Выбрать главу

– А маці тваю як зваць? – хрупаючы гурком, пытаўся Рыбак.

– Дзёмчыха.

– Ага. Значыць, ваш татка Дзёмка?

– Ну. А яшчэ Аўгіння мамку завуць.

Чутно было, Рыбак пацягнуўся за сталом, мусіць, каб узяць новую бульбіну, затупаў на падлозе ботамі. Размова на які час замоўкла, але потым азваўся цішэйшы, з прытоенай цікаўнасцю голас дзяўчынкі:

– Дзядзька, а вы парцізаны?

– А табе нашто ведаць? Малая яшчэ.

– А вот ведаю, што парцізаны.

– Ведаеш, дык маўчы.

– А таго дзядзьку, мусіць, ранілі? Ага?

– Ранілі ці не – аб тым ні гу-гу. Паняла?

Дзяўчынка памаўчала, Рыбак гучна хрупаў гурок.

– Я па мамку збегаю, добра?

– Сядзі і не рыпайся. А то яшчэ наклічаш якую халеру.

– ...Халера на іх! Людзі мы ці...

– Былі людзі...

Але гэта ўжо не цяперашняе – гэта голас з мінулага. Свядомасць яго яшчэ спраўляецца адзначыць амаль няўлоўны пераход у забыццё, і далей ужо Сотнікаў бачыць таго незнаёмага, параненага ў нагу лейтэнанта, які ледзьве шкандыбае ў калоне, апіраючыся на плячо таварыша. У лейтэнанта яшчэ забінтавана галава. Бінт стары, брудны, са счарнелаю карыной крыві над скроняю; ссохлыя вусны і нядобры ліхаманкавы бляск у счырванелых вачах надаюць яго схуднеламу твару нейкі напаўвар’яцкі выгляд. Ад параненае яго нагі ідзе гэткі смурод, што Сотнікава ажно блажыць; саладкаваты пах гнілі атручвае паветра. Іх гоняць калонай у лес – рэдзенькі саснячок пры дарозе, пад нагамі перасыпаецца белы пясок з ігліцай, няшчадна пячэ паўдзённае сонца. Конныя і пешыя немцы ідуць абапал калоны.

Кажуць, гоняць расстрэльваць.

Яно падобна на праўду – тут тыя, каго адабралі з усёй тысячнай масы ў шталагу: палітработнікі, камуністы, жыды і розныя іншыя, што выклікалі чымсь падазрэнне ў немцаў. Сотнікава паставілі сюды за няўдалыя ўцёкі. Мусіць, там, на пясчаных пагорках, у хвойнічку іх і расстраляюць, яны ўжо адчуваюць гэта па тым, як, збочыўшы з дарогі, сабраліся, гучней загаркалі іх канваіры – пачалі збіваць у адзін гурт калону. На пагорках, бачна было, стаялі і яшчэ салдаты, мабыць, чакалі, каб арганізавана зрабіць сваю справу. Але, відаць, здараюцца непаладкі і ў немцаў. Калона яшчэ не дайшла да пагоркаў, як канваіры нешта загергеталі з тымі, што былі на лясным ускрайку, спыніліся і падалі каманду ўсім сесці на дол – як гэта звычайна рабілі, калі трэба было затрымаць калону. Палонныя паселі – цесненька, як і ішлі, на спякоце – і пад рулямі стрэльбаў сталі чагосьці чакаць.

Усе апошнія дні Сотнікаў быў нібыта ў прастрацыі. Ён мала што знясілеў без вады і харчу, дык яшчэ і зняверыўся ў людзях і сваім лёсе – пасля ўсяго, што здарылася, ужо не надта хацелася і жыць. Ад гарачыні ўнутры ўсё спрагла, але вады не было, як не было надзеі на які паратунак, і ён думаў: хай бы ўжо хутчэй стралялі, абы менш пакутаваць. Ён моўчкі, у паўзабыцці сядзеў так сярод цеснага гурту на калючай, сухой траве, без асаблівых дум у галаве і, мусіць, таму не адразу зразумеў сэнс ліхаманкавага шэпту побач:

«Хоць аднаго, а прыкончу. Усё адно...»

«Чакай, пабачым, што далей».

«Хіба не ясна што?»

Сотнікаў ціха скасіў позірк – той самы лейтэнант даставаў з-пад бінта на назе ножык – звычайны кішэнны складанчык велічынёй з палец, і ў ягоных вачах была такая роспачная рашучасць, што Сотнікаў падумаў: такога не ўтрымаеш! Мусіць, выскачыць і наробіць глупства, бо што ён яшчэ мог зрабіць тым складанчыкам? Той, да каго ён звяртаўся, – пажылы чалавек у камсастаўскай без пятліц гімнасцёрцы, – засцярожліва паглядваў на канваіраў – двое, паблізу сышоўшыся разам, прыкурвалі жоўтыя цыгарэты, адзін на кані трохі зводдаль пільна азіраў калону.

Яны яшчэ пасядзелі на сонцы, можа, хвілін пятнаццаць, пакуль ад пагоркаў не падалі каманду, і немцы пачалі паднімаць палонных. Сотнікаў ужо ведаў, на што наважыўся ягоны сусед, які цяпер пачаў неўпрыкмет забіраць з сярэдзіны калоны ўбок, бліжэй да канваіра. Канваір гэты быў дужы прыземісты немец, як і ўсе, з аўтаматам на грудзях, у прапацелым пад пахамі кіцелі; з-пад макраватай ад нізу суконнай пілоткі выбіваўся зусім не арыйскі – чорны, амаль смаляны чуб. Ён спехам дакурыў цыгарэту, цвыркнуў праз зубы і прыкрыкнуў на кагось у калоне, хто аслабела гробся, стараючыся падняцца з долу. Мусіць, ён хацеў падагнаць або выцяць палоннага і ступіў бліжэй. Якраз у той час лейтэнант, бы каршун, уссеў на яго ззаду і па самыя тронкі ўвагнаў складанчык у яго загарэлую шыю.