Неўпрыцям неяк Рыбак, здаецца, заснуў, як сядзеў, скурчыўшыся пад сцяной. Зрэшты, наўрад ці гэта быў сон – хутчэй забыццё на якую гадзіну; неўзабаве трывога адагнала яго, і Рыбак прахапіўся, не адразу разумеючы, дзе ён. Побач у цемры ціхенька шапацела размова, чуваць быў знаёмы дзіцячы голас, які напомніў яму пра Басю. Часам яго перапыняў хрыпаты старэчы шэпт – гэта ўстаўляў сваё слова Пётра. Рыбак таксама ўслухаўся ў сцішаны шапоткі расказ, падобны да шамацення саламянай страхі на ветры.
– Спярша хацела бегчы за імі, як іх павялі. Выскачыла з гародчыка, а цётка Праскоўя кажа: «Нізашто не хадзі – хавайся!» Дык я пабегла назад, цераз гароды, улезла ў лазовы куст. Можа, знаеце, вялікі такі куст лазняку ў канцы гародаў ля рэчкі? Густы-густы. За два крокі сцежачка на кладку. Як сядзіш ціха, не шавелішся, ніколечкі цябе не відно. Я ўлезла, выграбла месцейка ў леташніх лісцях і пачала ждаць. Думала – як мамка вернецца, пазаве, я ўчую. Ждала-ждала, не заве. Ужо і сцямнела, зрабілася страшна, усё здавалася – нешта шавеліцца, ходзіць, а то стане, слухае. Думала, воўк. Так ваўкоў баялася – страх. І не заснула ніколечкі. Як стала віднець, тады трохі заснула. А як прачнулася, так есці захацелася. Але ж вылезці з куста баюся. Чутно – на вуліцы гамонка, нейкія падводы, з хат местачковых усё выгружаюць, кудысь вязуць. Так я сядзела і сядзела. Яшчэ дзень, яшчэ ноч. І яшчэ не помню ўжо колькі. На сцежцы, калі бабы ходзяць на кладку, дык мне іхнія ногі відаць праз лісце. Але ўсе мінаюць. А мне так есці хочацца, што ўжо і вылезці не магу. Сяджу ды плачу ціхенька. А раз нехта ля куста стаў, я сціснулася ўся, ляжу і не дыхаю. І тады чую ціхенька: «Бася, а Бася!» Хацела спалохацца, але голас добры такі, знаёмы. Гляджу – цётка Праскоўя нагнулася...
– А ты не кажы хто. Нашто нам пра ўсё знаць, – ціха перапыніў яе Пётра.
– Ну дык цётка дае мне клумачак, а там хлеба трохі і сала. Я як узяла яго, дык усё і з’ела за раз. Хлеба толькі асталося. А тады як стаў жывот балець... Я ўжо так хацела памерці. Прасіла і маму, і Бога – смерці прасіла.
Рыбак пад сцяной неўпрыцям скалануўся – так гэта прагучала знаёма і натуральна па-старэчы, нібы перад імі спавядалася якая старая, а не трынаццацігадовае дзяўчо. І адразу гэтыя яе словы нагадалі Рыбаку адну бабку ў нейкай вёсцы па той бок чыгункі. Яны тады выйшлі з лесу спытаць пра немцаў, ну і падсілкавацца, вядома. У хаце нікога не аказалася, адна гэта забытая бабуля сядзела на печы, звесіўшы на пяколак босыя ногі. З гадзіну яны курылі і слухалі яе скаргі на Бога, які не дае ёй смерці і гэтак пакутна расцягнуў яе бязрадаснае жыццё. Апынуўшыся адна, без радні, яна яшчэ пасля той вайны прыбілася да малазнаёмых чужых людзей, якім трэба было падгадаваць дзяцей і дагледзець ля хаты. Думалі, гадоў тры-пяць старая паклемаецца, за той час падрастуць дзеці, а там прыйдзе час і на могілкі. Але смерць да яе не прыйшла ні праз пяць, ні праз пятнаццаць гадоў, задоўжылася бабка на гэтым свеце ў чужых людзей, за той час павырасталі малыя, забілі на вайне гаспадара, гаспадыня ледзь магла пракарміць сябе – што ёй было да бабкі? А смерць усё не ішла. Развітваючыся тады, кожны з іх па шчырасці жадаў ёй як мага хутчэй скончыць свае турботы на гэтым няласкавым свеце. А цяпер вось зноў тое самае. Толькі ж гэта дзіця.
Што дзеецца на свеце.
– А тады мне лепей стала. Раз дужа напужалася ўранку. Толькі заснула – здалося, звер нейкі крадзецца па беражку пад кустом. Аж гэта кот. Вялізны такі шэры кот, з мястэчка, мусіць, астаўся адзін, ну і шукае сабе пракорму. Рыбу ловіць. Замрэ на беразе, угледзіцца ў ваду, а потым як скоча! Вылезе – і ў зубах ужо рыбінка. Вот, думаю, каб мне так налаўчыцца. Хацела я адабраць рыбку, ды не паспела, уцёк кот і пад другім кустом з’еў усю, і хвосціка не асталося. А потым мы з ім падружыліся. Прыйдзе калі ўдзень, улезе ў куст, ляжа поруч і мурлыкае. Я гладжу яго і трошкі сплю. А ён чуткі такі. Калі хто дзе паблізу акажацца, адразу натапырыцца, і я ўжо знаю: трэба баяцца. А як дужа голад даняў, вылезла ноччу ў гарод, што паблізу, здаецца, Арона крывога. Агуркі там былі яшчэ, семянныя каторыя, морква. Дык я нарву і ем. А кот усё глядзіць і мяўкае. Але кот не есць гародніны. Так мне шкада яго робіцца...
– Хай бы мышэй лавіў, – азвалася ў цемры Дзёмчыха. – У нас, там, у Паддуб’і, у адных была кошка, дык зайчанят насіла дамоў. Яй-богу, не лгу. А раз прывалакла зайца, ды на гарышча не ўсцягнула. Раніцай выйшаў Змітра, глядзіць заяц пад вуглом ляжыць.
– А, дык то, мусіць, у яе кацяняты былі, – здагадаўся Пётра.
– Ну, кацяняты.