Ён таксама не зводзіў свайго амаль адданага позірку з нясвежага і немаладога, хоць і добра паголенага твару Партнова. Той і немец яшчэ нешта перагаварылі па-нямецку.
– Так. Развязаць!
– Сволач! – як удар, стукнуў яго ў патыліцу нягучны злы вокліч. Гэта, вядома, Сотнікаў, які тут жа і выдаў сябе знаёмым кашлем.
Але хай! Нешта пагрозлівае і цяжкое, што гэтак блізка падступілася да Рыбака, стала аддаляцца, ён хапіў ротам паветра і адчуў, як нечыя рукі тузанулі ззаду вяроўку. Але ён не азірнуўся нават. У радасным нечаканым змярцвенні ён адчуваў толькі адно: будзе жыць! Развязаныя рукі яго збалела апалі ўздоўж цела, і ён зрабіў крок убок, падсвядома імкнучыся адасобіцца ад іншых, – цяпер яму карцела быць як мага далей ад усіх. Здаецца, усё было шчасліва і хутка вырашана, ён адышоўся яшчэ на тры крокі, і ніхто не спыніў яго. Нехта з начальства павярнуўся, каб ісці да варот, як раптам ззаду раздаўся здзічэлы крык Дзёмчыхі:
– Ага, дык яго пускаеце! Тады пусцеце і мяне! Пусцеце! Я скажу, у каго яна хавалася! Во гэта! Я скажу! У мяне малыя, а Божачка, на каго ж яны...
Яе роспачна адчайны крык зноў прымусіў усіх спыніцца, і найперш спыніўся Партноў. Высокі немец нешта незадаволена пракартавіў, і следчы падышоў да жанчыны.
– Ану, ану! Скажы, у каго?
– А развяжыце!
– Тарасюк! – кіўнуў галавой Партноў.
Паліцай, што вязаў Рыбака, падскочыў да Дзёмчыхі і хуценька вызваліў яе рукі ад вяроўкі. Тая разгублена ўзялася церці іх аб крысо кажушка. Але паліцаі і немцы чакалі са строгай нецярплівасцю на халодных, надзьмутых варожасцю тварах.
– Дык у каго хавалася? – напомніў Партноў.
– У гэтага, як яго...
– Дурное плявузгаеш, – ціха, але цвёрда сказаў Пётра. – Пабойся Бога.
– Дык гэта... У Хведара Бурака бытта.
– Якога Бурака? – нахмурыўся Партноў. – Бурака тут даўно ўжо і духу няма. Ану, падумай лепш.
Дзёмчыха патупілася і маўчала, а ўсе навокал напружана пазіралі на яе з варожасцю. Адзін толькі Рыбак быў да яе абыякавы – яму было ўсё роўна, ці яна скажа праўду, ці схлусіць. Вядома, бабе хочацца жыць, але ён ведаў ужо, што ашукаць іх трудна – тады нашто і пнуцца, не ўмеючы.
– Ну? – не трываў Партноў.
– Дык я ж сказала.
– Лжэш! Тарасюк!
Тарасюк, які напагатове стаяў за спіной жанчыны, усё зразумеў і ўчэпіста схапіў яе за рукі.
– Я ж сказала! Я сказала вам!! – закрычала Дзёмчыха. – Ах, каб вас пярун забіў! Што вы робіце? У мяне ж дзеці...
– Цыц, сука! – гыркнуў паліцай, бязлітасна падламваючы яе рукі. Дзёмчыха заенчыла, але хутка ўсё было скончана, і ён штурхнуў яе ад сябе. – Гатова!
– Вядзіце! – сказаў Партноў і павярнуўся да Рыбака. – Вы падсабіце таму, – паказаў ён на Сотнікава.
Рыбаку гэта мала спадабалася, ад Сотнікава цяпер ён хацеў трымацца далей. Але загад ёсць загад, і ён з гатоўнасцю падскочыў да нядаўняга свайго напарніка, узяў яго пад руку.
Праз шырока расчыненыя вароты іх павялі на вуліцу. Паліцаі з вінтоўкамі напагатове ішлі па абодва бакі, група начальства трохі прыадстала, прапускаючы іх наперад. Першы ішоў Пётра, высокі і стары, з белаю без шапкі галавой і заламанымі назад рукамі. За ім, давячыся ў плачы ад свае трагічнае роспачы, плялася Дзёмчыха, поруч у нейкай світцы з доўгімі рукавамі хуценька пераступала голымі нагамі апанураная Бася.
Рыбак падтрымліваў пад руку Сотнікава, які неяк увачавідкі сцяўся, яшчэ болей змарнеў і, пакутліва кашляючы, стыргікаў на адной назе. Счарнелая яго босая ступня, нібы нежывая, нягнутка калупала пальцамі снег, пакідаючы ў ім ненатуральны па зіме след. Сотнікаў маўчаў, ні словам болей не абзываўся да Рыбака, і Рыбак не наважваўся загаварыць з ім. Ідучы разам, яны ўжо сталі па розныя бакі той рысы, якая раздзяляла людзей на сяброў і ворагаў. Рыбак хоць і адчуваў, нібы ён у чымсь правініўся, стараўся пераканаць сябе, што вялікай віны ў яго няма. Вінаваты той, хто нешта робіць для выгоды сабе ці па сваёй злой волі для іншых, а ў яго хіба выгода? Проста ён меў болей магчымасцяў і схітрыў, каб выжыць. Але ён не здраднік. Ва ўсякім разе, служыць ворагам ён не збіраўся. Ён усё чакаў, каб падпільнаваць зручны момант, можа, цяпер, а можа, трошкі пазней, – і толькі яны яго ўбачаць.
Сотнікаў усё болей выразна адчуваў, што не дамогся нічога. Ягоны намер, які гэтак натуральна вынік уначы і прынёс яму заспакаенне, лопнуў, як мыльная бурбалка. Відаць, ён чагосьці не зразумеў або недадумаў, магчыма, ён перацаніў уласную вартасць або недацаніў нізасць гэтых прадажнікаў. Вядома, паліцыя была марыянеткай у руках у немцаў і таму ігнаравала яго паведамленне – напляваць ёй на тое, хто з іх двух вінаваты, калі прыйшоў адпаведны загад або з’явілася патрэба ў ахвярах.