– У арміі служыў?
– У якой арміі?
– Чырвонай хаця б.
– С... я хацеў на вашу армію! – яшчэ больш вызверыўся паліцай і зрабіў страшныя вочы. Потым неяк паступова твар яго перамяніўся, на ім з’явілася ўсё тая ж паблажлівая ўсмешка. Адставіўшы ўбок нагу, ён наском бота размерана пацепаў па зямлі. – Ось так!
– А бушлат? – паказаў позіркам Рыбак.
– Ах, бушлат! У аднаго жыдка-камісара ўзяў. Таму не спатрэбіўся, – сказаў паліцай і, заўважыўшы яго запытальны позірк, спакойна дадаў: – Твой паўшубачак таксама прыбяром. Будзіла возьме, ягоная чарга. От так.
– А не падавіцеся? – раптам цвёрда, трошкі стрымліваючы хваляванне, сказаў Сотнікаў.
Стась ускінуў галаву.
– Што?
– Не падавіцеся, кажу? Паўшубачкамі, і наогул!
– Гэта чаму нам давіцца? За нас Германія – паняў ты, чмур? А вот вам точна капут! Будзьце ўпэўнены, у бога душу маць! – свірэпа закончыў Стась.
Што ж, і гэта было зразумела і натуральна. Рыбак задумліва апусціў галаву, Сотнікаў асцярожна паспрабаваў варухнуцца – дранцвела сцягно, вузкая сырамятная супонь рэзала яго тонкія рукі.
Урэшце паліцай прыгнаў двое саней. Адны асталіся на вуліцы, а другія са скрыпам і конскім тупатам пад’ехалі пад самы ганак, і Стась усхапіўся з парога. Першага ён упіхнуў у развальні Рыбака, потым дужым рыўком за каршэнь падняў з долу Сотнікава. Калі той, дастыргікаўшы, неяк уладкаваўся поруч з таварышам, паліцай уваліўся ў сані ззаду. Возчык – стараваты напалоханы дзядзька ў драным кажуху – боязна прыткнуўся ў перадку. Змёрзлую босую нагу Сотнікаў патроху падапхнуў пад сена, зверху прыкрыў палой шыняля. Яму зноў рабілася надта дрэнна, але неяк трэба было трываць. Цяпер трэба было толькі адно: трываць. І ён трываў, ашчадна выдаткоўваючы не надта багаты запас гэтага свайго трывання.
Ён думаў, што яны адразу паедуць, але з хаты нешта не выходзіў старшы паліцай, па яго пайшоў той, што хадзіў па сані. Неўзабаве адтуль пачуліся галасы і плач Дзёмчыхі, Сотнікаў нявесела ўслухаўся: пакінуць яе ці не? Хвіліну яшчэ, падобна было, там нешта шукалі, стукала аб папярочыну драбіна ўгары, плакалі дзеці, а потым гучней загаласіла Дзёмчыха.
– Праклятыя вы! Каб вам да нядзелі не дажыць! Каб вы маці сваіх не ўбачылі!
– Ну-ну! Жыва, сказана! Жыва!!
– На каго я дзяцей пакіну, гадаўё вы неміласэрнае!..
– Жыва!
Так, не выйшла, забіралі і яе – значыць, іхняе становішча і яшчэ ўскладнялася. Мабыць, будзе і горш. Сотнікаў зірнуў на Рыбака. Той сядзеў да яго бокам, і здалося, на яго аброслым шчаціннем твары слізгануў пакутлівы цень. Было ад чаго.
Па той самай сцяжынцы ўздоўж плота яны выехалі на дарогу і павярнулі паўз могілкі. Сотнікаў уцягнуў галаву ў каўнер, трохі прыхінуўся плячом да аўчыннае спіны Рыбака і заплюшчыў вочы. Развальні тузаліся пад імі, палазы часам заносіла ўбок. Стась ззаду, чуваць было, лузгаў і пляваўся сваімі семкамі... Мусіць, іх везлі ў паліцыю або СД – значыць, спакойнага часу асталося надта мала – трэба сабрацца з душэўнымі сіламі, падрыхтавацца да яшчэ большых пакут. Вядома, яны не скажуць ім праўды, хоць таго, што яны з лесу, відаць, утаіць не ўдасца, але каб хоць выгарадзіць Дзёмчыху. Бедная цётка! Бегла дадому і не сніла, не ведала, што яе чакае там. Цяпер яна нешта ўсё крычала ззаду, сварылася і плакала, звераваты паліцай лаяўся на яе – брыдка, са смакам і з намерам як найбольш дапячы жанчыну. Але Дзёмчыха таксама не аставалася ў даўгу.
– Звяры! Фашысты! Куды вы мяне везяцё? Там дзеці! Дзетачкі мае родненькія, залаценькія мае! Гэлечка мая, як жа ты будзеш...
– Трэ было раней думаць!
– Ах ты, погань нячыстая! Ты мяне папракаеш яшчэ, запраданец нямецкі! Што я зрабіла вам?
– Бандытаў хавала.
– Гэта вы бандыты, а тыя як людзі: зайшлі і выйшлі. Што я знала, што яны на гарышча ўзлезлі? Што я – сваім дзіцям на загубу? Гадаўё вы паганае! Гітляроўскае!
– Маўчаць! Бо кляп усаджу!
– Каб табе кол усадзілі, нячысцік!
– Так! Стась, стой! – гукнулі з задніх саней, і абое сані спыніліся, не даязджаючы дзвюх тоненькіх бярозак, што пагойдваліся на ветры ў кусце лазняку за канавай. Рыбак і возчык цікаўна азірнуліся, а Сотнікаў толькі сцяўся нутром, чакаючы чагось абразлівага і страшнага. І сапраўды Дзёмчыха неўзабаве закрычала, затузалася, сані ззаду скрануліся на дарозе, рыпнуў хамут, і нават конь неспакойна пераступіў на снезе. Потым усё сціхла. Стась саскочыў быў з развальнёў, ды хутка зноў задаволена паваліўся на сваё месца.