Тым часам Стась Гаманюк прынёс кварту вады, падаў Сотнікаву, і той выпіў усю. Паліцай з-за стала падазрона сачыў за кожным ягоным рухам, нешта ўсё разважаў ці, можа, стараўся што адгадаць.
– Ну, пазнаёмімся, – даволі міралюбна сказаў ён, калі Стась выйшаў. – Маё прозвішча Партноў. Следчы паліцыі. Вось так.
– Маё вам нічога не скажа.
– А ўсё ж?
– Ну Іваноў, дапусцім, – сказаў Сотнікаў праз зубы – балела нага.
– Не настойваю. Хай будзе Іваноў. Так і запішам, – пагадзіўся следчы, хоць нічога і не запісваў. – З якой банды?
Ого, так адразу ўжо і пра банду? Перш чым адказаць на такое больш чым непрыемнае пытанне, Сотнікаў памаўчаў. Партноў, свідруючы яго позіркам, узяў са стала запэцканы чарнілам драўляны прэс, пакруціў у руках. Сотнікаў невідушча пазіраў на яго пальцы і не ведаў, як лепш: гуляць у паддаўкі ці адразу адмовіцца ад паказанняў, каб не блытацца ў хлусні. Тым болей што ў хлусню гэту, мабыць, не надта павераць.
– А вы думаеце, я вам скажу праўду?
– Скажаш, – проста і з такой натуральнай упэўненасцю сказаў следчы, што Сотнікаву стала не па сабе, і ён спадылба запытальна паглядзеў на паліцэйскага. – Скажаш!
Пачатак не абяцаў нічога добрага. На гэта пытанне ён, вядома, адказваць не будзе, але і іншыя, мабыць, не будуць лягчэйшыя. Следчы чакаў, гуляючы з прэсам. Рухі ягоных рук былі спакойна-ўпэўненыя і неспяшлівыя, аднак гэтаю самай неспяшлівасцю і выдавалі стоеную да пары напружанасць. Дзіўна, што з выгляду ён быў зусім мала падобны на ката-следчага, які меў на рахунку, відаць, не адно загубленае жыццё, а хутчэй нагадваў сціплага сельскага служачага. І ўсё ж нешта ў ім таілася невядомае, загадкавае і страхавітае. Сотнікаў чакаў, калі яно выбухне з лютасцю, ён толькі не ведаў, за якім пытаннем здарыцца тое.
– Якое мелі заданне? Куды ішлі? З якога часу ў вас агентам гэтая жанчына?
– Ніякі яна не агент. Мы выпадкам зайшлі ў яе хату, узлезлі на гарышча. Яе і дома ў той час не было, – знешне спакойна растлумачыў Сотнікаў.
– Ну вядома, выпадкам. Так усе гавораць. А да лясінаўскага старасты вы таксама зайшлі выпадкам?
Ага, во як! Значыць, ужо дазналіся і пра старасту? Хаця данёс, мабыць, у той самы вечар. Пашкадавалі, называецца, – з непрыемнасцю падумаў ён пра старасту. Аднак выходзіла, што паліцаі ведалі пра іх куды больш, чым яны на тое разлічвалі, і Сотнікаў на хвіліну сумеўся. Мусіць, гэта быў разлічаны ход у допыце. Следчы са з’едлівасцю на твары адзначыў дасягнуты ім эфект, кінуў свой прэс і закурыў. Пасля акуратна прыбраў са стала партабак, запальнічку, крошкі тытуню здзьмухнуў на падлогу. Праз дым уважліва паглядзеў на яго, чакаючы адказу.
– Да, выпадкам, – пасля паўзы цвёрда сказаў Сотнікаў.
– Не арыгінальна. Вы ж разумны чалавек, а хочаце выехаць на такой прымітыўнай хлусні. Трэ было б прыдумаць нешта хітрэйшае. Гэта ў нас не пройдзе.
Не пройдзе, мабыць, так. Але чорт з ім. Быццам ён спадзяваўся, што пройдзе. Ён наогул ні на што не спадзяваўся. Было толькі шкада няшчаснае Дзёмчыхі, якую невядома як было выгарадзіць.
– Вы можаце зрабіць з намі што хочаце, – стараючыся як мага памяркоўней, сказаў Сотнікаў. – Але не чапайце жанчыны. Проста яе хата аказалася з краю. А я не мог ісці далей.
– Дзе паранены?
– У нагу.
– Я не пра тое. Дзе, у якім раёне?
– У лесе. Два дні назад.
– Не пройдзе, – гледзячы ва ўпор, заявіў следчы. – Заліваеце. Не ў лесе, а на бальшаку гэтай ноччу.
Чорт! Ведае пэўна ці ловіць? – апанурыўся Сотнікаў. Але як жа трымацца далей? Няўдала схлусіш у дробязях – не павераць і ў праўду. А праўду пра Дзёмчыху вельмі неабходна было давесці гэтаму прыслужніку, ды ён адчуваў, што давесці яе будзе цяжэй, чым якую хлусню. Сітуацыя ў самым пачатку складвалася самым найгоршым чынам.
– А калі я, напрыклад, пацверджу, вы адпусціце жанчыну? Вы можаце гэта абяцаць?
Вочкі следчага са злосцю, здаецца, пранізалі Сотнікава.
– Я вам нічога не абавязаны абяцаць. Я задаю пытанні, а ваш абавязак адказваць.
Значыць, не ўдасца, паныла думаў Сотнікаў. Вядома, са сваіх рук яны нікога не выпускаюць. Знаёмая завядзёнка. Тады, мабыць, прапала Дзёмчыха.
– Нізашто пагубіце жанчыну. А ў яе трое малых.
– Губім не мы. Губіце вы! Вы яе ў банду ўцягнулі. Чаму тады не думалі пра дзяцей? – жорстка дакараў следчы. – А цяпер позна. Вы ведаеце законы вялікай Германіі?
«Законы! Даўно ты пазнаў іх, пракляты смоўж? – міжвольна падумаў Сотнікаў. – Нядаўна яшчэ, мабыць, зубрыў зусім другія законы, а цяпер вось перакваліфікаваўся, спрытнюга!» Аднак апошняе яго пытанне прагучэла трохі двухсэнсоўна – падобна было, ён нешта хацеў спіхнуць з сябе на плечы вялікай Германіі.