Выбрать главу

Сотнікаў памаўчаў, а следчы падняўся, адсунуў крэсла і раздумна падышоў да акна з кратамі. Праз акно ён паўзіраўся на двор, дзе чуліся галасы. Зноў ён трымаў у сабе нешта прытоенае, асабліва не напіраў з допытам і ці то думаў, як злавіць яго, ці, можа, разважаў аб чымсь, зусім тут староннім.

У калідоры застукалі боты, пачулася гамана, лаянка, здаецца, некага там вялі ці неслі. Калі гамана перамясцілася на ганак, следчы сказаў энергічна, як чалавек, якому надакучыла займацца нецікавай справай:

– Так, хопіць. Назавіце банду! Яе камандзіра! Сувязных! Колькасны склад! Месца базіравання. Толькі не спрабуйце хлусіць.

Сотнікаў адкашляўся і сумна ўсміхнуўся.

– Надта вы многа ад мяне хочаце.

Неўпрыцям для сябе ён перайшоў на іронію, да якой звычайна звяртаўся ў непрыемных размовах з дурнямі і нахабнікамі. Праўда, для Стася ці яшчэ каго з гэтых запраданцаў іронія яго была далёкая ад разумення – на гэтага ж начальніка яна дзейнічала, здаецца, самым належным чынам. Да пары той, аднак, стрымліваўся, толькі крыва перасмыкнуў вуснамі.

– Куды ішлі?

– Мы заблудзілі.

– Не пройдзе. Хлусня! Даю дзве хвіліны на роздум.

– Не старайцеся. Мабыць, у вас шмат работы.

Тут ён угадаў пэўна. Тхарыны тварык следчага зноў перасмыкнуўся, але, здаецца, ён умеў валодаць сабой. Ён нават не павысіў голасу.

– Жыць хочаш?

– А што вам да майго жыцця? Ужо вы мне яго не даруеце.

Следчы звузіў маленькія вочкі.

– Не даруем! Бандытам не даруем! – сказаў ён і раптам крута павярнуўся ад акна; кавалак попелу з канца яго цыгарэты ўпаў і разбіўся аб насок бота – здаецца, яго вытрымка скончылася. – Расстраляем, гэта безумоўна. Але спярша мы з цябе зробім катлету. Фарш зробім з твайго маладога цела. Павыцягваем усе твае жылы! Паслядоўна пераламаем косці. А пасля аб’явім, што ты выдаў астатніх. Гэта каб цябе там, у лесе, не дужа любілі.

– Не дажджацеся. Не выдам.

– Не выдасі ты – другі нехта выдасць. А спішам на цябе. Паняў? Ну, як?

Сотнікаў маўчаў, яму рабілася млосна. Цела пакрылася потам, стала не да іроніі. Ён адразу адчуў, што гэта не проста пагроза, шантаж – яны здольны на ўсё. Гітлер іх вызваліў ад сумлення, ад людскасці і нават звычайнай чалавечай маралі, іх звярыная сіла ад таго, вядома, пабольшала. Ён жа перад імі толькі чалавек. Ён звязаны дзесяткам абавязкаў перад людзьмі і Радзімай, магчымасць хлусіць і апраўдвацца ў яго не надта вялікая. Так, іх сродкі ў гэтай барацьбе аказаліся няроўныя, перавага была на баку ворага: што выстаўляў Сотнікаў, тое з надзвычайнай лёгкасцю абвяргаў следчы.

Расставіўшы ногі ў абвіслых на каленях брыджах, Партноў упёрся ў яго вострым позіркам і чакаў. Сотнікаву было надта кепска, і ён пакутна падбіраў словы ў адказ, адчуваў – гэта будуць апошнія яго словы, і не знаходзіў нічога. Правая рука следчага асцярожна цягнулася да прэс-пап’е на стале.

– Ну?

– Сволачы!

Следчы трошкі паспешлівей, чым трэба было, схапіў прэс-пап’е і прыстукнуў ім па стале, нібы ставіў апошнюю кропку ў гэтым бяскроўным і тым не меней жахлівым допыце.

– Будзілу ка мне!

У калідоры пачулася зычнае: «Будзілу к спадару следчаму!» – пасля чаго Партноў спакойна абышоў стол і ўсеўся ў сваім крэсле. На Сотнікава ён ужо не глядзеў, нібы яго і не было тут. Ён пачаў закурваць. Здаецца, яго місія была скончана, пачыналася другое аддзяленне допыту.

Сотнікаў увесь напружыўся: урэшце надышоў час таго, кім яго палохалі яшчэ ў вёсцы. І хоць ён ужо не чакаў нічога добрага і гатовы быў да найгоршага, але цяпер аж здрыгануўся, калі дзверы шырока расчыніліся і на парозе з’явіўся Будзіла.

Мусіць, гэта быў тутэйшы паліцэйскі кат – здаравенны бугай на два метры росту, з касцістым, нібы конская морда, тварам і аднавокі. Палохаў увесь яго драпежны медзведзяваты выгляд, асабліва вялізныя касматыя рукі, якія ён нёс, нібы цяжкія, абвіслыя долу рычагі. Таксама, мусіць, па ўсталяванай тут завядзёнцы, увайшоўшы, коса прыцэліўся ў ахвяру сваім цэлым вокам.

– Ану!

Сотнікаў сядзеў, рызыковым непаслушэнствам адцягваючы нешта безумоўна для сябе жахлівае. Тады той з размеранай спаважнасцю падышоў бліжэй і вялізнай пяцярнёй шырока і ўчэпіста згроб на запалых грудзях Сотнікава яго шынелак.

– Ану, бальшавіцкая гніда!..

12

«Дастукаўся!» – паныла, без злосці падумаў Рыбак, калі Стась яшчэ на двары схапіў Сотнікава. Паліцай бесцырымонна павалок таго ў памяшканне, а для іх з Дзёмчыхай адчыніліся ўнізе пад ганкам дзверы ў склеп. Ім развязалі рукі і падвялі да прыступкаў. Дзёмчыху штурхнулі туды сілай, Рыбак пайшоў сам.