Выбрать главу

Ён пакуль што прамаўчаў, а яна тым часам расшпіліла старэнькі лаплены кажушок, сцягнула з галавы хустку. Рыбак уважліва паглядзеў на яе – зваляныя, нячэсаныя валасы, запыленыя мочкі вушэй, змораны, не надта стары твар з рэзкімі заўчаснымі зморшчынамі ля вачэй і рота, якія красамоўна сведчылі пра горыч турботнага жыцця жанчыны.

– Якая яшчэ патрэба? – Яна кінула хустку на шасток ля печы, косым позіркам матлянула па канцы стала з міскай гуркоў. – Хлеба? Сала? Ці, можа, яек на яешню захацелася?

– Мы не немцы, – стрымана сказаў Рыбак.

– А хто ж вы? Можа, красныя армейцы? Дык красныя армейцы на фронце ваююць, а вы во па завуголлі шастаеце. Ды яшчэ падавай вам... бульбачкі, агурочкаў... Гэлька, вазьмі Лёніка! – крыкнула яна старэйшай, а сама не раздзелася, а пачала прыбіраць ля прыпечка: чыгункі – на прыпек, цабэрак – у парог, венік – у кут.

За сталом пачаў натужліва кашляць Сотнікаў. Яна пакасілася на яго, нахмурылася, але змоўчала, не пакідаючы прыбіраць, – тузанула брудную фіранку над дзіркай у падпечча. Рыбак устаў. Здаецца, ён даў маху – абыходзіцца з ёй, мабыць, трэба было стражэй, з гэтаю сварлівай раззлаванай бабай.

– Дарма, цётка! Мы да вас па-добраму, а вы сварыцеся.

– Хіба я сваруся? Каб я сварылася, вашай бы і нагі тут не было. Цыц вы, халеры! Вас яшчэ не хапала! – шыкнула яна на дзятву, якая церлася ля занавескі. – Гэля, вазьмі Лёніка, сказала! Лёнік, наб’ю!

– А я, мамацка, палцізанаў глядзець буду.

– Я табе пагляджу! – пагрозліва тупанула яна да перагародкі, і дзеці пазнікалі. – Парцізаны! Адно што звання – парцізаны. Лепей бы ўжо дома сядзелі.

Рыбак пільна сачыў за ёй, згадваючы, чаго яна такая ўзлаваная, гэтая Дзёмчыха. У галаве яго праносіліся самыя розныя меркаванні: жонка паліцая, якая радня іх ці, можа, пакрыўджаная чым пры Савецкай уладзе? Але, падумаўшы, ён адкінуў тыя здагадкі – усе яны не надта стасаваліся да гаротнага жыцця гэтай жанчыны.

– А дзе твой Дзёмка? – раптам спытаў Рыбак.

Яна разагнулася і неяк насцярожана, амаль боязна паглядзела на яго.

– А вы скуль Дзёмку ведаеце?

– Ды ўжо ведаем.

– Чаго ж тады пытаецеся? Хіба цяпер жонкі ведаюць, дзе іх мужыкі? Пакідалі во, жыві як хочаш.

Яна ўзяла з парога венік і пачала замятаць ля печы. Усе яе рэзкія і шырокія рухі сведчылі пра злосць і неспакой. Рыбак сядзеў, не ведаючы, як урэшце падступіцца да гэтай Дзёмчыхі з той размовай, дзеля якой ён і чакаў яе.

– Тут бач, цётка, таварыш таго...

Яна зноў разагнулася, зірнула на Сотнікава ў куце. Той варухнуўся, памкнуўся ўстаць і хваравіта перацяў стогн. Дзёмчыха на момант знерухомела з венікам у руках. Рыбак падаўся к таварышу.

– Ось бачыш, кепска яму, – сказаў ён.

Сотнікаў хвіліну курчыўся ад болю ў назе, аберуч трымаючыся за калена і сцяўшы зубы, каб не стагнаць.

– Халера, прыкарэла, мусіць.

– А ты не тузайся, ляжы. Цябе ж не гоняць.

Пакуль Рыбак уладкоўваў нагу ўздоўж лавы, Дзёмчыха хмурылася, але што далей разкаваты выраз яе стомленага твару пачаў мякчэць.

– Падкласці што трэба, – сказала яна і пайшла за перагародку, адкуль неўзабаве вынесла старую, з клоччам шэрае ваты, ватоўку. – На, мякчэй будзе.

«Так, – адзначыў у думках Рыбак. – Гэта ўжо іншая справа. Можа, яшчэ падабрэе гэта злосная кабеціна».

Сотнікаў прыўзняўся, яна паклала ватоўку ў кут пад яго галаву, і ён, пакашліваючы, тут жа апусціўся зноў. Дыханне яго па-ранейшаму было частае і труднае.

– Хворы, – ужо іншым тонам, спакойна сказала Дзёмчыха. – Жар, пэўна. Вунь як гарыць.

– Гэта пройдзе, – махнуў рукой Рыбак. – Гэта не страшна.

– Ну канешне! – зазлавала жанчына. – Вам усё не страшна. І страляюць у вас – не страшна. І што маці гора – не страшна. Нічога не страшна. А нам... Зёлак зварыць нада, напіцца, спацець. А то вунь могілкі побач.

– Могілкі не самае горшае, – праз кашаль сказаў Сотнікаў.

Ён неяк нядобра ажывеў пасля кароткага забыцця, мусіць, ад тэмпературы, ці што. Рыбак проста не пазнаваў яго: рэзка счырванелы твар, ліхаманкавы бляск вачэй і нейкая ненатуральная парывістасць у рухах.

– Што ж яшчэ можа быць горш? – спытала Дзёмчыха, збіраючы са стала талеркі. – Мабыць жа, у пекла не верыце?

– Мы ў рай верым, – сказаў Рыбак.

– Дачакаецеся раю, а як жа.

Гаспадыня забразгала засланкай, палезла ў печ, пачала шоргаць там чыгунамі. Аднак, падобна было, яна ўжо спакойнела, нават дабрэла. Рыбак адчуваў тое і думаў, што, можа, як-небудзь усё яшчэ ўладзіцца.