Але ён маўчаў. Ён ужо не пытаўся пра адчуванне напарніка – ён меў аб ім пэўнае меркаванне і, не даючы сабе перадыху, упарта валок Сотнікава праз густы аснежаны зараснік.

За кустоўем у лагу, які аказаўся даволі працяглым замёрзлым балотам, зноў пачаўся крутаваты ўхіл на пагорак. Яны наўкось ускараскаліся на яго, і Рыбак адчуў, што сілы яго скончыліся. Ён ужо не толькі не мог падтрымліваць Сотнікава, які ўсё асядаў долу, але і сам так знясілеў, што яны, не згаворваючыся, амаль разам рухнулі ў снег.

Яны доўга і моўчкі ляжалі на схіле, засяроджана і гучна аддыхваліся, з дзіўнай абыякавасцю да ўсяго, што не было іх знямогай. Рыбак разумеў, што кожнае хвіліны іх могуць дагнаць паліцаі, увесь час ён чакаў іх вокрыку, але ўсё роўна цела яго было не здольна адолець немач.

Можа, праз паўгадзіны ён усё ж неяк саўладаў з дыханнем і павярнуўся на бок. Сотнікаў ляжаў побач і дробненька калаціўся ад дрыжакі.

– Патроны асталіся?

– Адна абойма, – глуха прахрыпеў Сотнікаў.

– Калі што, будзем адбівацца, – рашыў Рыбак, падумаўшы, што з харчам, мабыць, ужо нічога не выйдзе, цяпер хоць бы ўратавацца самім. Пасля ўсяго, што здарылася, гэта таксама было нялёгка, калі не зусім немагчыма. Але, даняты яшчэ сваёй стомай, якая атупляла яго пачуцці, ён амаль абыякава думаў, што, калі іх дагоняць, давядзецца пусціць у ход зброю – іншага не выпадала.

– Не надта адаб’ешся, – сказаў Сотнікаў.

Гэта так, сапраўды, з дваццаццю патронамі доўга не пратрымаешся, але іншага выйсця ён не знаходзіў.

– І адкуль іх д’ябал прынёс! – Рыбак з новаю сілай пачаў перажываць іх няшчасце. – Во ўжо напраўду: бяда адна не ходзіць.

Сотнікаў маўчаў, немалым намаганнем душачы ў сабе стогны. Яго счарнелы на сцюжы, спакутаваны твар з заінелым ад дыхання шчаціннем раптам здаўся Рыбаку амаль незнаёмым, чужым і адразу выклікаў у яго нейкія благія прадчуванні. Рыбак падумаў, што справы напарніка, відаць, сапраўды кепскія, і міжволі пашкадаваў небараку таварыша.

– Вельмі баліць?

– Баліць, – буркнуў, мабыць, каб адчапіцца ад яго, напарнік.

– Трывай, – грубавата сказаў Рыбак. Ён сеў на снезе і пачаў заклапочана прыглядацца да мясціны, якая была зусім незнаёмая яму: нейкае пагоркавае поле, недалёкі лес ці гаёк, а дзе быў вялікі лес, аб тым ён не меў ніякага ўяўлення. Ды і наогул, закруціўшыся ў гэтай пагоні, ён перастаў разумець, дзе яны цяпер і ў якім напрамку трэба ісці, каб выбрацца да сваіх.

Гэта выклікала ў ім новы клопат і адазвалася ў душы новай трывогай – не хапала яшчэ заблудзіць уначы. Ён хацеў загаварыць аб тым з Сотнікавым, але той ляжаў побач, нібы не адчуваючы ўжо ні трывогі, ні сцюжы, якая рабілася ўсё болей нясцерпная на гэтым марозлівым ветры. Разгарачанае на хадзе цела вельмі хутка пачаў прабіраць мароз. Нейкі час, аднак, знямога ўладна прыкоўвала іх да зямлі, і Рыбак, углядаючыся ў змрочнае наваколле, пакутліва думаў, у які бок падацца.