Выбрать главу

Люта пакутуючы ад болю ў назе, Сотнікаў ледзьве плёўся за ўсімі, стараючыся не надта апірацца на чужую цяпер і агідную яму Рыбакову руку. З усяе сілы ён намагаўся ісці сам. Тое, што адбылося ў двары паліцыі, зусім збянтэжыла яго – такога ён не прадбачыў. Безумоўна, ад страху ці нянавісці людзі здольныя на самае чорнае прадажніцтва, але Рыбак, здаецца, не быў ворагам, таксама як не быў баязліўцам. Інакш ён мог бы ўжо сотні разоў перабегчы ў паліцыю; ды і каб спалохацца, было нямала выпадкаў, аднак заўжды ён трымаў сябе, прынамсі, не горш за другіх. Тут жа, напэўна, чагосць не хапіла яму – вытрымкі ці прынцыповасці. А можа, справа ў далёкім шкурніцкім разліку дзеля свайго паратунку, ад якога заўжды патыхае здрадай? Але ёсць жа на свеце штосьці непамерна важнейшае за сваю шкуру.

Гарачлівая ўзрушанасць яго паступова сціхала, ён мусіў мірыцца з непазбежнасцю і ў дадатак да ўсяго пачынаў пакутаваць ад сцюжы. Ад слабасці на лобе выступіў пот, які паволі сох на марозным ветры, і галава ад таго калела да ламаты ў мазгах. І наогул вецер, здаецца, дашчэнту выдзьмуваў з яго ўсё назапашанае за ноч цяпло, цела зноў пачала біць дрыготка. Але ён стараўся датрываць да канца.

На пустой местачковай вуліцы яны перайшлі масток без пярылаў, далей з аднаго боку пачынаўся вузенькі скверык з натапыранай блытанінай марознага галля ўгары. Наперадзе на пагорачку стала відаць белая двухпавярховая камяніца; шырокае палотнішча фашысцкага сцяга трапяталася на яе рагу – мабыць, гэта была тутэйшая ўправа ці камендатура. Ля камяніцы варушыўся натоўп людзей. Згледзеўшы іх цераз голавы пярэдніх, Сотнікаў падзівіўся: якая патрэба сабрала іх столькі ў адно месца? Пасля ён падумаў, што, мажліва, сёння кірмаш. А можа, што здарылася? Ці, хутчэй за ўсё, сагналі насельніцтва, каб запалохаць расстрэлам? Калі так, хай страляюць, ім яшчэ лягчэй будзе прыняць смерць на людзях. Што ж да страху, дык яго і так хапае на вайне, і тым не менш барацьба разгараецца. На змену пакараным прыйдуць другія. Смелыя заўсёды знойдуцца.

Яны пляліся далей. Сотнікава ступня, нібы пратэз, нягнутка выкручвала ямкі ў рыхлым, расцёртым палоззем і конскімі капытамі снезе, нага гарэла пякучым нутраным болем і нязграбна падпарадкавалася яму. Відаць, ён усё ж перабольшваў свае сілы, калі ў пачатку наважыўся ісці сам, – цяпер ён амаль віснуў, падчэплены пад паху цвёрдай рукой Рыбака. Ад мосціка было трошкі ўгору, і стала яшчэ трудней, дыханне яго захліпалася, дарога слізгала з-пад ног. Ён спалохаўся, што не дойдзе, упадзе, тады прыб’юць на дарозе, як апошняга «дахадзягу», у канаве. Не, гэтага ён не мог дазволіць сабе, гэта было занадта. Сваю смерць, якой бы яна ні была, ён павінен сустрэць з салдацкай годнасцю. Гэта стала цяпер галоўнаю мэтай яго апошніх хвілін.

Па дарозе яны ўзышлі на пагорачак, параўняліся з беленай камяніцай і сталі. Сотнікаў, трудна выдыхнуўшы, прытуманеным позіркам упёрся ў спіны пярэдніх, чакаючы, што неўзабаве зноў рушаць далей. Але канвойныя паліцаі таксама сталі, наперадзе пачулася нямецкая мова – некалькі чалавек, мабыць, начальства, асобнаю купкай чакалі каля будыніны. Насупраць цераз вуліцу ля штыкетніка, што агароджваў сквер, ля дзвюх аблезлых будак-ларкоў застылі ў нядобрай страхавітай увазе пяць-шэсць дзесяткаў людзей, якія таксама чагось чакалі. Стала падобна, што іх невялікая працэсія дашкандыбала да прызначанага ёй месца – дарогі далей ужо не будзе.

І тады Сотнікаў убачыў вяроўкі.

Пяць гнуткіх, дбайна завязаных петляў ціха пагойдваліся па-над вуліцай, нібы дэманструючы перад усімі адмысловую моцнасць тоўстых, спрытна завязаных вузлоў. Віселі яны на папярочыне старой, яшчэ даваеннай вулічнай брамы. Такая самая брама-арка была некалі і ў іх гарадку. Перад святам яе абкручвалі дзеразой ды хвояй, прыбівалі ўгоры лозунг, напісаны чарнілам на гладкім баку шпалерыны. Побач, на плошчы перад райвыканкомам, збіралі святочныя мітынгі, і праз невысокі пралёт той аркі ішлі калонамі вучні з дзвюх школ, рабочыя льнозавода, гуты і тарнага камбіната. Наверсе, на крыжавіне, звычайна гарэла зорка або трапятаў на ветры сцяжок, якія надавалі асаблівае хараство і закончанасць усяму гэтаму збудаванню. Цяпер жа там не было нічога, толькі з-пад счарнелых рэек-лучын выглядвалі парудзелыя папяровыя абрыўкі ды на слупе матляўся ад ветру нейкі аблезлы ласкут памерам з ражок піянерскага гальштука. Акупанты прынеслі на арку сваю аздобу – гэтыя пяць новенькіх, мабыць, спецыяльна дзеля таго выпадку выпісаных са склада, вяроўчын. Значыць, іх будуць вешаць. А ён думаў – расстрэльваць.