– Ну паклічце Партнова. Я вас прашу. Людзі вы ці не?
Але да Партнова, мусіць, было далей, чымсі да смерці. Ніхто яму не адказаў нават.
Між тым рукі яго былі ўмела і туга скручаны тонкай вяроўчынай, якая балюча ўелася ў скуру, і яго адпіхнулі ўбок. Узяліся за Дзёмчыху.
– Ты, кліч сюды следчага, – з апантанай настойлівасцю патрабаваў Сотнікаў ад Стася, які з вінтоўкай за плячом завіхаўся ля Дзёмчыхі.
Але той нават не зірнуў на небараку, ён, як і ўсе яны тут, нібы аглух да іх просьбы, нібы гэта былі не людзі, а якая жывёла. І гэта яшчэ болей пераканала Рыбака, што справы іх дрэнь. Будзе смерць... Але як жа тады?.. Чаму ж ён не рашыўся, калі былі вольныя рукі?
Адчуванне адзіна зручнай і безнадзейна ўпушчанай магчымасці зусім прыдушыла яго. Нешта ў ім жаласна затрымцела ўнутры ад усведамлення нейкай сваёй памылкі, і ён разгубленым позіркам залыпаў наўкола. І тады на ганак адзін за адным з памяшкання пачало выходзіць начальства – нейкія чыны ў новай паліцэйскай форме: чорных караткаватых шынялях з шэрымі каўнярамі і такімі ж абшлагамі на рукавах, пры пісталетах; за імі выйшлі чацвёра немцаў, мабыць, афіцэраў, у даўгіх шынялях і фуражках з высока задраным верхам. Чалавекі са тры, апранутыя ў цывільныя паліто і захутаныя шалікамі, баязліва пазіралі на немцаў і трымаліся збоч, нібы госці, запрошаныя на чужое свята. Паліцаі на падворку зважліва пацішэлі, прыкметна выцягнуліся.
Нехта спяшаючыся палічыў ззаду:
– Раз, два, тры, чатыры, пяць...
– Усё гатова? – запытаў з ганка плячысты паліцай з маленькім кабурам на жываце.
Менавіта гэты кабур, а таксама постаць дужага, віднага сярод другіх чалавека далі Рыбаку зразумець, што гэта начальнік. Толькі ён падумаў пра гэта, як ззаду сіпата загаманіў Сотнікаў:
– Начальнік, я маю зрабіць паведамленне!
Той адразу спыніўся на прыступках, калянуў арыштанта цяжкім уладным позіркам.
– Што такое?
– Я параніў вашага паліцая. Я партызан! – не дужа гучна сказаў ён і кінуў у бок Рыбака: – Той выпадкам тут апынуўся, я магу растлумачыць. Астатнія зусім ні пры чым. Калі караць, дык карайце аднаго мяне.
Начальства на ганку прымоўкла, двое пярэдніх немцаў насцярожана пераглянуліся, Рыбак адчуў, як прыемная, амаль выратавальная іскрынка ўзгарэлася ў ім і адразу запаліла слабенькую яшчэ надзею: а можа, павераць? Ад гэтага яго радаснага пачуцця з’явілася ціхая ўдзячнасць Сотнікаву за яго заступніцтва.
Аднак насцярожаная цікаўнасць начальніка хутка змянілася нецярплівай строгасцю ў яго цвёрдым, поўным рашучасці позірку.
– Гэта і ўсё? – холадна запытаў ён і саступіў з прыступкі на снег.
Сотнікаў нібы заікнуўся ад нечаканасці.
– Магу расказаць падрабязней.
Адзін з немцаў незадаволена буркнуў, і начальнік махнуў рукой.
– Вядзіце!
«Ось так, не хоча нават і слухаць...» – падумаў Рыбак. Мабыць, ужо ўсё вырашана загадзя. Але як жа тады ён? Няўжо яму так нічым і не паможа гэтае заступніцтва Сотнікава?
Тупаючы па драўляных прыступках, паліцаі сходзілі з ганка, і раптам у адным з іх, што гэты раз таксама быў у новенькай паліцэйскай форме, Рыбак пазнаў Партнова. Ну безумоўна, гэта быў той самы ўчарашні следчы, які гэтак абнадзеіў яго і цяпер нібы адступіўся, забыўшыся на сваю прапанову. Рыбак як згледзеў яго, дык ажно страпянуўся і памкнуў наперад. Была не была – цяпер яму ўжо не здавалася ні страшна, ні нават няёмка.
– Гаспадзін следчы, гаспадзін следчы! Адну хвілінку! Вы гэта ўчора гаварылі, дык я згодны. Бо я тут, яй-богу, ні пры чым. Вунь ён жа пацвердзіў.
Чыны, што ўжо кіравалі купкаю са двара, зноў незадаволена, па адным сталі спыняцца. Спыніўся і Партноў. Новы паліцэйскі шынелак быў яму яўна вялікі і даволі нязграбна сядзеў на яго мізэрнай постаці, чорная пілотка тырчала ўбок, але ў абліччы следчага яшчэ пабольшала начальніцкай важнасці, нейкай паказной суровасці. Высокі перахлябісты немец у вайсковым запытальна павярнуўся да яго, і следчы нешта бойка растлумачыў яму па-нямецку.
– Падыдзіце сюды!
Пры пільнай увазе з абодвух бакоў Рыбак падышоў бліжэй да ганка. Кожны яго крок нейкім страхавітым шматзначным ударам адгукаўся ў ягонай душы. Нітачка яго яшчэ не ўзмацнелай надзеі напялася, гатовая назаўжды абарвацца.
– Вы згодны ўступіць у паліцыю? – па-ўчарашняму жорстка свідруючы яго вочкамі, запытаў следчы.
– Згодзен, – з усёю шчырасцю, на якую толькі быў здольны, адказаў Рыбак.