– Да-а, гэтага знявечылі. Ці выжыве? – сказаў Пётра.
Рыбак падумаў: «Мусіць, не выжыве». І раптам яму дужа выразна і шчасліва адкрылася: калі Сотнікаў памрэ, дык ягоныя шансы выжыць, відаць, павялічацца. Іншых тут сведак няма, можна будзе казаць пра атрад што здасца патрэбным, праверыць не будзе ў каго.
Ён сам разумеў нялюдскасць свайго жадання, але, колькі ні думаў, вяртаўся да высновы, што так будзе лепш. Яму, Рыбаку, ды і самому Сотнікаву, бо пасля ўсяго, што сталася з камбатам, хіба ён жыхар на свеце? А Рыбак, можа б, як выкруціўся і тады ўжо напэўна расквітаўся б з гэтымі свалачамі за ягонае жыццё і за свае страхі таксама. Вядома, ён не збіраўся выдаваць ім партызанскіх сакрэтаў, ні тым болей ісці ў паліцыю, хоць і ведаў, што ўхіліцца ад яе, мабыць, будзе нялёгка. Але яму важна было выйграць час – усё астатняе залежала ад таго, колькі ён пратрымаецца.
Сотнікаў цяжка і хрыпата дыхаў, трохі стагнаў, але толькі ледзь-ледзь, і Рыбак падумаў: не выцягне. Тут і з моцным здароўем нядоўга загнуцца, дзе ўжо яму!
– А табе, гляджу, болей пашэнціла, – памяркоўна сказаў стары.
Гэта непрыемна зачапіла Рыбака – якая ягоная справа? Але ён адказаў спакойна:
– Маё ўсё наперадзе.
– Ну ведама ж, наперадзе. Так яны не даруюць.
Рыбак насцярожана паглядзеў у кут – яму не падабаліся няпрошаныя прароцтвы гэтага чалавека: адкуль яму знаць, даруюць ці не. У яго ішоў залік па асобнаму ад іншых рахунку, у дабратворную сілу якога ён ужо амаль што паверыў і стараўся як мага падрабязней усё гэта абдумаць.
Але месца гэтае, мусіць, было не надта прыдатнае на роздум: толькі ён засяродзіўся ўвагай на сваіх клопатах, як на прыступках зноў затупалі крокі. Думаў – каго вядуць, але загрымеў засоў іхніх дзвярэй, і на парозе з’явіўся той самы Стась.
– На вады! Жыва! І каб гэты бандзюга быў да заўтра як штых! А ты, стары падла, марш да Будзілы!
Рыбак патушыў у сэрцы трывогу, пераняў з рук паліцая круглы кацялок са сцюдзёнай вадой. Пётра ў куце няўцямна ўставіўся ў дзверы.
– А навошта, не знаеш?
Стась з непадробнай шчырасцю рагатнуў:
– Знаю: у падкіднога гуляць. Ну, давай, жыва!
Стары падняўся, падабраў з долу кажушок і, угнуўшы голаў, выйшаў з каморкі. Дзверы зноў з грукатам зачыніліся.
Рыбак стаў на калені і пачаў далікатна тармашыць Сотнікава. Той, аднак, толькі стагнаў. Тады ён адною рукой нахіліў кацялок, а другой прыпадняў голаў напарніка і бадай сілком нешта ўліў таму ў рот. Сотнікаў здрыгануўся, але тут жа прыпаў вуснамі да шурпатага берага кацялка, некалькі разоў глытнуў.
– Хто гэта?
– Гэта я. Ну, як ты? Лепей?
– Рыбак? Фу ты! Дай яшчэ.
Рыбак зноў прытрымаў яго галаву. Сотнікаў, лязгаючы зубамі па кацялку, выпіў болей. І пластам аблёг на салому.
– Што, мучылі здорава? – спытаў Рыбак.
– Да, брат. Дасталося, – выдыхнуў Сотнікаў.
Рыбак нацягнуў на яго шынелак, сам прываліўся спіной да цаглянай сцяны, услухоўваючыся ў хрыпатае дыханне таварыша, якое, аднак, патроху выроўнівалася.
– Ну, як пачуваешся?
– Цяпер добра. Лепш. А цябе?
– Што?
– Білі?
Гэтае пытанне застала Рыбака знянацку, ён не знаў, як коратка сказаць таварышу, чаму яго не білі.
– Ды не, не дужа.
Сотнікаў знямогла заплюшчыў вочы, схуднелы, з адрослаю бародкай яго твар ледзь шарэў на саломе, у грудзях хрыпела на адной ноце. І тады Рыбак падумаў, што, мабыць, пакуль ёсць такая магчымасць, ім трэба аб чым-колечы дамовіцца.
– Слухай, я, здаецца, іх абхітру, – шапнуў ён, схіліўшыся да напарніка. Той здзіўлена расплюшчыў вочы – шырокія бялкі ў вачніцах бліснулі адбіткам святла з акенца. – Толькі нам трэба казаць аднолькава. Найперш: ішлі па харчы, хутар спалены, прыбіліся да Лясін, ну і ўзялі авечку.
– Нічога я ім не скажу, – перапыніў яго Сотнікаў.
Рыбак прыслухаўся, ці няма дзе каго паблізу, але, здаецца, скрозь было ціха. Толькі зверху даносіліся галасы і крокі, якраз над іх камерай. Але адтуль яго не пачуюць.
– Ты не дуры, чуеш? Трэба нешта і сказаць. Дык слухай далей. Мы з групы Дубавога, ён цяпер у Баркоўскім лесе. Хай правераць.
Сотнікаў знерухомеў, перацяў дыханне.
– Але атрад Дубавога сапраўды там.
– Ну і што?
Рыбак пачынаў злавацца: от жа незгаворлівы чалавек, ці ў тым справа! Вядома, гэты атрад там, але ад таго, што яны назавуць месца, яму будзе ні холадна ні горача – паліцаям да яго не дабрацца. Іхні ж якраз у куды болей ненадзейным месцы.
– Слухай. Ты паслухай мяне. Калі мы іх не падманем, не схітрым, яны нас закатуюць. Трэба трохі і ў паддаўкі згуляць. Не рваць цераз сілу.