Сотнікаў, чуваць было, быццам насцярожыўся, напяўся, дыханне яго прыглушэла, здаецца, ён нешта думаў.
– Нічога не выйдзе!
– А што ж тады выйдзе? Смерці дастукацца лягчэй за ўсё.
Вот боўдзіла, падумаў Рыбак. Ужо такое дурной упартасці ён ад яго не чакаў. Зрэшты, сам адной нагой у магіле, дык яму што – не хоча нават падумаць, каб не пацягнуць туды і таварыша.
– Ты паслухай! – памаўчаўшы, зашаптаў Рыбак. – Нам нада іх павадзіць. Знаеш, як шчуку на вудзе. Інакш перасіліш, парвеш, і ўсё прапала. Нада прыкінуцца смірнымі. Знаеш, мне прапанавалі ў паліцыю, – неяк, сам не жадаючы таго, сказаў Рыбак.
Павекі ў Сотнікава здрыгануліся, вочы бліснулі стоенай увагай.
– Во як! І што ж – пабяжыш?
– Не пабягу, не бойся. Я з імі патаргуюся.
– Глядзі, пратаргуешся, – з нядобрасцю прасіпеў Сотнікаў.
– Ну а што ж – прападаць? – ледзь не крыкнуў са злосцю Рыбак і змоўк, вылаяўшыся пры сабе: чорт з ім! Не хоча – ягоная справа; Рыбак жа будзе змагацца за сябе да канца.
Сотнікаў задыхаў цяжэй, ад хвалявання ці ад знямогі, зрабіў спробу адкашляцца – у грудзях яго страшна захрапло, Рыбак аж спалохаўся: памірае, ці што? Але ён не паміраў і неўзабаве, саўладаўшы з дыханнем, сказаў з рашучасцю ў голасе:
– Дарма паскудзішся, во што! Паганіш армейскі гонар. Жывымі яны нас не пусцяць.
– Як сказаць. Калі пастарацца...
– Для каго старацца?! – ледзь не крыкнуў Сотнікаў і задыхнуўся. Хвілінку ён пакутна кашляў, пасля хвіліну зморана дыхаў, потым сказаў надта змораным голасам: – Не ў карты ж гуляць яны цябе ў паліцыю завуць.
Мабыць, не ў карты, пагадзіўся ў думках Рыбак. Але ён ішоў на гэтую гульню, каб выйграць сабе жыццё – хіба гэтага мала? А там яно будзе відаць, толькі б не забілі, не закатавалі. Толькі б вырвацца з гэтае клеткі, а чаго благога ён сабе не дазволіць. Хіба ён вораг сваім?
– Не бойся, – сказаў ён. – Я таксама не лыкам шыты.
Сотнікаў засмяяўся аслабелым, ненатуральна кароценькім смехам, які прагучаў, нібы енк.
– Дзівак! З кім ты ўздумаў цягацца?
– А вот пабачыш.
– Гэта – машына! Або ты будзеш служыць ёй, або яна сатрэ цябе ў парашок! – задышліва прасіпеў Сотнікаў.
– Я ім паслужу!
– Толькі пачні!
Не, відаць, з ім не згаворышся, з гэтым дзіваком чалавекам, – падумаў Рыбак. Як у жыцці, так і перад смерцю ў яго на першым месцы ўпартасць, нейкія там прынцыпы, а ўвогуле ўся справа ў характары – так разумеў Рыбак. Але каму не вядома, што ў той гульні, якая завецца жыццём, куды з большым выйгрышам аказваецца той, хто ўмее хітраваць, хто дбае пра свой лёс, а не пра свой не заўсёды здаровы гонар. Ды і як жа інакш? Сапраўды, фашызм – машына, якая здратавала сваімі калясьмі паўсвету і бадай усю Эўропу, хіба можна ўвесь час бегчы ёй напярэймы і размахваць голымі рукамі? Можа, куды здатней будзе паспрабаваць ціхенька сунуць ёй між колаў якую-небудзь патарчаку; глядзі – забуксуе і тым дасць магчымасць уратавацца.
Сотнікаў змоўк ці, можа, забыўся ў знямозе, і Рыбак перастаў лезці да яго з размовай. Хай робіць, як знае, – Рыбак жа будзе кіравацца сваім розумам.
Ён скурчыўся на баку, паставіў каўнер кажушка. Пакуль што няблага было б падрамаць якую гадзіну, каб яснейшая стала галава, бо неўзабаве, мусіць, прыйдзецца папацець, каб як абысці свой лёс. Аднак ён верыў у сваю шчаслівую зорку і патроху ўпэўніваўся, што ягоныя адносіны з паліцаямі павярнулі ў патрэбны кірунак, якога і трэба пакуль што трымацца. Калі б толькі Сотнікаў сваёй недарэчнай упартасцю не сапсаваў яму ўсе разлікі. Але, мусіць, Сотнікаў доўга не працягне – на тое была ўся надзея. Дзіўна гэта было і незвычайна – жадаць смерці таварышу, але, пэўна, інакш не выпадае.
Задумаўшыся, Рыбак не адразу пачуў, як нешта ціхенька шкрабанула па ягоным боце, потым яшчэ раз. Ён варухнуў нагой і тады выразна пачуў пацука – шэры камяк матлянуўся ад бота да сцяны і стаіўся там; хвост яго тонкім кончыкам пугі насцярожана пралёг на саломе. Скалануўшыся ад гідлівага спалоху, Рыбак піхнуў туды абцасам – пацук піскнуў і шмыгануў некуды ў цёмны кут. Па шастанню саломы Рыбак адчуў, што ён там не адзін. Мусіць, трэба было чымсь шпурнуць у іх, ды нічога не траплялася пад рукамі. Тады Рыбак сарваў з галавы шапку і кінуў яе ў кут.
Калі там прыціхла, ён на кукішках споўзаў па шапку і зноў прыхінуўся плячамі да халоднай мураванай сцяны. Аднак спакой яго ўжо мінуўся, спаць ён не мог. Чакаючы новай атакі грызуноў, захінуў шынялём босую нагу Сотнікава і з незразумелым гідлівым страхам пачаў узірацца ў кут. Не мінула і хвіліны, як там падазрона заварушылася, зашкрэбла – мабыць, вылазілі зноў. Рыбак памацаў па сцяне рукамі, у адным месцы адкалупаў кавалак тынкоўкі, разламаў яго пальцамі і пачаў час ад часу шпурляць у кут – палохаць пацукоў.