Ён разумеў, што падышоў да свае мяжы, свайго галоўнага рубяжа, а сілы ў яго было дужа мала. І ён найбольш непакоіўся, што можа не стрываць фізічна, – іншага ён не баяўся. Дыхнуўшы цёплага паветра, ён пачаў кашляць, як заўжды, да сутаргавых спазмаў у грудзях, да болю ў галаве, – самым прывязлівым кашлем, які дапякаў яму другі дзень. Так кепска ён даўно ўжо не кашляў, мабыць, з дзяцінства, калі сваёй прастудай выклікаў нямала трывог у маці, якая бясконца перажывала за яго слабыя лёгкія. Але тады нічога не здарылася, ён перарос хваробу, дажыў да дваццаці шасці год. А цяпер што ж – цяпер здароўе ўжо не мела для яго вялікага значэння. Цяпер было важна іншае.
Праз кашаль ён не пачуў, як у пакоі з’явіўся яшчэ нехта, ён толькі ўбачыў боты, не дужа новыя, але дагледжаныя, з падбітымі наскамі і дбайна наваксаванымі халявамі. Сотнікаў падняў голаў.
Насупраць стаяў немалады ўжо мужчына ў цёмным цывільным пінжаку пры гальштуку, павязаным на нясвежую, у палоску кашулю, у ладных, вайсковага крою брыджах. У паглядзе яго маленькіх, але надта пільных вочак было нешта гаспадарскае, спакойнае, у меру заклапочана разважлівае; пад носам тапырылася шчотачка коратка падстрыжаных вусікаў – як у Гітлера. «Будзіла, ці што?» – падумаў Сотнікаў, хоць нічога з таго пагрозліва-звераватага, якое паліцаі прыпісвалі гэтаму чалавеку, у ім не было зусім. Аднак адчувалася, што гэта начальства, і Сотнікаў сеў на падлозе трохі раўней, наколькі гэта дазваляла яго балючая нага.
– Гэта хто вас? Гаманюк? – запытаў чалавек стрыманым начальніцкім тонам.
– Стась ваш, – з неспадзяванай ноткай скаргі сказаў Сотнікаў, тут жа, аднак, пашкадаваўшы, што не стрымаў незалежнасці тону.
Начальнік рашуча расчыніў у калідор дзверы.
– Гаманюка ка мне!
Кашаль у Сотнікава пакрысе суняўся, была толькі слабасць, і надта нязручна было апірацца на звязаныя рукі. Ён пакутаваў, не зусім разумеючы сэнс заступніцкага намеру гэтага чалавека. Тым не менш праз паўхвіліны ў пакой уваліўся той самы Стась і з падкрэсленай услужлівасцю стукнуў абцасамі сваіх франтаватых ботаў.
– Слухаю вас!
Гаспадар пакоя набычыў велікаваты для яго тхарынага тварыка выпуклы, з глыбокімі залысінамі лоб.
– Што такое? Пачаму зноў грубасць? Пачаму на пол? Пачаму без мяне?
– Вінават! – як дураслівы, варухнуў локцямі і яшчэ больш выцягнуўся Стась.
Але па той бяздумнай стараннасці, з якой ён рабіў гэта, таксама як і па бясстраснай строгасці яго начальніка, Сотнікаў адразу западозрыў, што перад ім пачынае разыгрывацца бяздарны імправізаваны фарс.
– Хіба такая была інструкцыя? Так нас вучыць германскае камандаванне? – нібы крывымі цвікамі да падлогі, прыбіваў ён паліцая сваімі пытаннямі, а той з фальшывай бояззю толькі пяў грудзі.
– Вінават! Болей не буду! Вінават!
– Да палонных належаць адпаведныя адносіны. Нямецкія ўлады гатовы шанаваць тых, хто сам здаўся...
Не, годзе! Як нямецкія ўлады шануюць палонных, Сотнікаў ужо ведаў, і не стрымаўся, каб не разбурыць усёй гэтай наіўнай самадзейнасці.
– Дарма стараецеся!
Паліцэйскі трохі паспешліва павярнуўся, азадачана нахмурыў лоб.
– Што вы сказалі?
– Што чулі. Развяжыце рукі. Я не магу так сядзець.
Паліцэйскі нешта разважыў, свідруючы яго насупленым позіркам, але, мусіць, зразумеў, што баяцца няма чаго, і сунуў руку ў кішэню. Падчапіўшы кончыкам нажа тры столкі супоні, ён адным махам перарэзаў яе і схаваў нож. Сотнікаў разняў набрынялыя рукі, на запясцях якіх чырванелі рубцы.
– Што яшчэ?
– Піць! – сказаў Сотнікаў. Ён рашыў, пакуль ёсць магчымасць, пакарыстацца паблажлівасцю гэтага чалавека, каб пасля ўжо трываць.
Паліцай кінуў Гаманюку:
– Дай вады!
Той выскачыў у калідор, а паліцай зайшоў за стол і нетаропка ўмясціўся ў сваё крэсла. Увесь час ён паводзіў сябе падкрэслена стрымана, нібы таіў штось важнае для арыштанта. Позірк яго вострых, чымсь заклапочаных вачэй амаль не сыходзіў з Сотнікава.
– Можаце сесці на стул.
З дапамогай рук Сотнікаў перабраўся да крэсла і прысеў там, адставіўшы ўбок нагу. Хоць трошкі, ды стала зручней, так ужо можна было трываць. Ён уздыхнуў і паглядзеў за печ, у кут ля акна, не адразу зразумеўшы, што шукае не што іншае, як прылады катавання – мусіць жа, яны павінны тут быць. Але нічога здатнага для таго тут не было відаць. Між тым адносіны яго з гэтым паліцаем перайшлі за мяжу ўмоўнасці. Сотнікаў адчуваў: паколькі гульня не ўдалася, неўзабаве пачнецца размова па сутнасці, якая абяцала мала прыемнага. І ён стараўся сабраць свае сілы, падрыхтавацца ўнутрана, каб вытрымаць да канца.