Выбрать главу

– Дык то панятна. Тут ужо кацянятам старалася. Як маці каторая... Ну, а пасля ж як ты?

– Ну, так і сядзела, – ціхенька і даверліва гаварыла Бася. – Цётка... Ну, тая самая, яшчэ колькі разоў хлеба выносіла. А потым дужа сцюдзёна стала, дождж пайшоў, пачало лісце ападаць. Увечары, як дождж пайшоў, залезла ў нечую асець. Там пераседзела дні тры. Ды вобыск быў. Шукалі нейкае збожжа і чуць мяне не знайшлі. Тады я перайшла ў хлеў...

– А Божухна! Во намучылася, бедная! – уздыхнула Дзёмчыха.

– Ну. Але там цёпла было.

– А як жа з харчам? Ці даваў хто?

– Не, я не паказвалася.

– Ой, да чаго людзей давялі, Божа, Божа! І хто ж злавіў цябе?

– Ды немцы ж. Заспала аднаго разу – ужо снег быў. Выскачыла, каб перабегчы на другі бок вуліцы – там стаяў дом, і мяне ў тым доме потым хавалі. Толькі вуліцу перабегла, а тут яны. Як крыкнулі, я за клён захінулася, тоўсты такі клён...

– Ай, мусіць, напроці аптэкі, ага? – здагадалася Дзёмчыха. – Дык то ж Ігналя Супрон жыў.

– А табе што? – няласкава перапыніў яе Пётра. – Хто ні жыў, ці не ўсё роўна. Нашто пытацца?

Дзёмчыха пакрыўдзілася:

– Дык а што я? Калі і сказала, дык што?

– Анічога! – строга абарваў яе былы стараста. – Ну дык як яно далей? Расказвай, усё скарэй ноч мінецца.

«Іш ты, стары індык, – падумаў Рыбак. – Яму ноч мяшае. Нешта ён надта падазрона чакае таго заўтра. Ці, можа, думае, што заўтра яго выпусцяць?»

Але заўтра наўрад ці будзе ім радасць.

Рыбак хацеў перапыніць Басю – навошта тут было расказваць усё тое? Каму не вядома, што і ў сцен часам ёсць вушы. Але пагадзя разважыў: мабыць, позна ўжо нешта таіць, чаго асцерагацца. Калі Стась сказаў праўду, дык заўтра ўсім будзе крышка. Не пакінуць нікога.

– Ну, закрычалі, а я ўцякаць. Бегла, бегла па снезе, аж пакуль не ўпала за гародамі. Да лесу не дабегла. Ну, яны і схапілі мяне за рукі, прывялі сюды. Тут білі дужа. А пасля... Ай-ай!

Бася спалохана крыкнула на ўвесь голас, Пётра, чуваць было, падхапіўся з месца, і Рыбак зразумеў: пацукі. Абнаглелі ці згаладнелі ўжо так, што перасталі баяцца і людзей. Стары ўстаў і ботам некалькі разоў тупнуў у куце. Бася, ускочыўшы, стаяла на сярэдзіне, захінаючы светлы квадрат акна, і калацілася ад страху.

– Яны ж кусаюцца! Яны ж мае ногі пагрызлі. Я ж іх баюся, а дзядзечка!..

– Нічога, не бойся. Пацукі што? Пацукі не страшныя. Укусяць, ну і што? Гэткай бяды. Ідзі во ў мой кут сядай. А я тут... Я іх, халераў!..

Ён патупаў яшчэ, паварушыў там у куце і сеў. Бася прыткнулася на яго належаным на саломе месцы. Сотнікаў быццам бы спаў. Насупраць то ўздыхала, то смаркалася ў хустку Дзёмчыха – мусіць, плакала.

– Так, што ж... Што ж цяпер зробіш? – пытаўся ў кагось Пётра і сам сабе адказваў: – Нічога не зробіш. Цярпі, нямнога асталася.

Яму ніхто не адказаў, стала ціха. Рыбак вальней выцяг к парогу ногі, думаў заснуць у спакоі, але сон да яго не ішоў – свядомасць тачыла нязбыўная, як боль, трывога.

Перад ім быў абрыў.

Ён выразна адчуў гэта, асабліва цяпер, уначы, у хвіліны спакою, і думаў, што нічога ўжо зрабіць нельга. Гэтае пачуццё непапраўнасці рэдка калі так апаноўвала яго нават на вайне; усюды і заўжды ён умеў знайсці нейкае выйсце, але не цяпер. І яму пачало рабіцца страшна, як у тую незабыўную з дзяцінства хвіліну, калі жах ахапіў яго так моцна, што перасіліў і розум.

Праўда, тое было даўно, у пару яго вясковага маленства – што было ўспамінаць пра яго? Але чамусьці ўспаміналася міжволі, бо, мусіць, той выпадак меў нейкую еднасць з яго цяперашнім станам.

Здарылася гэта яшчэ да калгасаў. У іх быў ладны буланы конік, старанны і цягавіты, хіба трохі малады і залішне рухавы. Аднак Коля Рыбак з ім ладзіў няблага. У вёсцы хлапчукі рана бяруцца за сялянскую працу, у свае няпоўныя дванаццаць год Коля ўжо спрабаваў памалу і касіць, і араць, і баранаваць. Умеў ужо запрэгчы і распрэгчы, не хапала сілы хіба што засупоніць хамут, трэба было клікаць каго з дарослых, але спакваля навучыўся і гэтаму. Мусіў вучыцца, бо працы хапала, – бацька меў тры надзелы зямлі, каб абрабіць яе, ніхто ў іх сям’і не знаў перадыху ніколі.

Тады з поля вазілі снапы.

Гэта была ўжо зусім хлапчукоўская справа. Увесь дзень Коля тросся ў пустой дрогкай брыцы цераз поле пад параснікі, затое адтуль, седзячы на высокім возе са снапамі, важна ехаў у вёску на сваё гумно. Дарога была знаёмая, вывучаная да апошніх драбніц. Ён ведаў на памяць, дзе трэба павярнуць крыху ўбок, дзе ехаць па каляінах, як абмінуць глыбокую з вадой рытвіну ў лагу. Самым небяспечным месцам была Капцова гара – касагор, спуск і вузкі ўзровак па-над абрывам. Але і там Коля ўпраўляўся няблага, брыка толькі хілілася, конік трымаў, хоць хамут часам наязджаў на ягоную галаву да самых вушэй. Усё абыходзілася добра. Той раз бацька падбіраў апошнія бабкі ў канцы нівы і, відаць, наклаў у брыку трохі залішне – ледзь хапіла вяроўкі, каб увязаць воз. Да яго на самы верх узлезла яшчэ сямігадовая сястрычка Маня і суседская дзяўчынка Люба. Суседзі, Міходзя з жонкай, таксама скончылі працу і пайшлі дамоў пешкі.