Выбрать главу

Адважыцца на тое было нялёгка. Прыблізна ён ужо мог меркаваць, як да таго паставіцца бацька, але іншага выйсця ў яго сапраўды не было. Пакуль набраўся рашучасці, мінула гадзіна ці болей, і, нарэшце, сам не свой ён адчыніў дзверы ў каморку.

Бацька ўжо працаваў. Як заўжды, нізка схіліўшыся над падаконнікам, засяроджана калупаўся ў гадзінніку. Правая яго рука ў чорнай пальчатцы бяссільна ляжала на каленях, а левая спрытна калупала, вінціла, разнімала і складвала розныя маленькія штучкі, з якіх складаўся гадзіннік. На сценах няўлад адзін аднаму матлялі маятнікамі, ляскалі і цікалі два дзесяткі гадзіннікаў – ад танных, размалёваных па цыферблаце ходзікаў да спаважнага, у грувасткім футарале кутавіка з басавітым працяглым боем. Бацька не павярнуўся на яго ўваход, не падняў галавы, але пазнаў сына і зусім не да ладу цяпер запытаўся бадзёрым голасам:

«Ну, як справы, малады чалавек? Адолеў марыніста?»

Хлопчык праглынуў даўкі камяк – напярэдадні ён узяўся чытаць Станюковіча. З іншых кніжак, што ляжалі ў вялізным дзедавым сундуку-куфры, ужо мала што асталося не прачытанае ім, хіба што збор твораў Пісемскага і некалькі томікаў Станюковіча, адзін з якіх і выбраў яму надоечы бацька. Але цяпер было не да кніжак, і ён сказаў:

«Тата, я браў твой маўзер».

Бацька матнуў галавой, хутка паклаў пінцэт, звыклым рухам рукі зняў адны акуляры і цераз другія строга паглядзеў на сына.

«Хто дазволіў?»

«Ніхто... І ён стрэліў», – запалым голасам выціснуў з сябе сын.

Нічога болей не кажучы, бацька ўстаў і выйшаў з пакоя. Ён жа астаўся стаяць ля дзвярэй з такім адчуваннем, нібы яго павінны зараз пакласці пад нож гільяціны. Але ён ведаў, што вінаваты, і гатоў быў прыняць самую бязлітасную кару.

Неўзабаве бацька вярнуўся.

«Ты – шчанюк! – сказаў ён з парога. – Нявыхаваны, распешчаны смаркач! Як ты пасмеў без дазволу дакранацца да баявой зброі? Якое ты меў права лезці, як злодзей, у камод?»

Бацька доўга і бязлітасна крычаў на яго – і за неасцярожнасць, і за стрэл, які мог учыніць няшчасце, а найбольш за таемны намер, свавольства. Ён дасканала разабраў усе незайздросныя маральныя аспекты яго ўчынку і нарэшце сказаў:

«Адзінае, што змякчае тваю віну, дык гэта тваё прызнанне. Толькі гэта цябе ратуе. Зразумеў?»

«Ну».

«Калі сам, вядома, надумаўся. Сам?»

Адчуваючы, што канчаткова гіне, хлопчык матнуў галавой, і бацька, трохі спакайнеючы, трудна, працяжна ўздыхнуў:

«Ну і то дзякуй!»

Гэта было ўжо занадта – міжвольнай хлуснёй купляць бацькаву падзяку; у вачах у яго пацямнела, кроў хлынула да твару, і ён стаяў, не могучы ступіць кроку з месца.

«Ідзі гуляй», – сказаў тады бацька.

Так увогуле лёгка абышлося яму тое непаслушэнства – пакаранне дзягай яго мінавала, але яго маладушны ківок балючаю драпінай астаўся саднець у душы. З таго часу ён ні ў чым і ніколі не схлусіў ні бацьку, ні каму другому, за ўсё трымаў адказ, гледзячы людзям у вочы, – надта добра ён памятаў пакутную цану аслушэнства і маладушнае свае без’языкасці. Ён не ведаў пэўна, але, мабыць, і маці не сказала бацьку, па чыёй ініцыятыве адбылося тое прызнанне. Са шчаслівай упэўненасцю ў добрасумленнасці сына так і скончыў свой шлях на зямлі гэты кавалерыйскі камандзір, інвалід вайны і гадзіннікавы майстра, усцешаны перад смерцю надзеяй, што сыну дастанецца лепшая доля. І вось дасталася...

17

У ранішняй дрымотнай цішыні выразна затупалі боты, зверху глухавата данесліся галасы, гучней заляскалі дзверы. Тут, у склепе, найбольш былі чутны гэтыя дзверы, часам ад іх асабліва моцнага стуку ажно сыпалася са столі. Рыбак не спаў – падкурчыўшы ногі, моўчкі ляжаў на баку пад сцяной і слухаў. Цяпер уся яго ўвага перайшла ў слых. У акенцы патроху святлела, мусіць, на дварэ ўжо развіднялася, і ў гэтай іхняй каморы таксама стала што-колечы бачна. З ранішняй шэрасці вынікалі бязладныя, нібы скамечаныя постаці арыштантаў: Дзёмчыхі пад сцяной насупраць, далей у куце патроху варушылася высокая кучомка Пётры; Басі, праўда, амаль не было відаць у густым яшчэ змроку пад акенцам. Сотнікаў, як і раней, ляжаў на спіне побач і дыхавічна сіпеў. Каб не гэтае яго сіпенне, можна было б падумаць, што ён нежывы. Наставаў трудны, мабыць, апошні, дзень іх жыцця, яны ўсе адчувалі тое і прымоўклі, кожны паасобку перажываючы сваю паныласць і сваю бяду.

Боты наверсе затупалі часцей, усё грукалі дзверы. І раптам у склеп уварвалася гамана з панадворка. Рыбак падняў голаў, прыпёрся патыліцай да сцяны. Слоў нельга было разабраць, але было відавочна, што паліцаяў там назбіралася больш, чым учора. Што яны ўдумалі рабіць? І чаму ніхто яшчэ не спусціўся ў склеп? Быццам забыліся на іх.