– Ну, – ціха пацвердзіла дзяўчынка.
– А-я! Мэера ж тады застрэлілі з усімі. Як жа ты ацалела? Мусіць, схавалася дзе?
У адказе было ціхае, насцярожанае, а можа, недаверлівае, маўчанне. Зрэшты, Рыбак ужо не чакаў яе адказу, ён раптам згубіў усякую цікавасць да гэтай дзяўчынкі, устрывожаны іншым: чаму яе сюды прывялі? У склепе ж былі, напэўна, і яшчэ месцы, недзе паблізу сядзелі жанчыны – навошта дзяўчынку падсадзілі ў мужчынскую камеру? Які ў гэтым сэнс?
– І чаго ім трэба ад цябе? – тым часам распытваў Басю Пётра.
– Каб сказала, у каго хавалася.
– А-а, во як! – зразумеў у кутку Пётра. – Ну што ж... Гэта так. А ты не сказала ж?
Бася зацялася, нібы і не дыхала, абмерла і маўчала.
– І не кажы, – проста адобрыў стараста. – Нельга такое казаць. Людзі дабро зрабілі, дык і маўчы. Калі і біць будуць. Ці, мусіць, цябе ўжо білі?
Замест адказу ў парозе пачуўся хліп, за якім прарваўся нясцерпны, балючы плач. Ён быў кароценькі, але столькі дзіцячай роспачы вылілася ў ім, што ўсім у гэтай камеры зрабілася ніякавата.
Сотнікаў на саломе нібы ачнуўся і на момант зацяў дыханне.
– Рыбак!
– Я тут.
– Там вада была.
– Што, піць?
– Дай ёй вады. Ну што ж ты сядзіш!
Намацаўшы пад сцяной кацялок, Рыбак пацягнуўся ў парог да дзяўчынкі.
– Не плач. На вады.
Бася трохі папіла і адразу неяк суцішылася.
– Ідзі да мяне, – паклікаў Пётра. – Тут во месца ёсць. Будзем сядзець. Во ля сцяны дзяржыся.
Дзяўчынка ўстала і, нячутна ступаючы ў цемры босымі нагамі, паслухмяна перайшла да старога. Той трохі пасунуўся, даў ёй месца поруч з сабой.
– Да-а! Папаліся... Што яны яшчэ зробяць з намі?
Рыбак засяроджана маўчаў, не маючы ахвоты падтрымліваць размову; побач ціхенька стагнаў Сотнікаў. Яны чакалі. Уся іх увага цяпер міжвольна засяродзілася на прыступках – адтуль ішла бяда.
І сапраўды, чакаць яе доўга не давялося.
Праз якую гадзіну там затупацелі знаёмыя крокі, пачулася злосная гамонка: «Ідзі, ідзі!» – «Каб цябе так у пекла гналі, нячысцік!» – «Ану, варушыся, а то як дзвіну!» – злосна прагырчаў мужчынскі голас. На прыступках затупалі, замацюкаліся. Сумнення не было – гэта вялі Дзёмчыху.
Але чамусьці яе таксама не пагналі ў ранейшую камеру – крокі спыніліся ля іхніх дзвярэй, загрымеў засоў, і той самы, ужо добра знаёмы ім Стась піхнуў Дзёмчыху цераз парог. Жанчына спатыкнулася, зачапілася за Рыбаковы ногі, упала і голасна залямантавала ў цемры:
– Куды ты піхаеш, нягоднік! Тут мужыкі, а Божачка мой!..
– Давай, давай! Чорт цябе не возьме! – прыкрыкнуў Стась. – Да ранку перабудзеш!
– А ўранку што? – запытаў Рыбак, раптам учуўшы нейкі намёк у голасе паліцая.
Стась ужо прычыніў быў дзверы, але зноў расчыніў іх і гаркнуў у шчыліну:
– А ўранку грос алес капут – во што? Фарштэйн?
«Капут? Як капут?» – трывожна пранеслася ў збянтэжанай свядомасці Рыбака. Але сэнс гэтага слова быў надта выразны, каб доўга сумнявацца ў ім, і гэтая яго выразнасць ударыла, як аглаблёй па галаве. Значыць – уранку канец!
Амаль не адчуваючы сябе, Рыбак механічна падцягнуў ногі, даў прымасціцца ля парога жанчыне, якая ўсё хліпала, смаркалася, нарэшце пачала ўздыхаць – спакойнець...
Хвіліну яны ўсе маўчалі, потым Пётра памяркоўна разважыў:
– Што ж зробіш, калі папаліся. Адкуль ты, жанчынка?
– З Паддуб’я, калі ведаеце.
– Ведаю, а як жа. Чыя ж ты там будзеш?
– Ды Дзёмкі Вокуня жонка.
Імкнучыся як-небудзь прыцяць у сабе нядобрыя прадчуванні, Рыбак пад сцяной пачаў прыслухоўвацца да Дзёмчыхі. Чамусьці ён не хацеў адзывацца, тым болей што Дзёмчыха, мабыць, не пазнала яго ў цемры. Але яны пазнаёміліся ўжо з яе сварлівым характарам, і цяпер, апынуўшыся ў такім становішчы, Рыбак думаў, што гэтая цётка яшчэ ўчыніць ім тут скандал – было за што. Але яна памалу спакойнела, яшчэ раз высмаркалася. Голас яе пакрысе рабіўся цішэйшы, такі, якім яна размаўляла з імі ў вёсцы. Хіба толькі трудныя паўзы між яе адрывістых фраз сведчылі пра яе перажыванні.
– Дзяла, – заклапочана сказаў Пётра. – А Дзёмка ў войску?
– Ну. Дзёмка там недзе горачка прымае, а з мяне тут знушчаюцца. Забралі во! Дзяцей на каго пакінулі? Як яны будуць там без мяне! Ой, дзетачкі мае родненькія!..
Толькі што сціхшы, яна загаласіла-заенчыла зноў, і гэты раз ніхто яе не суцяшаў, не супакойваў – было не да таго. У камеры злавесна гучалі страшныя словы Стася; яны прыгнялі, устрывожылі, змусілі нядобра апанурыцца ўсіх, апроч хіба старасты, які аставаўся знешне спакойны і разважлівы. Між тым Дзёмчыха неяк нечакана, нібы ўсё выплакаўшы, паўздыхала і спакойней ужо зазначыла: